Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка патлумачыў, чаму сёлета на Каляды ня будзе доўгіх тыднёвых выходных. Паводле яго, «мы цяпер ня ў тых умовах, каб дазволіць сабе такія доўгія вакацыі».
«Я гэта нейкай праблемай наагул не лічу. Усё ж такі тыдзень — практычна поўнае расхалоджваньне або замарожваньне эканомікі», — сказаў прэм’ер-міністар.
Такім чынам, сёлета ў Беларусі будзе, апроч двух асноўных, пяць дзён дадатковых выходных. Гэта 25 сьнежня, 1 і 2 студзеня, 6 і 7 студзеня. Пры гэтым субота 11 студзеня будзе працоўным днём.
А вось так на сьвяты сёлета будуць адпачываць у суседніх краінах:
- Літва — чатыры дадатковыя выходныя: 24, 25, 26 сьнежня і 1 студзеня
- Польшча — чатыры: 25, 26 сьнежня і 1, 6 студзеня.
- Латвія — сем дадатковых выходных: 23–26, 30, 31 сьнежня, 1 студзеня (прадугледжаны адпрацоўкі ў іншыя выходныя дні).
- Расея — 9 дадатковых выходных: 29–31 сьнежня, 1–3 студзеня, 6–8 студзеня (прадугледжаны адпрацоўкі ў іншыя выходныя дні).
Доўгія выходныя: плюсы і мінусы
Паводле эканамісткі Алісы Рыжычэнкі, доўгія выходныя могуць спрыяць скарачэньню выдаткаў для прадпрыемстваў, бо падчас выходных скарачаюцца заробкі.
«Доўгія навагоднія вакацыі — адзін са спосабаў скараціць выдаткі для вытворчасьці. Прадпрыемствы ў Беларусі цяпер вымушаныя плаціць высокія заробкі, каб утрымаць кадры. Доўгія вакацыі дазваляюць скараціць гэтыя выдаткі, бо заробак у гэты пэрыяд скарачаецца», — гаворыць эканамістка.
Таксама доўгія выходныя дазваляюць прадпрыемству «разгрузіць склады», нейкі час нічога не выпускаць.
Пры гэтым людзі пачынаюць больш траціць падчас вакацый, што ўплывае ў выніку на рост цэнаў.
«Падчас доўгіх вакацый расьце спажываньне на ўнутраным рынку, людзі больш спажываюць паслуг, наведваюць імпрэзы, кавярні, рэстарацыі. Рост спажывецкай актыўнасьці заўжды ўплывае на рост інфляцыі, а ў Беларусі інфляцыя працягвае расьці», — зазначае суразмоўца.
Чаму ўрад Беларусі супраць доўгіх выходных
Асьцярогі чыноўнікаў могуць быць у тым, што рэальныя даходы людзей будзе зьядаць інфляцыя, а ў студзені людзі атрымаюць меншыя заробкі. Такім чынам, беларусы да выбараў атрымаюць зьмяншэньне сваіх даходаў, кажа Аліса Рыжычэнка.
«Людзі могуць атрымаць значна меншы заробак у студзені, у адрозьненьні ад сьнежня, тады яны ўбачаць зьмены на кантрасьце ў цэнах і даходах перад выбарамі. А ўлада ня хоча нейкіх нечаканасьцяў да іх», — лічыць эканамістка.
Летась у Беларусі таксама не было доўгіх калядных вакацый, аднак некаторыя заводы адправілі сваіх супрацоўнікаў адпачываць на тыдзень. Прынамсі на БелАЗе і МТЗ рабочыя не працавалі з 30 сьнежня па 7 студзеня.
Форум