Другая частка культавай гульні S.T.A.L.K.E.R. выйшла 20 лістапада. А ўжо ў пачатку сьнежня зьявіўся яе беларускі пераклад. Яго зрабіў Зьміцер (поўнага імя не называем з прычын бясьпекі. — РС) з дапамогай штучнага інтэлекту, а пасьля дапрацаваў пераклад асабіста.
Зьмітру да 30 гадоў, больш за тры зь іх ён не жыве ў Беларусі. Для Зьмітра гэта ўжо трэцяя перакладзеная гульня, раней ён таксама пераклаў культавую RPG Baldur’s Gate 3, а таксама не самую папулярную Return of the Obra Dinn. Пераклад апошняй рабіўся ўручную, бяз штучнага інтэлекту. Ён пакуль не выйшаў.
«Мая праца ніяк не зьвязаная зь перакладамі, я займаюся аналізам дадзеных і працай зь лічбамі. Мне было цікава перакласьці, паўгода таму я пераклаў Baldur’s Gate 3 падобным шляхам. Там больш за 200 тысяч радкоў было, у S.T.A.L.K.E.R. 2 аб’емы былі меншыя», — падзяліўся энтузіяст са Свабодай.
Пасьля перакладу штучным інтэлектам Зьмітру давялося патраціць на вычытваньне больш за 50 гадзінаў. І праўкі ўсё яшчэ паступова ўносяцца. Штучны інтэлект перакладае з украінскай мовы на беларускую зь цяжкасьцю, таму давялося карыстацца і ўжо зробленай расейскай вэрсіяй.
«Няма пакуль інструмэнтару для розных рэжымаў гульні, трэба самому разабрацца, як гэта працуе. Шмат часу заняла чыста тэхнічная праца. Пасьля нейкія праблемныя месцы перакладаеш „рукамі“. Часам паўстае выбар, напрыклад трансьлітэраваць на беларускую мову імёны ці не», — кажа Зьміцер.
Файл з арыгінальным украінскім тэкстам і перакладамі на беларускую і расейскую мовы Зьміцер выклаў у вольны доступ. Прапановы туды могуць уносіць ахвочыя.
«Рабіў пераклад для сябе»
У S.T.A.L.K.E.R. 2 хлопец пагуляў пару гадзін, нашмат больш часу спатрэбілася, каб выпрабаваць пераклад непасрэдна ў гульні.
«Я чакаў, пакуль яна заладуецца, і правяраў, ці правільна ўсё напісана. Я размаўляў з гульнявымі пэрсанажамі, глядзеў, што няправільна. Выпраўляў відавочныя рэчы, некалькі чалавек мне дапамагалі. У асноўным я рабіў пераклад для сябе, але атрымаў вельмі станоўчую рэакцыю. Безумоўна, я разумею ўкраінскую мову. Аднак мне зручней пачуць нешта, але прачытаць па-беларуску», — гаворыць Зьміцер.
Пераклад гульні — гэта аналяг субтытраў да фільмаў. Агучваньне ў S.T.A.L.K.E.R. 2 у арыгінале ёсьць толькі на ўкраінскай і ангельскай мовах. Зьміцер раней цікавіўся падкастамі на беларускай мове пра гульні. Пасьля пачаў разумець, што ў прынцыпе мала гульняў ёсьць па-беларуску.
«Мне не праблема гуляць на ангельскай мове, але захацелася, каб была магчымасьць гуляць зь беларускай мовай, бо ў беларусаў нават няма такой магчымасьці. Таксама мне было цікава тэхнічна паспрабаваць гэта зрабіць», — працягвае Зьміцер.
Цяпер ёсьць каля двух дзясяткаў гульняў, перакладзеных на беларускую мову. З буйных гэта першы S.T.A.L.K.E.R., а таксама дадаткі да яго. Пераклад на беларускую мову ёсьць таксама ў гульні Skyrim, Stardew Valley.
Зьміцер спадзяецца, што ў будучыні ў беларусаў будзе магчымасьць знайсьці грошы і на прафэсійнае агучваньне гульняў на роднай мове. Сябе ён лічыць спрактыкаваным геймэрам. Гульні ў ягоным жыцьці займалі значную частку, цяпер жа на іх застаецца ня так шмат часу праз працу.
«Ня толькі пераклад, зрабіць гульню можа амаль кожны»
У сучасным сьвеце, па словах Зьмітра, ня толькі пераклад, але і кампутарную гульню зрабіць ня так цяжка. Для гэтага не абавязкова мець нейкія сакрэтныя веды. У прыклад суразмоўца прыводзіць картачную кампутарную гульню Balatro — адзін з намінантаў на найлепшую гульню году. Яе зрабіў адзін чалавек.
«Чыста тэарэтычна любы чалавек можа зрабіць гульню, гэта дае прастору для роздуму. Ня варта, вядома, змагацца з карпарацыямі зь мільённымі бюджэтамі і рабіць нейкія вялікія 3d-гульні. Аднак можа прыдумаць нешта цікавае ў стылі індзі-гульняў», — разважае Зьміцер.
Пакуль ён ня ведае, за пераклад якой гульні возьмецца далей. Магчыма, гэта будзе прыгодніцкая гульня пра Індыяну Джонса, якая выйшла 9 сьнежня. , магчыма, RPG Avowed, якая выйдзе налета.
«Пагляджу, наколькі вялікія файлы для перакладу, што напішуць гульцы і крытыкі. На рахунку ў мяне дзьве машынай перакладзеныя гульні і адна рукамі, дзякуй за апошнюю беларускаму вайсковаму слоўніку», — гаворыць Зьміцер.
Ягоны псэўданім — Трасянкус. Найперш, па словах хлопца — гэта самаіронія. А па-другое, гэта рэфэрэнс да кампаніі Фаргус, якая выпускала пірацкія пераклады гульняў на дысках у 1996–2005 гадах.
«Гэта такі рэфэрэнс да дзяцінства, і не заўжды гэтыя дыскі былі ад іх. Проста гэты лягатып клеілі на іх проста так», — успамінае Зьміцер.
На думку суразмоўцы, беларуская мова ў гульнях уплывае на яе пашырэньне і робіць больш простым выкарыстаньне ў паўсядзённым ужытку.
«Беларусы маюць права глядзець фільмы, чытаць кнігі і гуляць у гульні на беларускай мове — гэта базавыя рэчы. Аднак, па сутнасьці, гэтага права мы ня маем. З гульнямі пакуль гэта ніша аматарскіх перакладаў. Зь фільмамі наагул складана, бо зрабіць яго агучваньне і пракат легальна цяжка. З гульняў афіцыйная падтрымка беларускай мовы ад распрацоўнікаў дакладна ёсьць у гульні Factorio. Для іншых гэта дадатковыя „моды“», — кажа Зьміцер.
Цяпер пераклад S.T.A.L.K.E.R. 2: Heart of Chornobyl ад Трасянкуса праходзіць мадэрацыю на сайце Nexusmods, таму там ён часова схаваны. Пераклад дасяжны на гугл-дыску.
Сэрвіс Steam, дзе афіцыйна можна купляць гульні, не пакідаў цалкам Беларусь, але многія рэлізы ад папулярных там распрацонікаў нельга купіць з Расеі і Беларусі. Такая забарона ўведзеная пасьля нападу Расеі на Ўкраіну. Нельга купіць таксама і S.T.A.L.K.E.R. 2, калі Беларусь указаная як рэгіён.
Форум