Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаецца новы суд над блогерам Паўлам Сьпірыным


Павал Сьпірын, архіўнае фота
Павал Сьпірын, архіўнае фота

У Бабруйску 20 лістапада пачнецца суд над палітзьняволеным блогерам Паўлам Сьпірыным, які ўжо чатыры гады і два месяцы ўтрымліваецца ў зьняволеньні.

Паводле падлікаў праваабаронцаў, у сьнежні 2024 году Павал меўся выйсьці на волю па заканчэньні тэрміну. Але з ініцыятывы адміністрацыі бабруйскай калёніі № 2 супраць палітвязьня пачалі новую крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі). Яму могуць дадаць яшчэ адзін год зьняволеньня. Рашэньне будзе прымаць судзьдзя Дзьмітры Сьвірыдаў.

Вядома, што вязьням бабруйскай калёніі негалосна забаронена размаўляць з Паўлам. За камунікацыю з палітвязьнем адпраўляюць у штрафны ізалятар, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Павал Сьпірын — беларускі палітычны блогер. Яго затрымалі 9 верасьня 2020 году пасьля выпуску новага відэароліка. На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі блогер заявіў пра свой намер стаць кандыдатам у прэзыдэнты, аднак Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ягонай ініцыятыўнай групе ў рэгістрацыі. Павал рэзка выказваўся пра Лукашэнку ў сваім выступе на пасяджэньні ЦВК, якое трансьлявалася ў жывым этэры, што магло стаць адной з прычын перасьледу. Пазьней Сьпірын стаў даверанай асобай кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай.

Блогера абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасьці).

Падставай для крымінальных спраў Сьпірына сталі два ягоныя відэа, якія ён разьмясьціў на сваім Youtube-канале: фільм «Грань», які занесены ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», а таксама відэа пад назвай «Жудасная тайна генпракурора Беларусі: карт-блянш на садызм».

Сацыяльнай групай у дадзеным выпадку, па вэрсіі абвінавачваньня, была «іншая» група асоб, аб’яднаных па прыкмеце прафэсійнай прыналежнасьці, а менавіта работнікі пракуратуры, судзьдзі, дэпутаты, высокія службовыя асобы Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікі міліцыі, супрацоўнікі АМАП і нават міністар унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Судзьдзя Менскага гарадзкога суду Дзіна Кучук 5 лютага 2021 году прызначыла блогеру 4,5 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Тэрмін яго накіравалі адбываць у бабруйскую калёнію № 2. У калёніі Сьпірын працуе мыйнікам посуду. На палітвязьня ў зьняволеньні аказваецца ціск. Падобна, яго неаднаразова зьмяшчалі ў ШЫЗА і ПКТ, бо за шматлікія «парушэньні» на яго завялі справу за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG