Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская армія цалкам небаяздольная». Добраахвотнік «Пацук» быў афіцэрам у Печах, а ва Ўкраіне намесьнікам «Волата» і «Брэста»


Васіль «Пацук» Верамейчык на пазыцыі ў Севераданецку
Васіль «Пацук» Верамейчык на пазыцыі ў Севераданецку

32-гадовы Васіль Верамейчык амаль сем гадоў аддаў беларускай арміі. Сышоў адтуль у званьні лейтэнанта. На вайне ва Ўкраіне зь першых дзён. Быў намесьнікам у загінулых «Волата» і «Брэста».

У вялікім інтэрвію Свабодзе ён расказвае пра вучобу ў Вайсковай акадэміі, затрыманьне ў 2020-м і пра тое, як застаўся жывым у баі, адкуль выйшлі толькі двое чалавек зь сямі.

«Шмат „паркетных шаркуноў“»

— Васіль, раскажыце, калі ласка, пра сябе. Адкуль вы родам, дзе вучыліся, дзе працавалі?

— Нарадзіўся ў Салігорску, але ўсё жыцьцё пражыў у Менску. Бацькі таксама родам з Салігорскага раёну, але абое нарадзіліся і пачыналі жыцьцё ў Казахстане. Вучыўся ў беларускамоўнай гімназіі № 9 у Зялёным Лузе. Потым вучыўся ў гістарычнай клясе Ліцэю БДУ. Зь дзяцінства гуманітарый, любіў гісторыю, філязофію.

Пасьля Ліцэю доўга ня мог вызначыцца, куды ж ісьці вучыцца далей. На гістфак ня дужа хацеў, бо ўсе выпускнікі гістфаку потым становяцца лягістамі. З будучай жонкай думалі ехаць паступаць у Санкт-Пецярбург на ўсходні факультэт — ці то пуштунаў вывучаць, ці то габрэяў і арабаў. Але ў апошні момант дзяўчына ехаць у Расею перадумала. Я тады ўжо добра здаў расейскую і ангельскую мову, а да апошняга іспыту паставіўся несур’ёзна праз гэта, таму заваліў.

У выніку вучыўся на юрыста-палітоляга, але вырашыў зноў, што не маё, бо хацелася нейкіх авантураў. Кінуў вучобу і пайшоў у беларускае войска. А ўжо з арміі паступіў у Вайсковую акадэмію.

— Дзе вы служылі?

— 56-ы полк сувязі, там жа, дзе Рыгор Азаронак (сьмяецца). Гэта ва Ўруччы. Вучыўся ў Печах у 12-й школе сувязі, у якую трапіў пасьля вучобы ў Акадэміі па разьмеркаваньні. Праз чатыры гады скончыў Вайсковую акадэмію лейтэнантам.

Васіль «Пацук» Верамейчык
Васіль «Пацук» Верамейчык

— Раскажыце пра вучобу ў Акадэміі. Якія там настроі, якія выкладчыкі?

— Выкладчыкі розныя. Шмат годных афіцэраў, якія шмат у чым разьбіраюцца. Але шмат і «паркетных шаркуноў». Напрыклад, быў такі падпалкоўнік Няверка, які казаў, што ён «афіцэр, не сапсаваны войскамі». Ён нават салдата ў вочы ня бачыў. Пры гэтым тры гадзіны праводзіў нам інструктаж па прыборцы тэрыторыі. Усё, што я бачыў у беларускай арміі, цалкам небаяздольнае. Афіцэрскі корпус ня мае ня тое што нацыянальных арыенціраў, але і прамаскоўскіх. Пра такіх афіцэраў можна сказаць, што гэта цалкам дэклясаваныя элемэнты.

Прахадны бал на маю спэцыяльнасьць, якая называлася «Ідэалягічная работа ў войску», быў пад 200 балаў. І гэта яшчэ круты бал (сьмяецца). А вось на «Супрацьпаветраную абарону» — вельмі цяжкая прафэсія — 70–80 балаў. Гэта тры ЦТ і атэстат! Для іх нават адмыслова адмянілі патрабаваньне, што не выдаюць сэртыфікат, калі набраў менш за 13 балаў.

Я здаў гісторыю Беларусі на 95 балаў, няблага здаў мову, а матэматыку ці на 15, ці на 20 балаў. Але потым жыцьцё ўсё ж прымусіла наноў вучыць матэматыку.

Васіль «Пацук» Верамейчык з палоннымі расейцамі ў Мікалаеўскай вобласьці
Васіль «Пацук» Верамейчык з палоннымі расейцамі ў Мікалаеўскай вобласьці

«Раўкоў аж за сэрца схапіўся»

— Як сустрэла вас беларуская армія?

— Калі разьмеркаваўся, то трапіў у Печы ў тую самую школу, дзе праходзіў тэрміновую службу. Прыходжу туды радасны, думаю, буду намесьнікам камандзіра роты, а гэта ж цудоўнае жыцьцё, як жартуюць пра зампалітаў: «газэту згарнуў — працоўнае месца прыбранае». Але камандзір часткі мне ня менш радасна кажа: «Прымай роту. Ротнага ў цябе няма». У першы ж дзень прыняў роту, служба ішла добра.

Мне прапаноўвалі афіцыйна стаць ротным, я пра гэта думаў. Але здарылася адна непрыемная штука, кажуць, за гэта нейкі контраразьведчык нават зорачку атрымаў. Я паступіў без праблем жа, лібэральныя часы былі, хоць я стары апазыцыянэр. Мяне затрымлівалі яшчэ ў 2005 годзе пры перайменаваньні праспэкту Францішка Скарыны, мне тады было 15 гадоў. Маму выклікалі ў школу, яна сказала, што мной ганарыцца, кляса пааплядавала мне. Я ўдзельнічаў у Плошчы 2006 году. У 2014 годзе ва Ўкраіне пачалася вайна, і я дазваляў сабе нейкія выказваньні, хоць рабіў гэта асьцярожна, нешта кшталту: «Як казаў прэзыдэнт Лукашэнка, гэта братазабойчая вайна». Але дзесьці я штосьці ляпнуў лішняга, на старонцы «Ўкантакце» знайшлі рэпост палку «Азоў», нейкія данаты. Быў вялікі скандал. У выніку ўсё адправілі ў Акадэмію, а ідэолягі там вельмі баязьлівыя.

Выклікае мяне да сябе начальнік часткі. Кажа, я ня ведаю, што тут адбываецца, але ты едзеш да намесьніка міністра абароны Пузікава. Я прыехаў у параднай форме, у яго справа мая ляжыць на стале. Кажа, я асабліва не ўнікаў у справу, але міністар Раўкоў аж за сэрца схапіўся, калі ўсё гэта пабачыў.

«Ты ў цэлым палітыку дзяржавы падтрымліваеш?» — пытаецца Пузікаў. «У цэлым падтрымліваю», — адказваю я. Пасьля мне кажуць, што ёсьць загад ад асабовага складу мяне прыбраць, але караць няма за што. У выніку я пайшоў працаваць выкладчыкам агнявой падрыхтоўкі — гэта капітанская пасада. Ня ведаю, прыбралі мяне ад асабовага складу такім чынам ці не прыбралі.

Так паўгода прайшло. А потым усё забылася, і я перабраўся ўжо на маёрскую пасаду — камандзіра роты ў 12-й школе. Празь нейкі час звольніўся са службы «па сямейных абставінах» — гэта афіцыйная фармулёўка. Звольніўся ў 2016 годзе, за месяц да прысваеньня званьня старшага лейтэнанта.

«Па справе Коржыча пасадзілі аднакурсьніка»

— Што скажаце пра выпадак з шарагоўцам Коржычам, які адбыўся ў вашай частцы?

— Па гэтай справе пасадзілі майго аднакурсьніка, які быў у Коржыча камандзірам роты. Я думаю, што халатнасьць з боку афіцэраў была. Але ўпэўнены, што ніхто яго ня вешаў, я шмат з кім гаварыў. Няма ў Печах той «дзедаўшчыны» страшнай, пра якую гавораць, я ж праз усё гэта прайшоў і калі сам служыў, і калі быў афіцэрам. Я праводзіў службовае расьсьледаваньне нават за тое, што салдат ішоў у тапках і зламаў мезенец на назе, за любы сіняк такое адбываецца. Я думаю, гэта самагубства.

— Сваіх салдатаў ва Ўкраіне не сустрэлі?

— Імёнаў называць ня буду, але сустрэў салдата, які быў у мяне ў «вучэбцы».

— Адкуль у вас такая прабеларускасьць? Вы вольна гаворыце па-беларуску.

— Я зь вельмі інтэлігентнай сям’і. Першай маёй кнігай пасьля «Буквара» быў «Адкуль наш род» Уладзімера Арлова. Другая — «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» Арлова і Сагановіча. І дачка ў мяне расьце прыкладна з такім жа наборам.

Беларускія добраахвотнікі. Зьлева направа: «Пацук», «Волат», «Брэст», «Зубр»
Беларускія добраахвотнікі. Зьлева направа: «Пацук», «Волат», «Брэст», «Зубр»

«Сыстэма мяняе цябе, а ня ты сыстэму»

— Чым пасьля займаліся?

— Паехалі з жонкай у падарожжа, пражылі паўгода ў Тайляндзе. Найлепшая краіна ў сьвеце пасьля Беларусі. Вярнуўся — і пайшоў працаваць у «кол-цэнтар» адной кампаніі. Нейкія армейскія якасьці дазволілі мне там стаць «тым-лідэрам», а яшчэ празь нейкі час сысьці па прапанове ў ІТ-частку гэтай кампаніі. Займаўся нечым сярэднім між «проджэкт-мэнэджэмэнтам» і «кантэнт-мэнэджмэнтам». Назву кампаніі называць не хачу. Апошнім часам займаўся рызыка-мэнэджмэнтам. Калі па мяне прыйшлі…

— Па вас прыходзілі?

— Давайце пачну здалёк. Калісьці я быў у арганізацыі «Вольная моладзь», у нас была моладзевая ініцыятыва «Вока». Пасьля 2006 году я расчараваўся ў старой апазыцыі, пабачыў яе знутры. І з кожным годам расчараваньне было ўсё большае. Мае погляды з нацыянал-радыкальных перайшлі ў кансэрватыўныя. Мой гістарычны ідэал — Франсіска Франка. Ён уратаваў краіну і ад камунізму, і ад удзелу ў Другой сусьветнай вайне. А таксама падрыхтаваў Гішпанію да дэмакратыі пасьля сваёй сьмерці.

Я ніколі ня верыў у мірны пратэст. Апошнія гады перад войскам ні ў чым ужо ня ўдзельнічаў. Хацеў мяняць Беларусь знутры, сышоў у войска, але сыстэма мяняе цябе, а ня ты сыстэму. Да 2015 году маё расчараваньне дасягнула такіх памераў, што мяне нават раздражняла слова «свабода».

Я шмат разоў бываў у Эўропе, мне яна не падабалася, як і Расея. Мой ідэал — такая «беларуская Швайцарыя», магчыма, у саюзе з Украінай. І я заўжды казаў, што ў рэжыму ёсьць плюсы і мінусы. Я верыў у мяккую беларусізацыю. Але 2020 год перакрэсьліў усё. Акела пастарэў, прамахнуўся. Я ня веру, што Лукашэнка 2000 году змог бы ўсё гэта дапусьціць. Можна назваць тры памылкі, якія прывялі да пратэстаў: адносіны да ковіду (гаворка не пра локдаўн, а пра людзкае стаўленьне); пакінуць аднаго кандыдата, самага брыдкага, скажам, Цапкалу, намаляваць сабе 56%, выйсьці выбачыцца, што ўпала падтрымка, і паабяцаць выпраўляцца; а разагнаць усіх звычайна, без асаблівай жорсткасьці.

«Сядзеў з цудоўным хлопцам Сярогам»

— Але ў пратэстах вы ўдзельнічалі?

— Я 9 жніўня да вечара быў на ўчастку ў Зялёным Лузе. У той дзень затрымалі сястру жонкі на ўчастку, адвезьлі яе на Акрэсьціна. Мы прыехалі ў цэнтар дзесьці, а 22:30, пад’яжджалі з боку «Белай вежы», крычалі «Міліцыя з народам», чулі, што пяць гарадоў склалі шчыты. А яны склалі шчыты, але дасталі дубінкі.

Быў на «Рызе» 10 жніўня. Калісьці зь сябрамі сьмяяліся, што на 30-годзьдзе паедзем цягніком «Масква — Уладзівасток» і тры тыдні будзем піць, а замест гэтага я сустракаў сваё трыццацігодзьдзе, будуючы барыкады на «Рызе». Жонка тады сядзела дома, сачыла за падзеямі, тэлефануе мне. «Адкуль едуць?» — першае пытаньне. «Ды ня едуць, з днём нараджэньня цябе!» «Няма часу, зусім не да гэтага», — сьмешна было потым.

Васіль «Пацук» Верамейчык
Васіль «Пацук» Верамейчык

Удзельнічалі ў маршах. Жонка два разы па трое сутак адседзела, потым адпускалі, бо дома дзіцё малое. Сястра жонкі, здаецца, больш за 40 сутак сумарна адседзела. Апошні раз на 9 жніўня 2021 году, прыехала ў Беларусь, а яе прэвэнтыўна ўзялі. Мяне не затрымлівалі ніводнага разу, я чалавек дасьведчаны, шмат дзе быў, ногі хуткія. Ёсьць нават відэа, дзе едзе машына, што палівала людзей, а я іду ззаду і крычу свой каронны выраз: «Салдацікі, вы будзеце гарэць у пекле».

— Мы ўжо забыліся пра тое, калі за вамі прыйшлі…

— Мяне затрымалі пасьля пахаваньня бабулі, хавалі яе ў Салігорску. Здаецца, гэта быў канец кастрычніка. Пасьля пахаваньня мы сядзелі са стрыечным братам на лавачцы, выпівалі. І тут навіна: «Чатыры машыны згарэлі ў Салігорску». Падумаў: крута, пара і нам пачынаць дзейнічаць. На наступны дзень вяртаемся ў Менск: бацькі асобна, мы з братам — асобна. Тэлефануем з братам у дзьверы знаёмай, яна кажа — заходзьце, і тут нас адразу кладуць тварамі ў зямлю. У выніку нас вязуць назад у Салігорск.

Опэр тлумачыў потым, што ёсьць сьпісы, дзе першымі ідуць рэцыдывісты, а потым былыя міліцыянты і вайскоўцы, мой білінг праверылі, быў у горадзе. Часы яшчэ былі «вэгетарыянскія», я праседзеў пяць сутак. Сядзеў з цудоўным хлопцам Сярогам, які 18 гадоў правёў у калёніі, навучыў мяне чыфір варыць. У яго была кніга «Легенды старажытных Грэцыі і Рыму», мабыць, тры разы перачытаў. Але былі і цыгарэты, і ежа. Тады выйшаў артыкул на Tut.by пра мяне, быў вялікі розгалас.

Васіль «Пацук» Верамейчык (зьлева) з баявым таварышам
Васіль «Пацук» Верамейчык (зьлева) з баявым таварышам

«Тут рэальна тэрміну ня будзе»

— Дык машыны ўсё ж вы спалілі ці не?

— Хацелася б, каб гэта быў я, але не, ня буду браць на сябе чужыя заслугі. Першая думка па вызваленьні — валіць, але неяк усё ўстаканілася. Наступны марш — на Курапаты, думаю, не пайду. Адвёз жонку, а потым шэсьце міма мяне ў Зялёным Лузе ідзе, ня вытрымаў, плюнуў і пайшоў. Так да канца і хадзіў.

Было яшчэ цудоўнае ўратаваньне на «плошчы Перамен». Я выйшаў у кавярню па гарбату, пакуль расплаціўся, то ўсіх пабралі. Заходзіць у кавярню Балаба: «Усё нармальна, мы проста праверым дакумэнты». Мы выходзім, амапаўцы троху адцягнуліся. Я дзяўчыне побач з сабой: «Вазьміце мяне за руку». — «Думаеце, гэта дапаможа?» — «Давайце паспрабуем, а так хоць за жаночую руку патрымаюся перад 15 суткамі». І так мы ідзём праз адзін кардон, другі, трэці. У выніку выйшлі на Арлоўскую і сталі ўцякаць.

Трэцяга студзеня мы паехалі з жонкай глядзець кватэру ў Новай Баравой, плянавалі браць крэдыт. І тут на наступны дзень званок ад сьледчага, кажа, што прабілі мяне па білінгу, што ва ўсім удзельнічаў. «Прыходзьце, не перажывайце, тут рэальнага тэрміну ня будзе», — кажа мне.

Я пагаварыў са сваім адвакатам, ён кажа, што шмат такіх гісторый, трэба тэрмінова выяжджаць. У базе невыязных мяне не было. Але страху нацярпеўся, калі чакаў пасадкі на Кіеў. Потым вырашалі пажыць у Львове, чым былі задаволеныя. Калі жонка зьехала на нейкі час у Менск, то пажыў 4 месяцы ў Грузіі, не зайшло. Вярнуліся ў Львоў, дачка пайшла ў школу мясцовую, ніякіх праблем з украінскай для яе не было. Так і жылі там да вайны.

«Пракоп’еў паводзіў сябе без выпяндрожу»

— Адразу зразумелі, што паедзеце ваяваць?

— Я абяцаў сабе ў 2014 годзе: калі расейцы дойдуць да Кіева, то паеду. Трэба адказваць за свае словы. Праз антыкрызісны цэнтар у Львове мы выйшлі на добраахвотніка «Зубра». У Львове ўтрох дачакаліся першай калёны машын, якая ехала ў Кіеў зь беларусамі з Варшавы. Там былі і «Гена» (Радзівон Батулін. — РС), і «Вараг» (Алег Васільеў. — РС), і Вадзім Пракоп’еў. Пракоп’еў паводзіў сябе без выпяндрожу. Спаў з усімі ў залі, ніякай зорнай хваробы. «Гена» і «Вараг» у Кіеве паехалі ня з намі ў школу «Азову», а кудысьці сваім маршрутам. Так пачаліся ваенныя будні. Усе тады чакалі штурму Кіева, хутка расла колькасьць беларусаў у роце. У мяне адно пытаньне да офіса Ціханоўскай і ByPol, чаму яны не былі ні да чога падрыхтаванымі, чаму не пачалося будаўніцтва беларускіх падразьдзяленьняў, чаму не прыехаў ніхто да Зяленскага? На той момант зброю раздавалі без пашпартоў, дамовіцца можна было на што заўгодна.

— З чым сутыкнуліся ў «Азове»?

— Я прыглядаўся першы месяц. Тады быў аграмадны пад’ём патрыятызму, а таксама адчуваньне небясьпекі. Пачаліся нейкія трэніроўкі, хоць вакол быў поўны хаос. Зброю то атрымлівалі, то яе здавалі. Ніякіх задач ад «Азову» тады не было. Былі ў каравулах, ахоўвалі бальніцы. Асвойвалі зброю, тактычная падрыхтоўка. Зьяжджалі з «Азову» ротай, і «Волат» быў камандзірам першага ўзводу.

— Што за чалавек быў «Волат» (Павал Суслаў, загінуў у траўні. — РС)?

— Цалкам апраўдваў свой пазыўны. Чалавек-глыба. Ён унушаў упэўненасьць. Ён перажыў кому і казаў, што пасьля яе ня верыць у Вальгалу, але, на мой погляд, менавіта такія хлопцы там сядзяць за сталом Одзіна і балююць. Мы зь ім вельмі шмат гаварылі пра ўсё, пра рэлігію, пра жыцьцё, у тым ліку і ў апошнюю ноч «Волата».

Калі зьявіўся першы ўзвод, то я стаў камандзірам аддзяленьня. Калі была першая рота, то я быў ужо камандзірам узводу, а маім намесьнікам — «Мыш». Гэта было пасьля Ірпяня.

Васіль «Пацук» Верамейчык з Іванам “Брэстам” Марчуком у Севераданецку
Васіль «Пацук» Верамейчык з Іванам “Брэстам” Марчуком у Севераданецку

«Адчуйце сябе талібамі»

— Але вы ня езьдзілі ў Ірпень?

— Езьдзіў, прычым тройчы. Першая страшная штука была якраз у Ірпяні. Памятаю, што «Волат» і «Мыш» пайшлі ў штаб, а я застаўся пры машыне. І ў той момант расейцы сталі лупіць проста па стаянцы. У машыне выбіла шкло, прабітае кола, а я схаваўся ў нейкай канаве, фартанула, што застаўся жывы. Я не магу сказаць, што было страшна. Дзесьці на пяты прылёт я дастаў тэлефон, загрузіў кніжку і стаў чытаць. Я проста шмат чытаю фэнтэзі, а што яшчэ рабіць? Празь дзень-два яшчэ раз спрабавалі прарвацца да хлопцаў, у Ірпяні быў поўны хаос. Былі я, «Волат» і «Зубар», нейкім цудам дабраліся да нашых, тады яшчэ ня ведалі, што «Тэрор» (Зьміцер Апанасовіч, загінуў у сакавіку. — РС) загінуў. Была радасная сустрэча, мы іх забралі. Нельга сказаць, што я там супэрваяваў, але першы досьвед быў. Потым была Буча, але там нічога асаблівага ня здарылася.

Менавіта ў Бучы я ўпершыню пабачыў украінскага афіцэра, які нас стаў курыраваць у будучыні. Ён заўжды ішоў на пазыцыі, вывозіў параненых, чакаў прапановаў, вельмі тактоўны чалавек.

— Куды вас накіравалі потым?

— У хуткім часе мы пераехалі на сваю базу. Зьявілася другая рота. «Волат» зьезьдзіў у Мікалаеў, атрымалі там задачу. Я ўжо ня помню, колькі туды паехала, чалавек 40, мабыць, ня ўся рота. На пачатку мікалаеўскай эпапэі там было 100 замежнікаў і каля 40–50 беларусаў. Нам сказалі, што замежнікі маюць баявы досьвед, будуць плаваць на заданьні на касу, а вы на ахове, каравулах. А пад канец эпапэі нас было 120, а замежнікаў — 20–30. Бо беларусы паказалі высокі маральны дух, што замяняе баявы досьвед. Тым больш у замежнікаў досьвед вайны быў супраць «індзейцаў», талібаў. Вялізная цякучка, яны пастаянна абураліся, што так нельга ваяваць. А я казаў ім: «Адчуйце сябе талібамі». Суадносіны артылерыі прыкладна такія ж — 11,5 да 1. Таму шмат замежнікаў зьяжджалі, сходзяць на адно заданьне — зьяжджаюць.

«Самае складанае на вайне — гэта стэп»

— У батальёне «Волат» таксама ж ёсьць чэх.

— Дзівосная гісторыя, ён пешшу, бяз грошай пераходзіў мяжу Славаччыны і Ўкраіны. І ў Львове сустрэў нашых. Спыталі: куды? — Ваяваць. — Паехалі. Так і зьявіўся наш беларускі чэх. Выдатны баявы пабрацім.

— Добра, вернемся да мікалаеўскага кірунку.

— У першы ж дзень украінскі камандзір папрасіў арганізаваць каравульную службу, «Волат» даручыў гэта мне. Усё арганізавалі. Нейкае падабенства вайсковай службы было, да чаго я заўжды імкнуўся. За гэта мяне і называлі салдафонам. Потым дадалося заданьне вываду з акружэньня 60 байцоў УСУ, якія сядзелі ў Аляксандраўцы. Паўвёскі займалі расейцы, палову — нашы. За гэтую апэрацыю я атрымаў пакуль адзіную сваю ўзнагароду — «Україна понад усе».

— Раскажыце.

— Яны самі выйшлі з акружэньня, але мы іх сустракалі. Мы — дзьве каманды іншаземцаў і каманда беларусаў. Гэта быў цікавы досьвед. Украінцы, што выходзілі, трошку прамахнуліся і замест беларусаў выйшлі на амэрыканцаў, сустрэў іх чарнаскуры хлопец, цікавая была рэакцыя. Украінцы не маглі зразумець, што здарылася за гэтыя два тыдні. Я тады ўнёс прапанову, што ніякіх дзеяньняў замежнікаў без англамоўнага беларуса быць не павінна. Я вёў тую групу з акружэньня, былі абстрэлы, усё як на вайне. Самае цяжкае на вайне, як па мне, гэта стэпы, там няма дзе хавацца, над табой «Арланы» [«Арлан» — расейскі бесьпілётны комплекс. — РС].

Васіль Верамейчык з дачкой
Васіль Верамейчык з дачкой

«Зь сямі чалавек выйшла толькі двое»

— У вас жа было раненьне?

— Так, лёгкае, пашанцавала. Гэта было, калі атрымалі загад заняць пазыцыю «Мік-Мік». У групе быў камандзір-украінец, я як памочнік і перакладчык, а таксама два амэрыканцы, брытанец, немец і датчанін. Мы занялі пазыцыю, рылі акопы. Ранкам пачаўся актыўны абстрэл, нічога незразумела. Амэрыканец «Грэйдзі» з брытанцам пайшлі на разьведку. Хвілін празь пяць бачу, што на нас высоўваюцца людзі, можа і нашы, можа расейцы. І тут яны пачалі страляць, тады ўсё праясьнілася.

Але мы не маглі сысьці, бо «Грэйдзі» з брытанцам аказаліся адрэзанымі, патавая сытуацыя. Апошняе ад іх чулі: «Прыкрыйце агнём, паспрабуем прарвацца». Потым дазналіся, што «Грэйдзі» загінуў, а брытанец у палоне. Агнявы кантакт скончыўся, расейцы залеглі пад насыпам і навялі на нас артылерыю. З датчанінам мы цягнулі іншага амэрыканца, які быў на назіральным пункце, і яго параніла. Падчас усяго гэтага адбываецца яшчэ адзін прылёт арты, датчаніну адрывае руку, і ён адразу траціць прытомнасьць. Я дацягнуў параненага, і тут пачынаецца стралкатня. Амэрыканец таксама траціць прытомнасьць. Датчанін ужо памёр на той момант. Украінскі маёр пабег з пазыцыі, за ім я і немец. Расейцы ад нас былі мэтраў за сто. Мы адстрэльваліся. Украінскі маёр паспрабаваў па-спэцназаўску страляць, адкідваючыся, тады яму куля ў жывот і прыляцела. Памёр ён амаль імгненна.

Сумная гісторыя, датчанін скардзіўся ранкам таго дня мне, што ў яго было тры гады службы, здаецца, у Афганістане, і ніводнага баявога заданьня. А тут першае заданьне — і адразу загінуў.

Мы зь немцам паўзьлі далей, «Волат» нас прыкрыў. Яшчэ калі цягнулі амэрыканца, то бачу, кроў цячэ, аказалася — гэта аскепак трапіў у руку. Яшчэ пашанцавала, трошку б ніжэй — і трапіла б у сухажыльле. Спрабаваў накруціць турнікет, але ён зваліўся, пакуль паўзьлі. Я нармальна ішоў, толькі аўтамат аддаў. Сумная гісторыя, калі зь сямі чалавек выходзіць толькі двое — адзін у палоне і чацьвёра загінулі. Імавернасьць выйсьці 15%.

«Ці то міна, ці то расьцяжка»

— Наколькі чуў, вы былі дастаткова блізкі з Паўлам «Волатам». Можа, раскажаце пра яго сьмерць?

— «Волат» увесь час быў на пазыцыі ў Мікалаеўскай вобласьці, нікуды не вылазіў. «Брэст» (Іван Марчук, загінуў у чэрвені пад Лісічанскам. — РС) таксама быў там зь ім. У адной вёсцы дакладна былі расейцы, у каманды замежнікаў быў плян зьдзейсьніць налёт на вёску. У ноч перад сьмерцю «Волата» я прыехаў з чатырма легіянэрамі, якія хацелі правесьці разьведку. «Волат» павёў нас па сваёй тэрыторыі, дзе ён гуляў штодня. Мы яму казалі, няхай нехта іншы сходзіць. Ён ня слухаў нікога, усё рабіў сам, хоць скардзіўся, што мала сьпіць. Вось так мы гулялі ўначы, запускалі дрон, які потым расейцы пасадзілі. Мы з «Волатам» усю ноч гаварылі пра ўсё і ні пра што, пакуль замежнікі займаліся сваімі справамі.

Як зараз помню, за дзень да гэтага мы ішлі па дарозе, а быў дождж перад гэтым, і мы пакідалі палоску сьлядоў. Я і замежнік «Акула» (ён выдатна размаўляў па-расейску) прапаноўвалі ісьці па траве, але «Волат» сказаў: «Лухта, штодня тут ходзім». Гэта «шэрая зона», там усе хадзілі — мы, расейцы. Магчыма, расейцы неяк убачылі гэтыя сьляды ці самі, ці з дрона. Менавіта на гэтай тэрыторыі полк Каліноўскага ўзяў нашага першага палоннага, выйшлі туды два снайпэры: адзін у палоне, а другога застрэліў «Брэст».

Найбольш лягічным бачыцца, што па шляху гэтых сьлядоў паставілі ці міну, ці расьцяжку. У мяне нават перапіска засталася з «Волатам» за той дзень. «Волат» ішоў першы, закрануў гэтую фігню. Парамэдык кажа, што разумеў усё адразу, калі яшчэ ратавалі «Волата». Сэрца было нармальнае, але мозг ужо адмовіў. «Брэст» па бездарожжы ехаў на «Таёце» забраць «Волата». Як толькі нам пазванілі, то адразу таксама паехалі ў бальніцу. Яшчэ па дарозе нам сказалі, што ўсё.

Васіль Верамейчык з жонкай Яўгеніяй
Васіль Верамейчык з жонкай Яўгеніяй

«Калі б не пайшлі, то зганьбіліся б»

— Перад наступам у Мікалаеўскай вобласьці не сумняваліся, што пойдзеце ў бой? Чуў, што частка беларусаў адмовілася.

— Беларусаў там удзельнічала 70 чалавек. Беларусы праявілі сябе выдатна, выканалі ўсе задачы. Я чалавек вайсковы, я выказаўся, што мы ў арміі і ў нас ёсьць загад. Калі б мы не пайшлі, то зганьбіліся б. Якая б слава пайшла пра беларусаў? Што б пра нас падумалі людзі? Самае галоўнае для воіна — гонар. Такое пытаньне не стаяла ні для мяне, ні для «Брэста», ні для «Дзядзькі» (былы вясьляр Павал Шурмей. — РС). Усё прайшло троху ня так, як плянавалася. Але ўсё выканалі добра. Гэта цуд, што ўсе вярнуліся жывыя. Побач хлопцы з разьведбату ахоўвалі дзялянку лесу, і там два «двухсотыя» пры адыходзе. А мы ўзялі палонных, і пры гэтым усе засталіся жывыя. Быў адзін паранены, а таксама наш камандзір-украінец наступіў на міну, але застаўся жывы. Мае хлопцы ішлі першымі, я ішоў пятым-шостым. Мы дайшлі, узялі вёску з боем, узялі палонных. Іх браў уласнымі рукамі «Брэст». Потым «Брэст» вёў людзей у атаку, а я расстаўляў пасты, мы захапілі расейскую рацыю, слухалі іх перамовы. Быў вельмі моцны абстрэл, стрэлам з танка закранула нашага хлопца. Нам вельмі доўга шанцавала.

— Менавіта шанцавала, а не паказвалі найлепшыя якасьці?

— Вайна — гэта заўжды шанцаваньне. Я кадравы афіцэр, але ніколі не ваяваў. Па вяртаньні з заданьня было вялікае сьвята, шашлыкі. Па дарозе мы заехалі ў шпіталь да куратара, да «Ваўкалака» (лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч. — РС). На агульным сходзе прынялі рашэньне, што мы фармуем батальён «Волат». Было прынятае рашэньне, што камандзірам будзе «Брэст», а ягонымі намесьнікамі — я (па пяхоце) і Ян «Беларус» Мельнікаў (па цяжкім узбраеньні). У момант ратацыі стала зразумела, што нас выклікаюць у Севераданецк. Паўтара дня адпачылі, хоць гэта не назавеш адпачынкам, і зьехалі на Лісічанск, туды ехалі суткі. Дарога абстрэльвалася, гэта быў апэндыкс, напалову акружаны ворагам. Ехалі ў Лісічанск у поўным баявым.

«Па ходу, гэты фільм канчаецца»

— Гэта былі апошнія дні перад акупацыяй?

— Так. Мы зайшлі ў добры будынак з падвалам, які быў у «шэрай зоне». Назвалі гэты будынак «Брэст», але была блытаніна, каго выклікаюць: пазыцыю ці камандзіра. Таму перайменавалі «Крэпасьць Брэст». Тады блытаніна скончылася. Было жыцьцё на гэтай пазыцыі, чакалі, калі прыйдуць расейцы. У выніку пайшлі самі на штурм, у якім загінуў адзін замежнік і ўкраінскі камандзір. Быў страшны момант, калі на флянг будынку, дзе знаходзіліся мы, выехаў танк, мэтраў за 80 ад нас. Хлопцы думалі, што ўсё. Была каманда ўсім зьбегчы.

Мы зь «Дзядзькам» выйшлі, ён прыкрываў, а я ўдарыў з гранатамёта «Матадор». Ня ведаю, ці трапіў, але сам факт, што танк зьехаў. Гэта быў адзін з найстрашнейшых выпадкаў за вайну. Іншы — калі мы з «Брэстам» уначы ішлі з «Крэпасьці Брэст» у тыл. У расейцаў было шмат боепрыпасаў, яны стралялі па ўсім, што рухалася. І проста перад намі выбухнула міна, ноччу яшчэ добра бачна, як гэтыя асколкі разьлятаюцца. Калі я поўз зь «Мік-Міка», тады было ня так страшна, на адрэналіне я не пасьпяваў падумаць. Хаця ў мяне нават была выразная думка: «Па ходу, гэты фільм канчаецца». Другая тады думка: «Няўжо я больш ніколі ня вып’ю іпахі? (стыль піва IPA. — РС)». Вельмі празаічныя думкі прыходзілі ў галаву.

— «Брэст» нічога не баяўся?

— Абсалютна бясстрашны чалавек. Ён бравіраваў сваім бясстрашшам. Я прыгінаўся заўжды пры выбухах, стараўся не хадзіць бяз броніка. А «Брэст» у майтках хадзіў пад абстрэламі, калі выходзіў чысьціць зубы. Ён вельмі любіў асабістую гігіену. Ён быў таленавіты і вельмі сьмелы. Любіў цяжкую зброю. Помню, зь якой любоўю расказваў пра кулямёт «Браўнінг».

Васіль «Атам» (загінуў разам з «Брэстам». — РС) быў у маёй першай роце, пакуль не перайшоў у роту цяжкога ўзбраеньня, я зь вялікай цяжкасьцю адпускаў яго. «Сябро» (Васіль Парфянкоў. — РС) быў у мяне, клясны хлопец. Чакаеш, што ў чалавека, які пяць гадоў ваяваў, будуць нейкія панты, але ніякіх праблем не было зусім.

«Волат» казаў: «Гэта вайна: ты альбо загінеш, альбо не». Таму зь нейкага боку я быў да гэтага падрыхтаваны.

Васіль Верамейчык з жонкай Яўгеніяй
Васіль Верамейчык з жонкай Яўгеніяй

«Даказваюць учынкі, а не пазыўны»

— Напрыканцы размовы раскажыце яшчэ пра сваю жонку, столькі разоў яе ўспаміналі.

— Яна па-геройску ня зьехала з Украіны ў першыя дні вайны, не паддалася паніцы. І дачка доўгі час заставалася ў Львове. Асабліва яе ўпэўненасьць павялічвалася, калі чытала пра чэргі на мяжы (сьмяецца). Потым яна зьехала ў Турэччыну, з Варшавы дачку адправілі ў Нямеччыну да маіх сваякоў. А жонка вярнулася ў Львоў. Знаёмыя зь ёю зь 17 гадоў. Яна айцішніца.

— Адкуль ваш пазыўны?

— На тэрміновай службе я прайграў у спрэчцы. І я павінен быў сабе прыдумаць сьмешную і крыўдную мянушку. Я і сказаў на беларускай мове — Пацук. Дарэчы, я адзін з трох людзей з прызыву прымаў прысягу па-беларуску. А калі прыехаў у Кіеў, то было не да гэтага, я думаў, што ўсе мы памром. Магчыма, палітычна было б правільна прыдумаць іншы пазыўны, але наперакор лёсу я пакінуў «Пацука». Штосьці даказвае не пазыўны, а ўчынкі. Я думаў над варыянтамі «Сьвятаяр», «Нолдар» (гэта з Толкіна, адно з плямён эльфаў).

— Што самае непрыемнае на вайне?

— Адчуваньне бессэнсоўнай сьмерці. Гэта можна круціць з розных бакоў. Вайна ўвогуле бессэнсоўная, і калі ў нас ёсьць мэта, то што ў галовах у расейцаў, зусім няясна. Гэтак і бессэнсоўнасьць — бывае, што гінуць тыя, хто расейцаў нават ня бачылі. Калі я ляжаў пад Ірпянём, то думаў: «Я ніводнага расейца ня бачыў, а ўжо кракну».

— Што самае прыемнае на вайне?

— «Брэст» і «Волат», здаецца, нават кайф лавілі ад вайны. У мяне таксама момантамі ёсьць адчуваньне драйву, перамогі, дасягненьня мэтаў. Гэта мачысцкае адчуваньне, што ты даказаў, што ты сьмелы. Гэта нешта на біялягічным узроўні закладзена ў мужчынскі пачатак.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG