Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
У Расеі аштрафавалі жанчыну, якую першай абвінавацілі ў «экстрэмізьме» за фота зь вясёлкавымі сьцягамі

У Расеі аштрафавалі жанчыну, якую першай абвінавацілі ў «экстрэмізьме» за фота зь вясёлкавымі сьцягамі


Іна Мосіна
Іна Мосіна

Ленінскі раённы суд Саратава прызначыў жыхарцы Саратаўскай вобласьці Іне Мосінай штраф у памеры 1500 рублёў (прыкладна 16 даляраў у эквіваленце) у справе аб «дэманстрацыі сымболікі экстрэмісцкай арганізацыі» (частка 1 артыкула 20.3 КаАП РФ) за апублікаванае ў сацсетках фота з вясёлкавымі сьцягамі.

Пра гэта паведамляе «Медиазона».

Згодна з адміністрацыйным пратаколам, Мосіна ўчыніла правапарушэньне 13 сьнежня 2023 года — за месяц да ўступленьня ў сілу рашэньня Вярхоўнага суду РФ аб прызнаньні экстрэмісцкім «міжнароднага руху ЛГБТ». Фота зь вясёлкавымі сьцягамі ў Instagram знайшоў апэратыўнік Цэнтра «Э».

Падчас судовага паседжаньня ўчастковы, які склаў пратакол, падаў хадайніцтва аб далучэньні да матэрыялаў справы публікацыю «Расейскай газэты» аб прызнаньні Вярхоўным судом «руху ЛГБТ» экстрэмісцкім. Суд задаволіў хадайніцтва.

Сама Мосіна заявіла, што выдаліла публікацыі адразу пасьля званка ўчастковага.

Адвакат жанчыны заявіў аб парушэньнях пры складаньні пратакола, паводле якога аштрафавалі ягоную падабаронную. У прыватнасьці, ён адзначыў, што ў пратаколе адсутнічаюць месца і час правапарушэньня, адсутнічаюць зьвесткі аб набыцьці законнай сілы рашэньня Вярхоўнага суду. Гэта, паводле адваката Мосінай, зьяўляецца падставай для спыненьня справы ў сувязі з адсутнасьцю складу правапарушэньня.

Мосина стала першай, супраць каго завялі справу, але ў Расеі ўжо трох чалавек, уключаючы Мосіну, абвінавацілі ў «дэманстрацыі сымболікі экстрэмісцкай арганізацыі»: у Валгаградзкай вобласьці аштрафавалі мужчыну на адну тысячу рублёў за разьмешчаны ў сацсетцы сьцяг ЛГБТ, а ў Ніжнім Ноўгарадзе на пяць дзён арыштавалі дзяўчыну за нашэньне завушніц з вясёлкай.

Камэнтуючы арышт дзяўчыны за завушніцы з вясёлкай, прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што яму «не вядома аб наяўнасьці якіх-небудзь законаў, якія забараняюць вясёлку ў Расеі».

Вярхоўны суд РФ 30 лістапада 2023 году прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй» неіснуючы «міжнародны грамадзкі рух ЛГБТ» і забараніў яго дзейнасьць на тэрыторыі Расеі. Пазоў у суд падаў Мінюст РФ, які палічыў, што ў дзейнасьці «руху» выяўлены «розныя прыкметы і праявы экстрэмісцкай накіраванасьці, у тым ліку распальваньне сацыяльнай і рэлігійнай варожасьці».

Расейскія праваабарончыя арганізацыі прасілі Вярхоўны суд адхіліць пазоў Міністэрства юстыцыі. Унясеньне няіснага «руху ЛГБТ» у сьпіс экстрэмістаў, заявілі яны, «можа прывесьці да крыміналізацыі праваабарончай і актывісцкай дзейнасьці і рызыкі перасьледу для праваабаронцаў, актывістаў, журналістаў і проста ЛГБТ-пэрсон, якія адкрыта выказваюць свае погляды».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG