Спэцыялісты ЭАБР лічаць, што па выніках 2024 году валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі павялічыцца на 4,3%, па выніках 2025 году — на 2,6%, 2026 году — на 1,9%, 2027-га — на 1,5%.
Разам з тым інфляцыя па выніках 2024 году ў Беларусі чакаецца на ўзроўні 5,9%, па выніках 2025 году — 6,6%, у 2026 па выніках 2025 году — 7,9%, па выніках 2027 году — 7,4%.
Сярэднегадавы курс беларускага рубля да даляра ў названыя гады экспэрты прагназуюць як 3,25, 3,38, 3,57 і 3,81 рубля адпаведна.
Экспэрты прагназуюць, што ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве тэндэнцыя зьніжэньня цаны беларускага рубля захаваецца «ў сувязі з параўнальна нізкімі тэмпамі росту патэнцыйнага ВУП і павышанай інфляцыяй».
На думку аналітыкаў, эканоміка Беларусі ў 2025 годзе вырасьце за кошт «росту спажывецкай актыўнасьці і попыту з боку Расеі». Разам з тым, як зазначаецца, «наступствам пашырэньня ўнутранага попыту і паслабленьня цэнавага рэгуляваньня стане павышэньне інфляцыі».
ЭАБР зыходзіць з дапушчэньня, што рэгуляваньне цэнаў у Беларусі будзе паступова аслабляцца — «дзеля мэтаў паляпшэньня фінансавага стану прадпрыемстваў з прычыны назапашаных цэнавых выдаткаў».
«Дэфіцыт зьнешняга гандлю можа пашырыцца ў 2025 годзе з прычыны абмежаваных магчымасьцяў для росту экспарту пры захаваньні попыту на імпарт, — мяркуюць экспэрты. — Гэта прывядзе да ўмеранага аслабленьня беларускага рубля да даляра. Падтрымку курсу будзе аказваць захаваньне чыстай прапановы валюты на ўнутраным валютным рынку за кошт продажу валюты фізычнымі асобамі і нерэзыдэнтамі».
Рызыкай для эканомікі Беларусі ў дакумэнце названа «значнае запаволеньне росту ў Расеі».
«Ва ўмовах высокай ступені сынхранізацыі бізнэс-цыкляў беларускай эканомікі з расейскай запаволеньне росту ВУП у Расеі ў рызыкоўным сцэнары прывядзе да скарачэньня аб’ёмаў экспарту. Высокі ўзровень канцэнтрацыі беларускага экспарту на расейскім напрамку абмяжоўвае магчымасьць перанакіраваньня экспартных патокаў у іншыя краіны, што прывядзе да скарачэньня аб’ёмаў выпуску. Наступствам стане зьніжэньне выручкі — як празь зьмяншэньне фізычных аб’ёмаў паставак, так і з прычыны яшчэ больш значнага ў параўнаньні з базавым сцэнарам пагаршэньня ўмоваў гандлю», — гаворыцца ў аглядзе.
Для захаваньня канкурэнтаздольнасьці беларускіх вытворцаў вымушанай мерай стане «аслабленьне абменнага курсу беларускага рубля, што створыць дадатковы праінфляцыйны ціск».
- У 2023 годзе ВУП Беларусі вырас на 3,9%, у 2022-м — зьнізіўся на 4,7%, у 2021-м — вырас на 2,3%, у 2020-м — зьнізіўся на 0,9%.
- Паводле найважнейшых прагнозных (дэ-факта плянавых) парамэтраў разьвіцьця Беларусі на 2024 год, прырост ВУП павінен скласьці 3,8%. У адпаведнасьці з зацьверджанымі прагнознымі парамэтрамі разьвіцьця Беларусі на 2025 год рост ВУП краіны прагназуецца на ўзроўні 4,1%.
- У кастрычніку Міжнародны валютны фонд прагназаваў, што валавы ўнутраны прадукт Беларусі па выніках 2024 году вырасьце на 3,6%, а ў 2025 годзе рост эканомікі Беларусі складзе 2,3%. Згодна з прагнозамі фонду, інфляцыя ў 2024 годзе ў Беларусі складзе 6%, а ў 2025 годзе — 6,4%.
- Сусьветны банк у восеньскім дакладзе прагназаваў, што ВУП Беларусі па выніках 2024 году вырасьце на 4%, у 2025 годзе — на 1,2%.
- Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця ў верасьнёўскім дакладзе прагназаваў рост ВУП Беларусі ў 2024 годзе на ўзроўні 4,2%.
- У дасьледчым цэнтры BEROC прагназуюць рост эканомікі Беларусі па выніках 2024 году «ня больш як на 4,5 працэнта», — такую ацэнку выказаў на брыфінгу 22 кастрычніка старшы навуковы супрацоўнік BEROC Анатоль Харытончык. На яго думку, ВУП па выніках 2024 году павялічыцца на 4–4,5%, у 2025 годзе — на 1–2%.
Форум