Дзьвюх беларускіх альпіністак — сясьцёр Валянціну і Марыю Іванковых, якія зьніклі ў раёне горнага хрыбта Аладаглар каля паселішча Чамарды ў цэнтральнай частцы краіны, знайшлі, паведамілі 20 лістапада турэцкія СМІ са спасылкай на заяву губэрнатара турэцкага гораду Нійдэ.
У пісьмовай заяве губэрнатара Нійдэ гаворыцца, што беларусак знайшлі 20 лістапада каля 16.50 у правінцыі Кайсеры (акруга Ях’ялы). Паведамляецца, што «стан іх здароўя добры».
«Усё нармальна. Іх стан здавальняючы. Больш за тое, яны гатовыя выехаць у Анкару. Але мы іх не прысьпешваем з выездам, таму што ўсё ж трэба ачуцца. Хоць адчуваюць яны сябе цудоўна. Радасны голас, жыцьцесьцьвярджальны», — распавёў пазьней журналістам амбасадар Беларусі ў Турэччыне Віктар Рыбак, яго цытуе БелТА.
Беларускія альпіністкі правялі ў гарах дзьве ночы.
«Яны знайшлі нішу ў гарах і адтуль падавалі знакі з дапамогай ліхтарыка. Дроны, якія лёталі (на працягу 2 дзён пошуку — рэд.), нейкім чынам іх ня бачылі», — сказаў Віктар Рыбак.
Паводле яго, бліжэй да 17.00 амбасадзе паведамілі, што беларусак знайшлі, іх жыцьцю нічога не пагражае і іх хутка даставяць у найбліжэйшую мэдустанову для абследаваньня.
«Усё было добра. Проста спуск быў вельмі складаны. І калі яны спускаліся, выпаў вельмі моцны сьнег. У выніку спускацца было немагчыма і сувязі таксама не было», — распавёў Рыбак пра абставіны інцыдэнту.
Паводле інфармацыі турэцкіх мэдыя, 16 лістапада сёстры рушылі ў паход у Нацыянальны парк Ёдыгёлер, празь некаторы час сувязь зь імі перарвалася.
19 лістапада пачалі апэрацыю па пошуку беларускіх альпіністак. У рэгіён накіравалі пошукавыя групы ўправы надзвычайных сытуацый і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедзтваў МУС Турэччыны, а таксама жандармэрыі. Пошукава-ратавальныя работы вялі як з паветра, так і зь зямлі.
Форум