Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ПЭН і Радыё Свабода назвалі пераможцаў і ляўрэатаў прэміі імя Аляхновіча за турэмную літаратуру


Прэмія турэмнай літаратуры імя Францішка Аляхновіча
Прэмія турэмнай літаратуры імя Францішка Аляхновіча

Радыё Свабода і Беларускі ПЭН абвясьцілі пераможцаў і ляўрэатаў літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча 2024 году за найлепшыя творы, напісаныя аўтарамі, якія былі зьняволеныя.

Сёлета дзеля бясьпекі арганізатары прэміі прапанавалі намінантам або іх сваякам пры жаданьні захаваць ананімнасьць і гарантавалі канфідэнцыйнасьць. З гэтае прычыны імёны некаторых пераможцаў і ляўрэатаў схаваныя пад псэўданімамі, не абвяшчаюцца і назвы іх твораў. Прозьвішчы апублічаць толькі тады, калі гэта стане бясьпечным для аўтараў твораў.

Пераможцаў і ляўрэатаў вызначала журы – Рада Беларускага ПЭНа.

ПЕРАМОЖЦАМІ прэміі імя Францішка Аляхновіча 2024 году за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў у зьняволеньні, сталі:

  • Віка Біран з кнігай «Я танцую» (выдавецкая ініцыятыва «Кася на Парнасе», 2023)
  • Ліса з творамі (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна)
  • Дзяніс Івашын з «Цыклем турэмных вершаў»

Віка Біран
Віка Біран

Віка Біран — дасьледчыца культуры, калюмністка, праектная мэнэджарка. Вучылася на журфаку БДУ ў Менску, супрацоўнічала зь Беларускім Свабодным тэатрам у якасьці акторкі і мэнэджаркі, была сузаснавальніцай праекту MAKEOUT пра гендэр і сэксуальнасьць. З 2020 году Віка жыве ў Нямеччыне, вывучае культурніцкія дасьледаваньні ва ўнівэрсытэце Віядрына ў Франкфурце-на-Одэры, працуе ў праекце пра квірную журналістыку Unit пры журналісцкай НДА n-ost у Бэрліне, як фрылансэрка піша тэксты, арганізуе мерапрыемствы.

Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын

Дзяніс Івашын — журналіст-расьсьледнік і палітзьняволены. Супрацоўнічаў зь міжнароднай расьсьледніцкай супольнасьцю InformNapalm і газэтай «Новы час». Супрацоўнікі КДБ затрымалі Дзяніса 12 сакавіка 2021 году ў ягонай кватэры ў Горадні. Журналіста абвінавацілі ва «ўмяшаньні ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў» і ў «здрадзе дзяржаве». Блізкія мяркуюць, што затрыманьне было зьвязана з расьсьледаваньнем Івашына пра службу былых украінскіх беркутаўцаў у МУС Беларусі. Пасьля месяца закрытага судовага працэсу 14 верасьня 2022 Дзянісу Івашыну прысудзілі 13 гадоў і 1 месяц калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 22 800 беларускіх рублёў. Журналіст адмовіўся ад супрацы са сьледзтвам і не прызнаў сябе вінаватым. У чэрвені 2023 году Івашына перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна. Рада БНР узнагародзіла яго мэдалём ордэна «Пагоні».

ЛЯЎРЭАТАМІ прэміі імя Францішка Аляхновіча 2024 за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў у зьняволеньні, сталі:

  • Бервета Ірзьвіцкая з цыклем вершаў (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна);
  • Мар’ян Зораў зь вершамі, напісанымі ў зьняволеньні (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна).
Алена Лапцёнак
Алена Лапцёнак
  • Таксама журы прэміі вырашыла ўганараваць працу адной з намінантак: за ўкладаньне кнігі «Турэмны зборнік. Творы беларускіх палітвязняў 2020–2023» і за шматгадовую працу ў выдавецкай ініцыятыве «Беларуская турэмная літаратура», якая дае магчымасьць пачуць галасы палітычных зьняволеных, спэцыяльную адзнаку прэміі імя Францішка Аляхновіча атрымлівае праваабаронца ПЦ «Вясна» Алена Лапцёнак.

Прэмія імя Францішка Аляхновіча ўручаецца з 2013 году за найлепшы твор, напісаны ў зьняволеньні.

Прэмія Аляхновіча

У 2013 годзе Беларускі ПЭН і Радыё Свабода супольна заснавалі прэмію за творы, напісаныя ў зьняволеньні, і прысьвяцілі яе драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883–1944), чыя кніга «Ў капцюрох ГПУ» адной зь першых расказала сьвету пра савецкі ГУЛАГ.

Францішак Аляхновіч
Францішак Аляхновіч

Тэматыка твораў, якія могуць прэтэндаваць на прэмію, не абмежаваная. На разгляд прымаюцца дакумэнтальныя і мастацкія творы на беларускай і расейскай мовах, як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісаў, створаныя ў зьняволеньні і дасланыя на працягу году.

Першую прэмію Францішка Аляхновіча атрымаў Ігар Аліневіч за кнігу «Еду в Магадан».

Ляўрэатамі прэміі імя Францішка Аляхновіча станавіліся Ігар Аліневіч (2013), Алесь Бяляцкі (2014), Зьміцер Дашкевіч (2014), Фэлікс Пекер (2014), Павал Севярынец (2014), Аляксандар Фядута (2014), Ірына Халіп (2014), Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў (2017), Леанід Пятрэнка (2017), Аляксандар Лапшын (2018), Уладзімер Някляеў (2018), Вольга Мікалайчык (2018), Алесь Пушкін (2019), Сяргей Скрабец (2019), Андрэй Аляксандраў (2021), Аляксандар Васілевіч (2021), Максім Знак (2021), Вольга Калацкая (2021), Сьвятлана Купрэева (2021), Мікола Папека (2021), Андрэй Скурко (2021), Алесь Бяляцкі (2023), Алег Грузьдзіловіч (2023), Вольга Класкоўская (2023), Андрэй Кузьнечык (2023) ды іншыя.

Арганізатары плянуюць уручаць прэмію імя Францішка Аляхновіча, пакуль сытуацыя ў краіне будзе даваць для гэтага падставы.

Паводле зьвестак Беларускага ПЭНа, станам на 31 кастрычніка 2024 году ў Беларусі ня менш за 164 дзеячы культуры ў няволі (каля 13% ад усёй колькасьці палітзьняволеных). У няволі застаюцца ня менш за 38 людзей слова (беларускія літаратары, перакладчыкі і дасьледчыкі літаратуры, публіцысты, інтэлектуалы і тыя, хто стварае і пашырае культуру, бароніць слова і яго майстроў), якія былі затрыманыя, перасьледуюцца ці асуджаныя на падставе палітычна матываваных абвінавачаньняў за сваю дзейнасьць або выказваньне грамадзянскай пазыцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG