Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны апублікавала відэазапіс, на якім можна пабачыць, як абстрэльваюцца пазыцыі расейцаў на Харкаўшчыне.
У подпісе да відэазапісу паведамляецца, што сумеснае кіраваньне мінамётным агнём на харкаўскім кірунку прарыву ажыцьцяўляюць падразьдзелы замежнага легіёну і палку Каліноўскага.
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што расейскія войскі працягваюць атакі з адначасовымі авіяцыйнымі і артылерыйскімі абстрэламі.
«На харкаўскім кірунку адбілі варожую атаку ў раёне сяла Старыца. Захопнікі задзейнічалі авіяцыю — білі па раёнах Гарбузоўкі і Белага Калодзезя. Нашы войскі ўладкоўваюць занятыя рубяжы і ўзмацняюць абарону ў памежных раёнах Харкаўшчыны. На купянскім кірунку былі пяць спробаў праціўніка палепшыць тактычнае становішча [...]. Вораг атрымаў жорсткі адпор, сытуацыя пад кантролем», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Расейскія сілы з раніцы 10 траўня пачалі наступальныя дзеяньні ў Харкаўскай вобласьці ўздоўж украінска-расейскай мяжы. Ім удалося захапіць некалькі вёсак, працягваюцца баі за Ваўчанск, горад з даваенным насельніцтвам амаль у 17 тысяч чалавек.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Літвіненка заявіў, што на мяжы з Харкаўскай вобласьцю Расея засяродзіла каля 50 тысяч салдатаў, у наступе ўдзельнічаюць больш за 30 тысяч расейскіх салдатаў. Але, паводле яго, пагрозы штурму Харкава пакуль няма.
Галоўнакамандуючы УСУ Аляксандар Сырскі заявіў, што войскі РФ пашырылі зону актыўных баявых дзеяньняў амаль на 70 кілямэтраў, спрабуючы прымусіць Украіну задзейнічаць дадатковую колькасьць брыгадаў са складу рэзэрвы.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўвечары 16 траўня заявіў, што Сілам абароны «ўдалося дадаць упэўненасьці ў кірунку Ваўчанску», але расейскія абстрэлы не спыняюцца.
17 траўня Ўладзімір Пуцін заявіў, што сілы РФ ня маюць намеру захапіць украінскі горад Харкаў.
«Што тычыцца Харкава, то такіх плянаў на сёньняшні дзень няма», — сказаў ён і абвінаваціў Украіну ў сытуацыі, якая склалася на Харкаўшчыне.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум