Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка анансаваў «жэстачайшую праверку» ў МУС, КДБ і арміі


Аляксандар Лукашэнка ў часе наведваньня 230-га агульнавайсковага палігону «Обуз-Лясноўскі», 24 верасьня 2024. Афіцыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка ў часе наведваньня 230-га агульнавайсковага палігону «Обуз-Лясноўскі», 24 верасьня 2024. Афіцыйнае фота

Лукашэнка зноў паўтарыў, што «трэба рыхтавацца да вайны», але пры гэтым дадаў, што «пакуль не назіраюць тэндэнцый да разьвязваньня супраць нас вайны».

Аляксандар Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць прывесьці беларускае войска ў ідэальны стан і паабяцаў зімой «жэстачайшую праверку».

«[...] армію трэба ўзварухнуць і прывесьці яе ў ідэальны стан, пакуль у нас ёсьць адзінства ў грамадзтве і дысцыпліна. Закончым „разборкі“ ў сельскай гаспадарцы па ўборцы і іншых пытаньнях, прыйдзе зімовы пэрыяд — праверка будзе жэстачайшая па ўсіх кірунках. Вайсковых у цэлым. Ня толькі арміі, але і МУС, Камітэту дзяржбясьпекі. Кожнаму нарэзаныя задачы, усе ўсё ведаюць — трэба выконваць», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Аляксандра Лукашэнку ў часе наведваньня ім 230-га агульнавайсковага палігону «Обуз-Лясноўскі».

Лукашэнка зноў паўтарыў, што «трэба рыхтавацца да вайны», але пры гэтым дадаў, што «пакуль не назіраюць тэндэнцый да разьвязаньня супраць нас вайны». Ён таксама паведаміў, што беларускую армію «ўжо чатыры разы рэфармавалі» з улікам «падзей на фронце ў суседняй дзяржаве», а цяпер падышлі да «мадэрнізацыі ўласных Узброеных сіл».

У той жа час Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што ў Беларусі стварылі новы падразьдзел. «У пошуках добрых спэцыялістаў мы вырашылі стварыць яшчэ адзін падразьдзел. З тых разумных, талковых, моцных людзей, але ўжо дарослых, на кантрактнай аснове, якія прайшлі калісьці службу ў арміі або ў нейкіх падразьдзелах», — сказаў ён бязь іншых дэталяў.

  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
  • Тысячы расейскіх войскаў увайшлі ва Ўкраіну зь Беларусі на пачатку ўварваньня, зь беларускай тэрыторыі запускалі балістычныя ракеты па Ўкраіне, а расейскія бамбавікі запускалі ракеты з паветранай прасторы Беларусі.
  • Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG