Свабода расказвае, як дзяржава ўцягвае дзяцей і моладзь у прэзыдэнцкую выбарчую кампанію, навошта гэта патрэбна і як такія дзеяньні ўплываюць на маладое пакаленьне.
Прэзыдэнцкая выбарчая кампанія сёлета ў Беларусі закранае ня толькі на дарослых людзей. Ідэолягі выкарыстоўваюць у сваіх мэтах таксама дзяцей і моладзь. Школьнікаў вучаць, што нельга фатаграфаваць бюлетэні, прапануюць скласьці агітацыйную ўлётку і даведацца сэнс лёзунгу «Галасуй, інакш прайграеш». Дзяцей у садках зьбіраюць на акцыю «Надо». Студэнтаў прымушаюць ставіць подпісы за Лукашэнку. Свабода расказвае, як яшчэ дзяржава ўцягвае дзяцей і моладзь у выбарчую кампанію, навошта і як гэта ўплывае на маладое пакаленьне.
«Умацаваньне даверу да выбарчай сыстэмы»
Вучні 9-11-х клясаў сёлета маюць рыхтавацца да прэзыдэнцкіх выбараў на інфармацыйных гадзінах. У Мінадукацыі для іх распрацавалі спэцыяльную мэтадычку аб выбарчым праве. Паводле рэкамэндацый, клясныя кіраўнікі павінны праводзіць пазаклясныя мерапрыемствы на выбарчую тэматыку раз на месяц зь верасьня па сьнежань.
З мэтадычкі можна даведацца пра мэты такіх заняткаў. Гэта ня толькі «палітычная асьвета навучэнцаў», але і «папулярызацыя інстытуту выбараў», а таксама «ўмацаваньне даверу да выбарчай сыстэмы Рэспублікі Беларусь».
Асобна апісана, як трэба аформіць памяшканьне, дзе зь дзецьмі будуць гаварыць пра выбарчую кампанію. Там мае быць дзяржаўная сымболіка Беларусі, друкаваныя выданьні Канстытуцыі і Выбарчага кодэксу Беларусі, плякат з дэвізам «Час выбраў нас». Можна разьмясьціць у клясе выставу малюнкаў і постэраў вучняў на тэму «Выбары ў нашай краіне» або «Дзень выбараў», а таксама выставу літаратуры, малюнкаў, фатаздымкаў пад назвай «Незалежная, мірная і квітнеючая Беларусь».
Настаўнікам прапаноўваюць карыстацца дапаможнікамі у выбарчым праве для дзяцей, якія выдалі пераважна ў 2023 і 2024 гадах па ініцыятыве Мінадукацыі. Пэдагогам таксама раяць выкарыстоўваць настольную гульню «Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу».
На першай інфармацыйнай гадзіне клясныя кіраўнікі маюць нагадаць дзецям, што ў лютым 2024 году ў Беларусі прайшлі парлямэнцкія выбары, а ў 2025 годзе пройдуць прэзыдэнцкія.
«У чым адрозьненьне гэтых выбараў ад штодзённых сытуацый выбару? Якое значэньне яны маюць для дзяржавы і грамадзтва?» — такія пытаньні задае мэтадычка.
Дзеці таксама павінны абмеркаваць сэнс лёзунгу «Галасуй, інакш прайграеш» і распрацаваць улётку з заклікам да ўдзелу ў выбарах.
«Пераможцу на выбарах вызначае большасьць, таму кожны голас можа быць вырашальным»; «Калі грамадзяне ўдзельнічаюць у галасаваньні, яны вызначаюць людзей, якія будуць прымаць важныя дзяржаўныя рашэньні і тым самым уплываць на разьвіцьцё краіны», — такія тэзісы прапануюць давесьці школьнікам. Міжнародная супольнасьць лічыць, што ўсе выбары ў Беларусі пасьля 1994 году праведзеныя незаконна.
Адна з сытуацый, якую прапануюць разабраць дзецям, расказвае пра выбарніка, які сфатаграфаваў свой бюлетэнь і паслаў фота сябрам. У адказе тлумачыцца, што гэта парушэньне. У лютым 2023 году ў Беларусі памянялі выбарчае заканадаўства, у тым ліку забаранілі здымаць свой бюлетэнь. У 2020 годзе многія беларусы рабілі фота сваіх бюлетэняў і слалі іх на незалежную плятформу «Голас», якая дапамагла зрабіць альтэрнатыўны, хоць і ня поўны, падлік галасоў.
Навучэнцам старшых клясаў таксама рэкамэндуюць пагуляць у выбары і паўдзельнічаць у тэматычнай віктарыне. Вось прыклад аднаго з пытаньняў: «Які прынцып выбарчага права не распаўсюджваецца на выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь? А. Усеагульныя выбары. Б. Роўныя выбары. В. Ускосныя выбары. Г. Таемнае галасаваньне».
Паводле іншага дакумэнту Мінадукацыі, інфармацыйную гадзіну аб прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі рэкамэндуюць правесьці для вучняў 9–11-х клясаў 10 сьнежня, у Дзень правоў чалавека.
«Настаўнікі могуць асьцерагацца дзяцей»
Настаўніца адной зь беларускіх школаў Настасься* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) расказала Свабодзе, што клясныя гадзіны на выбарчыя тэмы настаўнікі праводзяць па-рознаму.
«Нехта, каму самому гэта непрымальна, можа запісаць, што правёў, а насамрэч дзяцей адпусьціць дахаты. Шчырыя лукашысты напэўна правядуць так, як ад іх патрабуюць. У некаторых клясах ёсьць бацькі зь сілавога апарату. Тады настаўнікі будуць асьцерагацца, што калі я не правяду, адпушчу, то дзеці могуць расказаць сваім бацькам пры пасадах. Тады могуць быць непрыемнасьці», — расказвае суразмоўца.
Настасься адзначыла, што віктарына для школьнікаў пра выбарчае права зьявілася летась. Яе праводзіў БРСМ. Праходзілі раённыя адборачныя туры, абласныя і рэспубліканскі.
«Шукалі з 10-11-х клясаў хаця б па адным вучні, хто мог бы пайсьці на гэтую віктарыну. Яе праводзілі не онлайн. Раздавалі тэсты на паперы. Адзін вучань расказваў, што заданьні былі складаныя. Без падрыхтоўкі, проста на агульным разьвіцьці не праедзеш. Трэба было вельмі канкрэтна ведаць выбарчае права», — кажа настаўніца.
Алімпіяда, прававы турнір, першы падручнік
Настаўніца таксама расказвае, што ўвесну 2024 году ў Беларусі праводзілі рэспубліканскую алімпіяду аб выбарчым праве. Падчас завочнага этапу трэба было напісаць тэматычнае эсэ. На вочным этапе школьнікі праходзілі тэсты ў выбарчым праве, у гульні фармулявалі выбарчую праграму, спаборнічалі ў конкурсе выбарчых дэбатаў. У спаборніцтве сёлета ўзялі ўдзел амаль дзьве тысячы школьнікаў. Перамагла вучаніца з Жыткавічаў.
Чарговая рэспубліканская падзея, якая мае ўцягнуць дзяцей у выбарчую тэматыку, — прававы турнір «Сіла закону». Сярод арганізатараў — БРСМ і Міністэрства адукацыі. Сёлетняя тэма — «Прэзыдэнт — гарант Кастытуцыі Рэспублікі Беларусь, свабодаў і правоў чалавека». Дзеці меліся напісаць эсэ на тэму «Адзін дзень з жыцьця прэзыдэнта».
У спаборніцтве бралі ўдзел вучні 9-11-х клясаў. Раённыя, абласныя і рэспубліканскі этапы прайшлі ў лістападзе. Апошні — на юрдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Узнагароджвалі пераможцаў у гатэльным комплексе «Прэзыдэнт-гатэль».
Турнір «Сіла закону» сталі праводзіць у Беларусі штогод з 2021-га, пасьля масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Паводле афіцыйных зьвестак, летась у яго ўцягнулі каля 30 тысяч школьнікаў.
Малодшыя школьнікі сутыкаюцца з паняцьцем прэзыдэнта, як толькі прыходзяць у першую клясу. Ім ужо больш за 10 гадоў дораць кнігі «Падарунак прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першаклясьніку». Сёлета яе выдалі з аўдыёгідам.
Збор подісаў, агітацыя, сустрэча з Лукашэнкам
Паўналетніх студэнтаў прымушаюць падпісвацца за Лукашэнку на этапе збору подпісаў за кандыдатаў, ананімна расказала Свабодзе суразмоўца. Пры гэтым у пэдагагічных чатах не заўсёды гавораць адкрыта аб прымусовым зборы подпісаў сярод выкладчыкаў і студэнтаў за Лукашэнку. Гэты працэс завуалявана называюць «збор інфармацыі», «запаўненьне дакумэнтаў». Зьмест працэдуры можа падказаць загад: «Усім быць з пашпартамі».
Настаўніца Настасься расказала пра сваю размову са студэнтамі. Яны паведамілі, што паставілі подпісы ў падтрымку Лукашэнкі, бо жывуць у студэнцкім інтэрнаце.
«Я ўжо не распытвала далей, кшталту „Няўжо вы думаеце, што сапраўды выселяць з інтэрнату, калі не падпішаце?“. Прымус даходзіць да таго, што спрабуюць 100% студэнтаў прымусіць пакінуць подпісы (за Лукашэнку. — РС). Ведаю студэнта, які адмовіўся паставіць подпіс за Лукашэнку. Куратарка яму прыгразіла „наступствамі“», — дзеліцца суразмоўца.
Прымушаць студэнтаў галасаваць датэрмінова — даўняя практыка ўладаў. Тым, хто адмаўляўся, пагражалі выселіць з інтэрнату або праблемамі з вучобай.
Настасься мяркуе, што ідэолягі праз такія актыўнасьці для дзяцей і моладзі «хочуць запудрыць ім мазгі; паказаць, што ўсё гэта працуе рэальна, эфэктыўна; у мэтах прапаганды апрацоўваюць моладзь у патрэбным кірунку, спрабуюць змагацца за розумы і сэрцы моладзі». На ейную думку, моладзь гэта разумее.
Навучэнцы каледжаў таксама здымаліся для агітацыйных матэрыялаў у падтрымку выбараў.
За два месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнка прыехаў у БДУ, каб убачыцца са студэнтамі розных менскіх ВНУ. Фармат сустрэчы пазыцыянавалі як «Адкрыты мікрафон з прэзыдэнтам».
У БДУ таксама распрацавалі «дарожную мапу ў правядзеньні электаральнай кампаніі». Паводле яе, як расказваў пралукашэнкаўскім СМІ рэктар БДУ Андрэй Кароль, ва ўнівэрсытэце пройдуць тэматычныя куратарскія і інфармацыйныя гадзіны, лекцыі, сэмінары, выставы, дыялёгавыя пляцоўкі, круглыя сталы з чыноўнікамі, прадстаўнікамі прадзяржаўных палітычных партый, дэпутатаў. Для студэнтаў, якія будуць галасаваць упершыню, арганізуюць інфармацыйна-прапагандысцкія групы з навучэнцаў. Ім дапамогуць кансультацыямі і брашурамі аб парадку галасаваньня. На сайце БДУ стварылі ўкладку «Выбары-2025», інфармацыю пра выбары студэнты могуць убачыць на стэндах у ВНУ, у дзяржаўнай прэсе.
«Надо»
Сёлета адметнасьцю выбарчай кампаніі з боку Лукашэнкі стаў «флэшмоб» «Надо». Яго сталі праводзіць пасьля словаў Лукашэнкі «Калі прыхільнікі мае скажуць, што гэта (ягоны ўдзел у выбарах 2025 году. — РС) трэба». Калектывы работнікаў, студэнтаў, навучэнцаў каледжаў, школьнікаў і нават групы ў дзіцячым садку з чырвона-зялёнымі сьцяжкамі на відэа вымаўляюць слова «Надо».
Экспэрты міжнароднай ініцыятывы iSANS зрабілі даклад пра выкарыстаньне ўладамі Беларусі рэсурсаў сыстэмы адукацыі ў ходзе арганізацыі і правядзеньня выбараў. Яны адзначылі, што калі раней улады стараліся адкрыта не паказваць, што задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс, то цяпер не хаваюць агульнанацыянальнага характару прыцягненьня навучэнцаў да датэрміновага галасаваньня.
Аўтары дакладу мяркуюць, што праз выкарыстаньне дзяцей і падлеткаў у выбарчым працэсе ўлады хочуць сфармаваць у іх пазытыўны погляд на выбарчы працэс у Беларусі.
Яшчэ адна стратэгічная мэта ўладаў, паводле экспэртаў iSANS, — зрабіць працэс правядзеньня выбараў максымальна закрытым, з удзелам толькі ляяльных людзей.
«Улады зацікаўленыя ў тым, каб сьпіс ляяльных людзей абнаўляўся за кошт моладзі», — пішуць аўтары дакладу.
Псыхоляг Натальля* (Свабода не называе прозьвішча суразмоўцы дзеля бясьпекі. — РС) мяркуе, што так званы «флэшмоб» «Надо» арганізавалі, каб паказаць масавасьць.
«Кагосьці вельмі напужалі пратэсты (2020 году. — РС), якія былі вельмі масавымі. Цяпер гэта спроба стварыць эфэкт масавасьці, каб людзі, якія думаюць інакш, адчулі сябе ў адзіноце. Вось калектыў стаў, сказаў „Надо“. А ты што? І той калектыў, і там, і там. Калі я думаю па-іншаму, то адчуваю сябе ў адзіноце. Гэтага яны і хочуць, каб разьяднаць, каб не было адчуваньня, што побач са мной стаяць людзі, якія думаюць гэтак жа, як я, як гэта было на маршах», — кажа суразмоўца.
Яна мяркуе, што нельга праводзіць аналёгіі паміж беларускім «Надо» і нацысцкім вітаньнем «Sieg Heil!» («Няхай жыве перамога!»).
«Пры ўсёй агіднасьці нацысцкай ідэалёгіі „Sieg Heil!“ аб’ядноўваў людзей. Калі яны гэтае вітаньне рабілі, яны ж сапраўды ў гэта верылі. Я ня думаю, што акцыі „Надо“ могуць кагосьці аб’яднаць, бо няма ніякай ідэі. Гэта чыста ўтылітарная штука — паказаць, што мы сіла, нас шмат, тых, каму „надо“. І гэта ўсё будзе мець значэньне толькі да прызначанай даты. Гэта жаданьне прасунуць пэўнага чалавека і стварыць бачнасьць ягонай масавай падтрымкі», — мяркуе псыхоляг.
Цярпяць найперш малыя дзеці
Псыхоляг Натальля тлумачыць, што пытаньне ўдзелу ў выбарчай кампаніі хутчэй юрыдычнае, а не псыхалягічнае. Таму прыцягваць да выбарчай кампаніі непаўналетніх дзяцей нельга.
«Галасаваць мы можам з 18 гадоў, адпаведна, у палітычнай дзейнасьці мы бяром удзел дзесьці з 18 гадоў. Зь якога ўзросту — вельмі залежыць ад атачэньня, ад сямейнай культуры. Напрыклад, у сям’і шмат размаўляюць пра палітыку, пра выбары, пра тое, што адбываецца ў сьвеце, то дзіця і ў 13 гадоў можа мець сваю пазыцыю, ведаць, хто ў нас прэзыдэнт. А можа і ў 18 гадоў гэтага ня ведаць», — кажа суразмоўца.
Паводле яе, улады праводзяць замбаваньне ня толькі моладзі, але і дзяцей, пачынаючы з садкоў.
«Удзел у сьвятах кшталту 9 траўня, стаяньне ў вайсковай форме. Навошта гэта трэба? Бо ў такіх аўтарытарных, таталітарных рэжымах моладзь і дзеці — гэта заўсёды слабое зьвяно. Дарослыя ўжо ўцягнутыя, а ў дзяцей яшчэ не сфармаванае мысьленьне, уяўленьне пра тое, што адбываецца. Таму вельмі важна гэтую аўдыторыю прыцягнуць на свой бок. На жаль, гэта пасьпяхова дзейнічае», — зазначае псыхоляг.
Натальля зьвярнула ўвагу, што выкарыстоўваць маладое пакаленьне ў палітыцы пачалі не ў Беларусі. Такое, прыкладам, было яшчэ ў нацысцкай Нямеччыне. Псыхоляг расказала пра доўгатэрміновае дасьледаваньне пра ўплыў нацысцкай ідэалёгіі на дзяцей і падлеткаў у Нямеччыне. Яго праводзілі ў Калюмбійскім унівэрсытэце. Дасьледавалі палітычныя, расавыя, антысэміцкія погляды ў людзей, якія ў 1930–1940-х гадах былі дзецьмі або падлеткамі.
«Дасьледаваньне паказала, што тыя, хто былі маленькімі — першаклясьнікі і дашкольнікі — ніколі ня выйшлі з гэтага стаўленьня. „Можа, і ня трэба было габрэяў у газавыя камэры, але яны не такія, як мы“. Такія погляды засталіся на ўсё жыцьцё. З падлеткамі лепш, бо яны скептычна глядзяць на ўсё, што адбываецца», — тлумачыць псыхоляг.
Яна мяркуе, што ў Лукашэнкі да таго ж ёсьць культ маладосьці.
«Каб на фоне моладзі прадставіць сябе як маладога лідэра, што за яго ня толькі старэнькія дзядкі», — кажа экспэртка.
«Я кажу адно, думаю другое, раблю трэцяе»
Паводле Натальлі, цярпяць ад ідэалягічнага навязваньня найперш малыя дзеці, бо для іх гэта адзіная сыстэма каардынатаў, у якой яны растуць. Яны прымаюць яе безумоўна.
Аднак, як тлумачыць псыхоляг, шкода ёсьць і для маладых людзей, якія разумеюць, што іх выкарыстоўваюць, і ня вераць такой прапагандзе.
«Такі малады чалавек прывучаецца жыць у дваядумстве: я кажу адно, думаю другое, раблю трэцяе. Я з аднымі людзьмі размаўляю пра гэта, з другімі — пра іншае. Гэта мяне не датычыць. Трэба сказаць: „Угу, угу“, паставіць подпіс — і жыць далей», — пераказвае магчымую хаду думак такога юнака суразмоўца.
Яна тлумачыць, што такі спосаб жыцьця ня вельмі добры.
«Бо часам дарослыя людзі гавораць слушныя рэчы, якія трэба ўспрымаць. Гэта нармальна, калі моладзь слухае старэйшае пакаленьне, а старэйшае пакаленьне прыслухоўваецца да моладзі. А тут гэты кантакт абрываецца», — кажа яна.
Натальля падкрэсьлівае, што ідэолягі ў Беларусі спрабуюць навязаць сыстэму каштоўнасьцяў навыварат.
«Нам сёньня кажуць, што белае — гэта чорнае. Людзей, у тым ліку моладзь, пастаянна прымушаюць перадумваць. Тое, што ўчора было белае, сёньня чырвонае, пасьлязаўтра жоўтае, потым бэзавае, а потым зноў белае. Разбураюцца маральныя падставы. Мы прывучваемся, што няма ніякай праўды, няма дабра, няма зла. Ёсьць шэрая маса, у якой можна выбіраць тое, што табе зручна ў гэты момант, бясьпечна, выгадна», — кажа яна.
Форум