Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стратэгічны тупік замест перамогі. Куды вядзе «акопная вайна» ва Ўкраіне


Фотакаляж. Нямецкі імпэратар Вільгельм ІІ, расейскі імпэратар Мікалай ІІ, Уладзімір Пуцін, Уладзімір Зяленскі, Валеры Залужны
Фотакаляж. Нямецкі імпэратар Вільгельм ІІ, расейскі імпэратар Мікалай ІІ, Уладзімір Пуцін, Уладзімір Зяленскі, Валеры Залужны

Ні перамогі, ні паразы: менавіта так можа скончыцца вайна паміж Расеяй і Ўкраінай. Чаму палітыкі, аналізуючы падзеі на полі бою, усё часьцей згадваюць досьвед Першай сусьветнай вайны.

Сьцісла:

  • Украінскі наступ рызыкуе зьмяніцца працяглай пазыцыйнай вайной, і гэта робіць расейска-ўкраінскі канфлікт шмат у чым падобным на падзеі Першай сусьветнай.
  • «Мясныя штурмы» пад Аўдзееўкай, Бахмутам, Кляшчэеўкай — паменшаная мадэль таго, што адбывалася ў 1916-м пад Вэрдэнам, на Нарачы, ля Смаргоняў і пад Баранавічамі.
  • Калі адштурхоўвацца ад графіку 1916-га, наперадзе ва Ўкраіне яшчэ прынамсі паўгода-год «акопнай вайны». Пакуль і адзін, і другі бок ня зьмірацца з тым, што ня здольныя перамагчы.
  • Вайна можа скончыцца не пераканаўчай перамогай Кіева ці Масквы, а своеасаблівай «нічыёй».
  • Калі ці ў адной, ці ў другой краіне (а магчыма, і ў абедзьвюх) адбудуцца палітычныя і грамадзкія забурэньні, якія прывядуць да кардынальных зьменаў, далейшы працяг вайны стане немагчымым і бессэнсоўным.

Цяперашнюю вайну ва Ўкраіне апошнім часам часта параўноўваюць з Першай сусьветнай, 105 гадоў з дня заканчэньня якой адзначаецца 11 лістапада. «Акопная вайна», «вайна на зьнясіленьне», «пазыцыйная вайна», «снарадны голад» — гэта лексыка з эўрапейскіх газэт 1915–1918 гадоў дзіўным чынам перакачавала ў сацыяльныя сеткі і тэлеканалы 2022–2023-га.

Валерый Залужны, Кіеў, студзень 2023
Валерый Залужны, Кіеў, студзень 2023

Асабліва гэта стала прыкметна пасьля нядаўняй публікацыі галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага ў часопісе The Economist пра сытуацыю на фронце. Генэрал Залужны, у прыватнасьці, выказаў думку, што вайна з Расеяй «зайшла ў тупік», а ўкраінскі наступ рызыкуе зьмяніцца працяглай пазыцыйнай вайной, якая можа працягвацца многія гады.

Вось некалькі цытат з публікацыі Залужнага, у якіх праводзяцца паралелі з вайной стогадовай даўніны:

  • «Глыбокага і прыгожага прарыву, хутчэй за ўсё, ня будзе».
  • «Як і ў Першую сусьветную, мы дасягнулі ўзроўню разьвіцьця тэхналёгій, які ставіць нас у тупік».
  • «Самая вялікая рызыка пазыцыйнай вайны палягае ў тым, што яна можа зацягнуцца на гады і выматаць украінскую дзяржаву».


У Расеі яўна болей шанцаў выйграць вайну на зьнясіленьне. І гэта турбуе Кіеў. Словы прэзыдэнта Зяленскага ў інтэрвію тэлеканалу NBC 5 лістапада — адлюстраваньне гэтай трывогі:

  • «Калі Расея заб’е ўсіх нас, яна нападзе на краіны NATO, і вы пашляце туды сваіх сыноў і дачок. І гэта будзе — выбачайце, але цана будзе вышэйшай».

Акопная праўда Залужнага

Войны і эпохі вельмі розныя, ды і маштабы падзей нібыта не сувымерныя. Чатыры гады Першай сусьветнай — гэта больш за 20 мільёнаў ахвяраў і яшчэ 50 мільёнаў параненых і пакалечаных, распад чатырох імпэрый, кардынальнае перакрэсьліваньне амаль усіх дзяржаўных межаў на эўрапейскім (і ня толькі) кантынэнце. Цяперашняя расейска-ўкраінская вайна да такіх маштабаў і наступстваў недацягвае. Прынамсі, пакуль. Але лёгіка вайны, успрыманьне яе ў чалавечай сьвядомасьці, уплыў на грамадзкія настроі падобныя, пэўна, ва ўсе часы. Хоць бы з тае прычыны, што жыцьцё і сьмерць чалавека, драмы чалавечых лёсаў мала зьмяняюцца на працягу стагодзьдзяў.

Баі каля Аўдзееўкі, 31 траўня 2023
Баі каля Аўдзееўкі, 31 траўня 2023


Адметна, што і мэты ў тых, хто распачынаў гэтыя войны, былі падобныя. Усе разьлічвалі на хуткія і яркія перамогі. Адны плянавалі за некалькі тыдняў увайсьці ў Бэрлін, другія — хуткімі кінжальнымі ўдарамі захапіць палову эўрапейскай Расеі... Зусім як Пуцін у лютым 2022-га, калі плянаваў за два тыдні ўвайсьці ў Кіеў.


Што падказвае досьвед той вайны, чаго можа чакаць у наступныя месяцы і гады? Калі адштурхоўвацца ад графіку 1916 году (якраз тады адбыўся пераход да «акопнай вайны»), наперадзе яшчэ прынамсі паўгода-год «стратэгічнага тупіка». І адзін, і другі бок ня хочуць зьмірыцца з тым, што ня здольныя справіцца з такой сытуацыяй. Кожнаму здаецца: яшчэ крыху намаганьняў, яшчэ некалькі новых мабілізаваных дывізій, яшчэ пару соцень дадатковых артылерыйскіх батарэй — і жаданы пералом будзе дасягнуты.

Акоп на тэрыторыі Беларусі часоў Першай сусьветнай вайны
Акоп на тэрыторыі Беларусі часоў Першай сусьветнай вайны

У 1916–1917 гадах на франтах Першай сусьветнай адбывалася дакладна тое ж. Тое, што цяпер называюць «мяснымі штурмамі» пад Аўдзееўкай, Бахмутам, Кляшчэеўкай — у нашмат большых і крывавых маштабах адбывалася ў 1916-м пад Вэрдэнам, на Нарачы, ля Смаргоняў і пад Баранавічамі.

«Вайна да пераможнага канца!»


Адначасова ў акопах, пад салдацкімі шынялямі і бушлатамі высьпявалі стомленасьць і нянавісьць да вайны, зьбіралася сацыяльная энэргія, якая пазьней магутна выбухнула вялізнымі ўзрушэньнямі. У Расейскай імпэрыі гэта здарылася ў 1917 годзе, у Германскай — у 1918-м.... І ў выніку ні Расея, ні Нямеччына (хоць ваявалі па розныя бакі фронту) ня выйшлі ў той вайне пераможцамі: абедзьве пацярпелі калясальныя страты (і людзкія, і матэрыяльныя), абедзьве скурчыліся ў сваіх памерах, абедзьве перажылі балючы распад ранейшага дзяржаўнага ладу.


Вельмі можа здарыцца, што і ў цяперашняй вайне нас чакае не пераканаўчая перамога аднаго з бакоў, не трыюмф Кіева ці Масквы, а своеасаблівая «нічыя», калі ці ў адной, ці ў другой краіне (а магчыма, і ў абедзьвюх) адбудуцца такія палітычныя і грамадзкія забурэньні, такія ўнутраныя разбуральныя працэсы, якія прывядуць да кардынальных зьменаў і зробяць далейшы працяг вайны немагчымым і бессэнсоўным.

Расейскія салдаты часоў Першай сусьветнай вайны
Расейскія салдаты часоў Першай сусьветнай вайны


Пры гэтым палітыкі і военачальнікі могуць пераконваць (і з рацыянальнага пункту гледжаньня аргумэнтавана), што перамога вельмі блізка, што перавага дасягнутая і засталося толькі зрабіць апошні штуршок. Так было ў Расеі ўвесну 1917-га. На той час Антанта сапраўды дамаглася перавагі на франтах і значна павялічыла свае шанцы на блізкую перамогу.

«Вайна да пераможнага канца!»— запэўніваў саюзьнікаў міністар замежных спраў Расеі Мілюкоў у сваёй ноце ад 18 красавіка 1917-га, у якой абяцаў, што Расея ня выйдзе з вайны, працягне выконваць абавязаньні перад саюзьнікамі і ня пойдзе на сэпаратны мір. Але грамадзкія настроі ўнутры краіны на той час былі ўжо такія, што замест таго, каб выклікаць патрыятычны ўздым, яны толькі яшчэ больш раздражнілі і азлобілі народ, дарэшты стомлены вайною. А ўрэшце і наблізілі бальшавіцкую рэвалюцыю.

Павел Мілюкоў, 1917
Павел Мілюкоў, 1917

Што адбываецца пасьля 20 месяцаў вайны

І вось прайшлі першыя дваццаць месяцаў вайны. Паводле календара Першай сусьветнай — гэта вясна 1916 года. Што гэта быў за час? У выніку Вялікага адступленьня Расея страціла Польшчу, Прыбалтыку, захад Беларусі. Усходні фронт перарэзаў Беларусь на дзьве паловы — ад Дзьвіны і нарачанскіх азёр на поўначы да Пінска і Прыпяці на поўдні. У наступныя два з паловай гады гэта лінія траншэй, акопаў, бункераў, бліндажоў заставалася амаль нязьменнай. Гэта не азначала, што баявыя дзеяньні спыніліся. Вайна працягвалася — проста фронт амаль ня рухаўся. Вайна станавілася пазыцыйнай — якраз такой, якой так апасаецца генэрал Залужны.

Пазыцыйная вайна — гэта вайна акопная. Той выпадак, калі ніводнаму з бакоў не хапае сілаў, каб наступаць і прарываць абарону праціўніка. Грыміць артылерыйская кананада, ляцяць ракеты і міны, час ад часу тысячы салдатаў падымаюцца ў атаку, каб празь нейкі час, пакінуўшы сотні сваіх таварышаў на мінных палях на нэўтральнай паласе, адкаціцца назад і зноў, яшчэ глыбей, закопвацца ў зямлю — у акопы, траншэі і бункеры.

Клясычныя прыклады пазыцыйнай вайны — тое, як вяліся баявыя дзеяньні на Заходнім фронце з канца 1914-га і на Ўсходнім з канца 1915-га і з пачатку 1916-га. Адзін з самых вядомых эпізодаў — бітва пад Вэрдэнам («Вэрдэнская мясарубка»). Страты французаў і ангельцаў — 750 тыс. чалавек, немцаў — 450 тыс. Вядомы францускі пісьменьнік Анры Барбюс, удзельнік тых падзей, у сваім славутым рамане «Агонь» так апісваў карціну пасьля бою:

«Цэлыя лясы скошаныя, як пшаніца; усе ўкрыцьці знойдзеныя і прабітыя, нават калі на іх у тры рады ляжалі бярвёны і зямля; усе скрыжаваньні палітыя сталёвым дажджом, дарогі разбураныя і ператвораныя ў нейкія даўгія гарбы; усюды разгромленыя абозы, пашкоджаныя часткі, перамяшаныя трупы, быццам наваленыя ў кучы рыдлёўкай»...

Анры Барбюс
Анры Барбюс

У сакавіку 1916-га, пасьля настойлівых просьбаў францускіх саюзьнікаў, каб аслабіць націск немцаў на Вэрдэн, Расея распачынае Нарачанскую апэрацыю ў Беларусі. Паставы, Дзісна, Сьвянцяны, Лынтупы — у ваколіцах гэтых мястэчак і сёньня можна ўбачыць сьляды тых жорсткіх баёў. Падчас Нарачанскай апэрацыі Расея страціла 78 000 чалавек забітымі і параненымі, Нямеччына — 20 000. Пад Вэрдэнам і на Соме страты былі куды большымі: Антанта страціла агулам каля мільёна чалавек, Нямеччына — 800 тысяч.

Пры гэтым ні пад Вэрдэнам на захадзе, ні на Нарачы на ўсходзе ніякіх істотных тактычных вынікаў саюзьнікі не дасягнулі: да канца 1916 года лінія фронту засталася прыблізна там жа, дзе яна была на пачатку года.

Катастрафічныя наступствы, бясплённасьць і бессэнсоўнасьць вайны станавіліся ўсё больш відавочнымі. У лістападзе-сьнежні 1916-га Нямеччына і яе саюзьнікі прапанавалі распачаць мірныя перамовы. Антанта прапанову адхіліла, аргумэнтуючы тым, што мір немагчымы «да таго часу, пакуль не забясьпечана аднаўленьне парушаных правоў і свабод, прызнаньне прынцыпу нацыянальнасьцяў і свабоднага існаваньня малых дзяржаў».

Адкрытых і канкрэтных прапаноў міру ў сёньняшняй вайне з Масквы і Кіева пакуль не гучыць, хоць папярэдніх намёкаў і ўмоў ужо нямала. Яшчэ некалькі месяцаў бясплённых «мясных штурмаў» — і пра неабходнасьць замірэньня загавораць, у гэтым сумневаў мала.

«Да чаго прыводзяць агрэсія і эгаізм»

Цяжка пазьбегнуць яшчэ і такой паралелі. Вайна паміж Расеяй і Ўкраінай — гэта канфлікт паміж этнічна вельмі блізкімі народамі, якія яшчэ зусім нядаўна жылі ў адной дзяржаве і лічыліся (прынамсі, афіцыйна) братнімі. Але Першая сусьветная вайна таксама ў пэўнай ступені можа лічыцца канфліктам «унутрысямейным». Сусьветную бойню распачалі, па сутнасьці, блізкія крэўныя сваякі: стрыечныя браты і ўнукі каралевы Вікторыі Вільгельм ІІ і Георг V і стрыечны брат Георга V Мікалай ІІ, жанаты зь яшчэ адной унучкай каралевы Вікторыі. Ці не маглі яны, замест крывавай калатнечы, дамовіцца паміж сабой па-сямейнаму? Тым больш што супярэчнасьці не выглядалі такімі ўжо невырашальнымі.

Цар Мікалай другі
Цар Мікалай другі


А ці не маглі «па-сямейнаму» дамовіцца паміж сабой Масква і Кіеў? Тым больш што сярод крамлёўскай плютакратыі мноства асобаў з украінскімі прозьвішчамі. Як, зрэшты, і ў кіраўніцтве Ўкраіны поўна тых, хто зь цяжкасьцю размаўляе па-ўкраінску і мае расейскія карані. Але ў гісторыі і сем’яў, і народаў часта бывае так, што самыя зацятыя і непрымірымыя канфлікты здараюцца менавіта паміж блізкімі сваякамі.

Для дынастый Раманавых у Расеі і Гогенцолернаў у Нямеччыне тая вайна ўрэшце скончылася драмай. Страцілі яны ня толькі імпэратарскія кароны: сям’ю Раманавых у ліпені 1918-га расстралялі бальшавікі; змушаны да адрачэньня Вільгельм ІІ вымушаны быў ратавацца пажыцьцёвым выгнаньнем у Нідэрляндах.

...У чэрвені 2014-га Ўладзімір Пуцін адкрываў у Маскве помнік у гонар удзельнікаў Першай сусьветнай вайны. У прамове з гэтай нагоды разважаў пра сэнс і ўрокі драматычных падзей стогадовай даўніны. Былі ў выступе, у прыватнасьці, такія словы:

«Чалавецтву даўно пара зразумець і прыняць адну, самую галоўную, ісьціну: гвалт спараджае гвалт. А шлях да міру і росквіту складаецца з добрай волі і дыялёгу. І з памяці пра ўрокі мінулых войнаў. Пра тое, хто і навошта іх распачынаў».

Трагедыя Першай сусьветнай, паводле Пуціна, «нагадвае пра тое, да чаго прыводзяць агрэсія і эгаізм, непамерныя амбіцыі кіраўнікоў дзяржаў і палітычных эліт, якія бяруць верх над здаровым сэнсам».

Антываенны пратэст у Маскве, 24 лютага 2022
Антываенны пратэст у Маскве, 24 лютага 2022

Міне дзевяць гадоў — і ў пуцінскай Расеі прыблізна за такія ж публічна прамоўленыя развагі і высновы будуць кідаць у турму — як за здраду радзіме і дыскрэдытацыю расейскай арміі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG