Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэр Кіева наведвае блёк-пост у Кіеве, 6 сакавіка 2022
Мэр Кіева наведвае блёк-пост у Кіеве, 6 сакавіка 2022

13-ы дзень расейскай вайны ва Ўкраіне: бамбаваньне Сумаў, гуманітарныя калідоры, новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі

абноўлена

Працягваецца вайна, якую 24 лютага прэзыдэнт Расеі Пуцін пачаў супраць Украіны. За гэты час ужо звыш 1,7 млн украінцаў сталі ўцекачамі, расейскія войскі скідаюць на гарады ракеты і касэтныя бомбы.

11:43 8.3.2022

З Харкава эвакуаваліся больш за траціну насельніцтва

Звыш 600 тысяч жыхароў Харкава пакінулі горад у рамках эвакуацыі. Аўтамабільныя дарогі перагружаныя. Да вайны насельніцтва Харкава без уліку аглямэрацыі было звыш 1,4 млн чалавек.

23:46 8.3.2022

«Беларусы — гэта людзі, а не „вусаты-сіняпалы“». Беларуска за ноч прыняла ў сваёй польскай хаце 120 уцекачоў з Украіны

Беларуска Вольга Адамовіч 22 гады жыве ў польскім Любліне. Пасьля пачатку вайны яна вырашыла дапамагчы некалькім украінскім уцекачам. Вольга разьмясьціла абвестку на Facebook, што прыме «да дзесяці» ўкраінцаў. У выніку ўчора ў яе доме начавалі 120 уцекачоў.

Пра гэта Вольга расказала Свабодзе.

22:23 8.3.2022

Расейскі бок абвесьціць рэжым цішыні і забясьпечыць гуманітарныя калідоры з Кіева, Чарнігава, Сумаў, Харкава і Марыюпаля заўтра з 10:00

Пра гэта гаворыцца ў заяве Мінабароны Расеі.Таксама паведамляецца, што Расея накіруе інфармацыю аб магчымых маршрутах гуманітарных калідораў на 9 сакавіка віцэ-прэм’еру Украіны Ірыне Верашчук.

22:13 8.3.2022

Лукашэнка спрабуе «пераабуцца ў паветры», — Карбалевіч

Палітоляг Валер Карбалевіч тлумачыць, чаму Пуцін ужо прайграў вайну, як Лукашэнка спрабуе «пераабуцца ў паветры» і не апынуцца ў сьпісе ваенных злачынцаў.​

20:48 8.3.2022

L’Oreal зачыніць у Расеі крамы. McDonald's часова закрые ў Расеі 850 рэстаранаў

Найбуйнейшая ў сьвеце касмэтычная кампанія аргумэнтуе такое рашэньне ўварваньнем Расеі ва Ўкраіну.

У заяве L’Oreal адзначаецца, што ў кампаніі працуе 326 украінскіх супрацоўнікаў, большасьць зь якіх застаецца ў сваёй краіне ў «невыносных умовах».

«Мы турбуемся за іх і асьцерагаемся за іх бясьпеку», – гаворыцца ў паведамленьні францускай кампаніі. З прычыны расейскай агрэсіі супраць Украіны аб прыпыненьні вытворчасьці аўтамабіляў у Расеі заявілі таксама кампаніі Ferrari і Lamborghini. Пра часовае закрыцьцё 850 рэстаранаў паведаміла кампанія McDonald's.

20:05 8.3.2022

Эўразьвяз падрыхтаваў плян скарачэньня імпарту расейскіх газу і нафты

Плян, падрыхтаваны Эўракамісіяй, прадугледжвае, у прыватнасьці, скарачэньне імпарту расейскага газу на дзьве траціны да канца гэтага году. Пра гэта паведаміла кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен.

19:37 8.3.2022

Байдэн абвясьціў пра забарону на імпарт расейскіх энэрганосьбітаў

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн 8 сакавіка абвясьціў, што накладае забарону на імпарт расейскіх энэрганосьбітаў у яго краіну ў сувязі з вайной Расеі супраць Украіны.

Вялікая Брытанія таксама спыніць імпарт расейскай нафты і нафтапрадуктаў да канца 2022 году. Пра гэта паведаміў міністар энэргетыкі краіны Квасі Квартэнг.

18:39 8.3.2022

Улады Запароскай вобласьці: У Бярдзянску распаўсюджваюць улёткі аб рэфэрэндуме па аб’яднаньні Расеі і Ўкраіны

Улады Запароскай вобласьці Ўкраіны апублікавалі са спасылкай на СБУ фатаграфіі ўлётак, якія, як сьцьвярджаецца, распаўсюджваюць у акупаваным Бярдзянску расейскія ўлады.

У тэксьце, які шмат у чым паўтарае афіцыйную расейскую рыторыку, ёсьць згадка пра магчымае аб’яднаньне Расеі і Ўкраіны.

17:57 8.3.2022

Ад абстрэлаў з боку расейскіх войскаў пацярпелі замежныя дыпляматычныя прадстаўніцтвы ва Ўкраіне


У Марыюпалі праз ракетна-бомбавыя ўдары пашкоджаны будынак, у якім разьмяшчалася генэральнае консульства Грэцыі і офіс спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ, у Харкаве разбураны памяшканьні ганаровых консульстваў Славеніі, Азэрбайджану і Альбаніі, паведамляе МЗС Украіны.

17:37 8.3.2022

З пачатку вайны ва Ўкраіне загінула ўжо 41 дзіця


Яшчэ 76 дзяцей атрымалі раненьні, сьцьвярджае ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека Людміла Дзянісава.

Яна заявіла, што да гэтага часу немагчыма вызначыць колькасьць забітых і параненых у Марыюпалі і Валнавасе — доступ туды немагчымы, бо гэтыя гарады ў аблозе расейскіх войскаў.

17:36 8.3.2022

Кіраўнік Кіеўскай вобласьці Аляксей Кулеба расказаў пра становішча ў вобласьці

  • Макараў, Ірпень, Гастомель, Барадзянка — пастаянна вядуцца баі;
  • УС РФ назапашвае войскі і тэхніку, абстрэльваючы аб'екты сацыяльнай інфраструктуры;
  • Гучаць пагрозы з боку вайскоўцаў РФ на адрас кіраўнікоў абласных адміністрацый з патрабаваньнем здаваць населеныя пункты. «Гэтага ня будзе, нас не запалохаць»;
  • Галоўнае пытаньне – гуманітарная дапамога: Буча, Ірпень, Гастомель, Макараў, Барадзянка, Ворзель, жыхары якіх вымушана сядзяць у падвалах без вады і ежы.


16:49 8.3.2022

16:44 8.3.2022

У Санкт-Пецярбургу пачаліся затрыманьні на жаночай антываеннай акцыі

Паліцыя ў цэнтры Санкт-Пецярбургу пачала затрымліваць удзельнікаў і відавочцаў антываеннага жаночага шэсьця, сьведчыць Avtozak LIVE.

16:21 8.3.2022

У Ірпені працягваецца эвакуацыя мірных жыхароў у Кіеў

Паведамляецца, што дапамогу аказалі амаль 3 тысячам мірных жыхароў.

16:19 8.3.2022

Эвакуацыя мірнага насельніцтва ў Сумах сарваная праз абстрэлы расейскімі танкамі

Як перадае карэспандэнт УНІАН, на выезьдзе з гораду працягваецца бой. У прыватнасьці, вядзецца абстрэл расейскімі танкамі і аўтаматная стральба. На блёкпосьце, дзе разьмяшчаюцца сілы мясцовай тэрабароны, увесь аўтамабільны транспарт разварочваецца назад у горад.

Абноўлена: Пазьней Сумская вайсковая адміністрацыя паведаміла, што «зялёны калідор» адноўлены. Эвакуацыя мірных жыхароў з гораду, які другі тыдзень цярпіць ад расейскіх абстрэлаў, працягваецца.

16:01 8.3.2022

Зноў абстрэл гуманітарных калідораў

Пра абстрэлы расейскімі сіламі гуманітарнага калідора з Запарожжа ў Марыюпаль паведаміў афіцыйны прадстаўнік МЗС Украіны Алег Нікаленка. Ён падкрэсьліў, што дамоўленасьці аб спыненьні агню Расеяй парушаны.

«8 грузавікоў + 30 аўтобусаў гатовыя даставіць гуманітарку ў Марыюпаль і эвакуаваць мірных жыхароў у Запарожжы“, — напісаў Нікаленка і заклікаў узмацніць ціск на Расею, каб прымусіць яе выконваць свае абавязаньні.​

15:57 8.3.2022

Мэр Ірпеня: У Ірпені і суседніх гарадах і вёсках гуманітарная катастрофа

Ворзель, Буча, Гастомель, Забучча і Міхайлаўка-Рубежаўка цалкам захопленыя расейскімі войскамі, якія не даюць мясцовым жыхарам выходзіць з хаты, напісаў мэр Ірпеня Ўладзімір Карплюк.

«Час ад часу ў чалавечыя дамы страляюць акупанты з рознага роду зброі. Ідуць баі за Ірпень, эвакуацыя аўтобусаў цывільнага насельніцтва праводзіцца праз мост каля Раманаўкі ў бок сталіцы. Расейскія войскі разбамбілі гарадзкую клініку Ірпеня і новы мэдцэнтар, удалося эвакуаваць мэдпэрсанал і некаторую мэдычную тэхніку. Частка лекаў і ранейшая імпартная гуманітарная дапамога была захопленая акупантамі», — напісаў Уладзімір Карплюк.

Ён піша, што жыхары гарадоў Гастомель, Ірпень, Буча, Гарэнічы галадаюць і мерзнуць у падвалах. Ён заклікаў міжнародную супольнасьць выратаваць мірных жыхароў гэтых гарадоў.

15:50 8.3.2022

Генэральны пракурор Нямеччыны пачаў расьсьледаваньне ваенных злачынстваў Расеі, учыненых ва Ўкраіне

Пра гэта піша Spiegel. Расьсьледаваньне Пэтэра Франка тычыцца паведамленьняў аб прымяненьні касэтных бомбаў, ударах па жылых кварталах і цывільнай інфраструктуры, газаправодах, месцах захоўваньня ядзерных адкідаў і цеплавых электрастанцыях.

15:04 8.3.2022

Войскі РФ пачалі атаку гуманітарнага калідора ў Марыюпалі

Чарговым разам расейскія агрэсары парушылі дамоўленасьці пра вываз мірных жыхароў з гарадоў. Сёньня расейскія войскі пачалі атаку ў кірунку гуманітарнага калідора ў Марыюпалі, заявілі ў штабе ўкраінскай Апэрацыі аб’яднаных сілаў.

«Для эвакуацыі мірнага насельніцтва Марыюпалю па адзіным маршруце абаронцы гораду зрабілі шэраг захадаў: расчысьцілі дарогі ад мінаў, зьнялі інжынэрныя загароды і іншае. Аднак акупанты ня выпусьцілі з гораду дзяцей, жанчын і старых. Праціўнік нанёс атаку ў напрамку гуманітарнага калідора», — гаворыцца ў паведамленьні.

Раней у Запароскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі паведамілі, што з Запарожжа ў Марыюпаль адправіліся эвакуацыйныя аўтобусы, была накіраваная й гуманітарная дапамога.

Эвакуацыя мірнага насельніцтва адбываецца ў Сумах 8 сакавіка пасьля таго, як украінскі ўрад абвясьціў пра дамоўленасьць з расейскім бокам аб гуманітарным калідоры ў гэтай мясцовасьці. Пра посьпех ці няўдачу эвакуацыйнай апэрацыі там пакуль невядома.

14:56 8.3.2022

Дарадца Зяленскага абвергнуў інфармацыю, што расейцы захапілі Ізюм

Горад у Харкаўскай вобласьці зазнаў мноства стратаў, але застаецца пад кантролем Украіны. За яго ў гэты момант ідуць баі. Расейцы праз роспач, што не ўдаецца захапіць ніводзін буйны ўкраінскі горад, пачалі рабіць акцэнт на псыхалягічным ціску на мясцовае насельніцтва.

14:41 8.3.2022

Колькасьць уцекачоў з Украіны дасягнула 2 млн чалавек

Колькасьць уцекачоў з Украіны з-за расейскай агрэсіі імкліва расьце штодня. Трагедыя разьвіваецца вышэйшымі тэмпамі за падзеі ў Босьніі і Косаве 90-х гадоў.

Вярхоўны камісар ААН у справах бежанцаў Філіпа Грандзі пасьля наведваньня Малдовы, Польшчы і Румыніі пацьвердзіў, што колькасьць людзей, якія ўцякаюць ад вайны ва Ўкраіне, дасягнула 2 мільёнаў чалавек.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG