Адказвае кіраўнік Народнага антыкрызісіснага ўпраўленьня, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў справе транзыту ўлады Павал Латушка.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
Пра Стратэгічны дыялёг ЗША з дэмакратычнымі сіламі Беларусі
— Як дыплямат са стажам я неаднойчы сам рыхтаваў падобныя сустрэчы, перамовы. Гэта называецца кансультацыямі паміж міністэрствамі замежных спраў альбо міжурадавымі перамовамі. З амэрыканскага боку ў Стратэгічным дыялёгу быў ня толькі Дзярждэпартамэнт ЗША, але і прадстаўнікі розных урадавых структураў, адміністрацыі прэзыдэнта ЗША, таму можна казаць, што гэта былі фактычна міжурадавыя перамовы. З нашага боку ўдзельнічалі Сьвятлана Ціханоўская, Аб’яднаны пераходны кабінэт, Каардынацыйная рада — інстытуты, створаныя большасьцю дэмакратычнага грамадзтва, а таксама шматлікія ініцыятывы, якія канкрэтна займаюцца барацьбой з рэжымам Лукашэнкі, дапамогай беларусам як унутры Беларусі, так і па-за межамі Беларусі. Гэта беспрэцэдэнтна, калі ЗША вядуць дыялёг, перамовы не з фармальнымі ўрадамі замежных краінаў, а з намі як з інстытутам, створаным у выніку нашай рэвалюцыі 2020 году.
Пра выступ у Гаазе пра беларускую сытуацыю ў Міжнародным крымінальным судзе ў рамках 23-й сэсіі Асамблеі МКС
— Літва адчыніла нам гэтую працэдуру. Мы маглі б хадзіць вакол будынку МКС і стукаць у дзьверы, вокны, у фортку лезьці, а не залезьлі бы. Дзякуючы Літве фармальна, юрыдычна дзьверы адчыніліся, і зараз мы можам уносіць туды доказы. Мы гаворым пра трансьмежавыя злачынствы. Гэта злачынствы, якія зьдзяйсьняюцца ў адносінах да беларусаў на тэрыторыі Беларусі, якія ствараюць атмасфэру страху і тэрору. Гэта гвалт, палітычна матываваныя прысуды, гэта забойствы, цялесныя пашкоджаньні і гэтак далей. Людзі ў гэтай атмасфэры вымушаныя ўцякаць з тэрыторыі Беларусі, фактычна адбываецца дэпартацыя. Людзей прымушаюць пакінуць тэрыторыю Беларусі пад пагрозай таго, што іх могуць заўтра затрымаць. І калі яны знаходзяцца на тэрыторыі іншых краінаў, рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі працягваюцца. На жаль, Лукашэнка сваімі рукамі дацягнуўся і ў іншыя краіны сьвету. Беларусам немагчыма атрымаць пашпарт, заводзяцца завочныя крымінальныя справы. Родных затрымліваюць. Маёмасьць канфіскуюць. Тэлефануюць, пагражаюць. І гэта трансьмежавае злачынства.
Пра ордэр на арышт прэзыдэнта М'янмы
— Вельмі добрая навіна — на мінулым тыдні Палата папярэдняга вядзеньня Міжнароднага крымінальнага суду пачала разглядаць пытаньне выдачы ордэра на арышт прэзыдэнта М'янмы за тое, што народ М'янмы быў дэпартаваны ў Банглядэш. М'янма — ня сябра МКС, а Банглядэш — сябра Міжнароднага крымінальнага суду. І адтуль пайшоў запыт на ордэр на арышт прэзыдэнта М'янмы. У нас шмат у чым падобная сытуацыя. Беларусаў вымусілі пакінуць тэрыторыю краіны і перасьледуюць за мяжой.
Пра тое, калі могуць выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі
— Я рэаліст і прагматык. Ведаю, што мы робім, што мы робім сыстэмна, вельмі лягічна, крок за крокам. Мы ідзем да гэтай мэты. На сёньняшні дзень статус — папярэдні разгляд сытуацыі, які ініцыявала Літва. Пракурор прыняў рашэньне аб папярэднім расьсьледаваньні сытуацыі. На сёньняшні дзень можна падаваць доказы і зьвяртацца да краінаў (Польшча, Латвія, любая краіна — сябра МКС) , каб падтрымалі зварот Літвы. Пасьля вывучэньня ўсіх сабраных доказаў справа будзе перададзеная ў Палату папярэдняга вядзеньня нумар 1, якая таксама займаецца справай М'янмы. Так што ў іх гэты досьвед ёсьць. Калі гэта адбудзецца? Мы можам прыблізна лічыць, што вясной наступнага году. Тады можа быць пастаўлена пытаньне аб выдачы ордэра на арышт. Тады ўжо справа пераходзіць у разгляд справы па сутнасьці. Прабачце за юрыдычна-тэхнічныя фармулёўкі. І тады вырашаецца пытаньне, выдаваць ці не выдаваць ордэр. Па справе Пуціна гэта заняло пяць месяцаў, па справе Шайгу і камандуючага Чарнаморскім флётам — пяць месяцаў, па Нэтаньягу і ХАМАСу — сем з паловай месяцаў. Можам ад вясны лічыць. Калі ўсё адбудзецца так, як прадугледжана працэдурай. Мы робім усё дзеля таго, каб так і сталася.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум