Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуса Сяргея Ерамеева, якога вінавацяць у тэрактах на БАМе, пакінулі пад арыштам


Сяргей Ерамееў, архіўнае фота
Сяргей Ерамееў, архіўнае фота

Асноўныя сьледчыя дзеяньні ў крымінальнай справе пра два тэракты завяршыліся.

Як стала вядома расейскай газэце «Коммерсантъ», беларус Сяргей Ерамееў, якому інкрымінуецца ўстаноўка магнітных мінаў на чыгуначныя саставы з палівам, цалкам прызнаў сваю віну, назваўшы арганізатарам злачынства яшчэ аднаго беларуса, які жыве за мяжой.

Упраўленьне расьсьледаваньня злачынстваў супраць асобы і грамадзкай бясьпекі Сьледчага камітэту Расеі вінаваціць 53-гадовага Ерамеева ў двух злачынствах, прадугледжаных пунктамі «а» і «в» ч. 2 артыкулу 205 Крымінальнага кодэксу Расеі («Тэракты, учыненыя па папярэдняй змове або арганізаванай групай і якія пацягнулі прычыненьне значнай маёмаснай шкоды»).

Гаворка ідзе пра выбухі 29 і 30 лістапада 2023 году на чыгуначных саставах з нафтапрадуктамі, якія рухаліся з Тайшэту ў Тынду і Нерунгры па Байкала-Амурскай магістралі і прывялі да ўзгараньня цыстэрнаў з саляркай.

Паводле матэрыялаў сьледзтва, у 2023 годзе зь Ерамеевым зьвязаўся іншы грамадзянін Беларусі Аляксей Сакалоў, які абвінавачваецца на радзіме ў дзяржаўнай здрадзе і які жыве то ў Літве, то ў Польшчы. Апошні нібыта паведаміў, што супрацоўнічае з СБУ, прапанаваўшы фігуранту зрабіць акцыі ў Расеі.

Па дасланых з-за мяжы каардынатах Ерамееў, паводле ягоных паказаньняў, знайшоў гараж у Наваполацку, у якім была абсталяваная схованка. Адтуль Ерамееў нібыта забраў восем магнітных мінаў і аванс у 4 тысячы даляраў. Затым ён на машыне адправіўся ў Бурацію, дзе замінаваў і падарваў два саставы, атрымаўшы за гэта на банкаўскую картку эквівалент у рублях яшчэ $2 тыс.

Пры арышце ў судзе Омску Ерамееў заявіў, што праз БАМ на вайну вязуць боепрыпасы, і ён хацеў перашкодзіць руху цягнікоў.

Мяркуецца, што пасьля Новага году Ерамееў і яго абарона прыступяць да азнаямленьня з матэрыяламі крымінальнай справы, якую па сутнасьці разгледзіць Другі Ўсходні акруговы вайсковы суд Расеі.

Справу Сакалова і іншых магчымых удзельнікаў будуць расьсьледаваць далей.

Пра Сяргея Ерамеева вядома, што ён працаваў на «Нафтане», а ў 2020 годзе далучыўся да пратэстаў. Цяпер ён зьняволены ў СІЗА «Лефортава» ў Маскве. Да яго, прынамсі нейкі час, не пускалі адваката.

У пачатку 2024 году стала вядома, што яго вазілі на сьледчыя дзеяньні ў Беларусь. Дзяржаўны тэлеканал апублікаваў прапагандысцкі сюжэт пра нібыта дзейнасьць у Беларусі агентаў украінскіх спэцслужбаў, у якім у тым ліку паказалі Сяргея Ерамеева.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG