Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе пратэстоўцы патрабавалі зьняць украінскі сьцяг з будынку Нацыянальнага музэя


Пратэстоўцы ля Нацыянальнага музэя. 17 лістапада 2024
Пратэстоўцы ля Нацыянальнага музэя. 17 лістапада 2024

У Празе каля будынку Чэскага нацыянальнага музэю сабралася група пратэстоўцаў, якія патрабавалі зьняць з будынка ўкраінскі сьцяг, які вісеў там зь лютага 2022 году, перадае карэспандэнт украінскай службы Радыё Свабода.

Сьцяг быў вывешаны пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну на знак салідарнасьці.

Адзін з арганізатараў акцыі Ладзіслаў Врабэл, вядомы сваімі антынатаўскімі і антыўкраінскімі поглядамі, заклікаў чэхаў прыйсьці пратэставаць супраць украінскага сьцяга, бо «Чэхію ператвараюць ва Ўкраіну».

Некалькі соцень чалавек выйшлі да сьценаў музэю з плякатамі «Вайна — гэта сьмерць, мір — гэта жыцьцё» і «Чэхія — на першым месцы».

«Мы павінны клапаціцца перш за ўсё пра бясьпеку Чэхіі, а не дапамагаць Украіне, не думаючы пра ўласны народ, як гэта цяпер робяць чэскія ўлады», — заявіў адзін з арганізатараў акцыі са сцэны каля Нацыянальнага музэя.

Таксама да Нацыянальнага музэю прыйшлі некалькі дзясяткаў чэхаў, якія падтрымліваюць Украіну.

Яны трымалі ўкраінскія і чэскія сцягі. Яны па чарзе крычалі «Расея — лайно» і «Слава Ўкраіне».

«Мы сабраліся тут, таму што гэта наша вайна. 35 гадоў таму мы пазбавіліся камуністычнага рэжыму. Цяпер ён зноў прачынаецца, мы гэтага ня хочам. Свабода Ўкраіны — гэта свабода Чэхіі і ўсёй Эўропы», — сказаў Радыё Свабода адзін з пратэстоўцаў, які падтрымлівае Ўкраіну.

Акцыі адбыліся падчас дзяржаўнага сьвята ў Чэхіі і Славакіі — Дня барацьбы за свабоду і дэмакратыю. У гэты дзень 35 гадоў таму пачалася Аксамітная рэвалюцыя, якая прывяла да падзеньня камуністычнага рэжыму ў тагачаснай Чэхаславаччыне.

Сёлета прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл і міністар унутраных спраў Віт Ракушан прыйшлі ўскласьці кветкі на вуліцу Народную, дзе ў 1989 годзе пачаліся пратэсты ў Празе. Як паведамляюць чэскія СМІ, людзі, якія тут сабраліся, сустрэлі чыноўнікаў ня надта добразычліва. Пэтра Паўла асьвісталі, а Віту Ракушану крычалі «Здраднік дзяржавы!», «Ганьба!» і «Хлус!».

  • У 1989 годзе рэвалюцыя пачалася 17 лістапада зь мірнай студэнцкай дэманстрацыі ў Празе, жорстка разагнанай паліцыяй. Гэта выклікала масавыя пратэсты, якія хутка ахапілі ўсю краіну. Людзі патрабавалі дэмакратычных рэформаў, захаваньня правоў чалавека і адстаўкі камуністычнага ўраду.
  • Грамадзянскі форум (на чале з Вацлавам Гаўлам) і падобныя рухі ў Славакіі адыгралі ключавую ролю ў пратэстах. З прычыны негвалтоўнага характару дэманстрацый улады былі вымушаныя саступіць, і 29 снежня 1989 года прэзыдэнтам Чэхаславакччыны стаў Вацлаў Гавэл.
  • Гэтая рэвалюцыя атрымала назву «аксамітнай» з прычыны яе мірнага характару і адсутнасьці кровапраліцьця. Яна стала часткай хвалі дэмакратычных пераўтварэньняў ва Ўсходняй Эўропе канца 1980-х.
  • Чэхія — адна з эўрапейскіх краін, якая зь першых дзён поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны шукала магчымасьці ваеннай і фінансавай дапамогі Кіеву. З пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня Чэхія аказала Ўкраіне ваенную дапамогу ў памеры каля 400 мільёнаў эўра.
  • У лютым прэзыдэнт Чэхіі Пэтр Павэл заявіў, што Чэхія зьбірае для Ўкраіны каля 800 тысяч снарадаў з трэціх краінаў за межамі ЭЗ.
  • Пазьней ён заявіў, што ў рамках чэскай ініцыятывы Ўкраіна штомесяц будзе атрымліваць дзясяткі тысяч снарадаў. У траўні Павэл паведамляў, што ў ініцыятыве ўдзельнічаюць паўтара дзясятка краін ЭЗ і NATO, якія выдзелілі на закупку боепрыпасаў агулам 1,6 мільярда эўра.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG