Беларускі пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч атрымаў за свой раман «Сабакі Эўропы» Ляйпцыскую кніжную прэмію за ўклад у эўрапейскае паразуменьне.
«Рады, што мая галоўная кніга ацэненая так высока; рады, што яна чытаецца, перакладаецца, абмяркоўваецца. Рады апынуцца сярод ляўрэатаў гэтай прэміі — такіх, як Імрэ Кертэс, Сьвятлана Алексіевіч, Рышард Капусьцінскі, Іен Кэршоў, Юры Андруховіч, Кляўдыё Магрыс, Эрык Гобсбаўм, Славэнка Дракуліч і іншых», — паведаміў Альгерд Бахарэвіч на сваёй старонцы ў Facebook.
Пісьменьнік падзякаваў усім, хто ўва ўсе часы быў датычны да выданьня рамана — перакладчыкам, выдаўцам і чытачам.
Уручэньне прэміі адбудзецца 26 сакавіка 2025 году.
У Беларусі раман «Сабакі Эўропы» ў 2022 годзе атрымаў статус «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сьцьвярджалася, што ў кнізе нібыта «актыўна прапагандуецца распальваньне сацыяльнай, палітычнай і ідэалягічнай варожасьці паміж грамадзянамі краіны і прадстаўнікамі дзяржкіравання, людзей заклікаюць да масавых беспарадкаў для незаконнага захопу ўлады».
900-старонкавы раман з шасьці частак «Сабакі Эўропы» выйшаў у 2017 годзе ў менскім выдавецтве «Логвінаў» і быў высока ацэнены крытыкамі. На радзіме Бахарэвіч атрымаў за яго прэмію «Кніга года» Беларускага ПЭН-цэнтра, незалежную Чытацкую прэмію і другую прэмію Ежы Гедройца. Расейская вэрсія рамана «Сабакі Эўропы» выйшла ў 2019 годзе ў маскоўскім выдавецтве «Время».
У 2023 годзе «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі кнігу Бахарэвіча «Апошняя кніга пана А.» (выдавецтва «Янушкевіч», 2020).
Альгерд Бахарэвіч — аўтар паўтара дзясятка кніг прозы, у тым ліку раманаў «Сарока на шыбеніцы» (2009), «Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня» (2012), «Дзеці Аліндаркі» (2014).
Форум