Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Увечары 1 сакавіка расейскія войскі пацэлілі ракетай у кіеўскую тэлевежу. Прынамсі 5 чалавек загінула
Увечары 1 сакавіка расейскія войскі пацэлілі ракетай у кіеўскую тэлевежу. Прынамсі 5 чалавек загінула

Харкаў і Кіеў пад ракетнымі ўдарамі, Херсон у аблозе. Хроніка вайны Расеі супраць Украіны і рэакцыі ў сьвеце 1 сакавіка

абноўлена

З раніцы 24 лютага Расея вядзе атаку на Ўкраіну, абстрэльвае гарады, у тым ліку жылыя кварталы. Свабода сочыць за падзеямі ў жывым рэжыме.

20:59 1.3.2022

Ад абстрэлу тэлевежы ў Кіеве загінулі 5 чалавек. Яшчэ 5 атрымалі раненьні

Пра гэта паведамляе ўкраінская дзяржаўная служба надзвычайных сытуацыяў.​

Таксама ў 17:10 снарад, накіраваны на тэлевізійную вежу ў Кіеве, упаў на адлегласьці 200 мэтраў ад тэрыторыі Бабінага Яру. Пра гэта паведаміла Аб’яднаная габрэйская грамада Ўкраіны.

У Бабіным Яры пахавана больш за 100 000 кіяўлян — ахвяраў нацызму, пераважная большасьць іх былі габрэямі.

21:20 1.3.2022

Маскоўскую радыёстанцыю «Эхо Москвы» ўлады Расеі адключылі ад эфіру.

Пра гэта паведаміў галоўны рэдактар радыё Аляксей Венядзіктаў.​

Раней Генэральная пракуратура Расеі запатрабавала абмежаваць доступ да сайтаў «Эха Москвы» і тэлеканалу «Дождь», паведамляе РБК. Пазьней зьявілася інфармацыя, што амаль усе апэратары ў Расеі ўжо выканалі гэтае патрабаваньне.

22:05 1.3.2022

Беларусь і Расею адхілілі ад усіх камандных спаборніцтваў па тэнісе

Міжнародная фэдэрацыя тэнісу (ITF) адхіліла Беларусь і Расею ад сяброўства ў арганізацыі і забараніла ўдзел у камандных спаборніцтвах.​

Таксама адменены турніры ў гэтых краінах, паведамляе прэс-служба ITF.

Пры гэтым беларускім і расейскім спартоўцам дазволена ўдзельнічаць у індывідуальных спаборніцтвах Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (ATP) і Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA).

22:09 1.3.2022

Лукашэнка заявіў, што ўкраінскія ракеты маглі паляцець «у Гомель і Мазыр»

Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА падрабязна пераказала асноўныя моманты прамовы Аляксандра Лукашэнкі на нарадзе з чальцамі Савету бясьпекі, у якой ён спрабаваў патлумачыць сваю падтрымку нападу Расеі на Ўкраіну.

Лукашэнка імкнуўся акцэнтаваць увагу на пагрозах для Беларусі, якія, на ягоную думку, ішлі з тэрыторыі Ўкраіны. Сярод іншага, ён заявіў, што Расея нанесла «апераджальны ўдар» і што «калі б гэтага не зрабілі, гэтыя ракеты прыляцелі б у Гомель і Мазыр».

23:26 1.3.2022

Дзяржсакратар ЗША паставіў пад пытаньне сяброўства Расеі ў Радзе ААН у правах чалавека

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен паставіў пад пытаньне сяброўства Расеі ў Радзе ААН у правах чалавека пасьля расейскага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны.

У відэазвароце да Рады ААН Блінкен назваў дзеяньні Масквы на тэрыторыі суседняй дзяржавы жудасным парушэньнем правоў чалавека.

23:45 1.3.2022

МЗС Польшчы ініцыяваў працэс адабраньня расейскай нерухомасьці ў Варшаве

У тым ліку, будынка школы пры пасольстве, гаворыцца ў заяве ведамства.

23:58 1.3.2022

МУС Украіны: На ўсходзе краіны без электрычнасьці і харчаваньня засталіся амаль 40 тысяч чалавек

Праз агрэсію Расеі на ўсходзе Украіны каля 40 тысяч чалавек засталіся без сьвятла і харчаваньня, а расейскія вайскоўцы перашкаджаюць эвакуацыі мясцовага насельніцтва, паведаміў міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі.

00:28 2.3.2022

Эўразьвяз дамовіўся адключыць ад SWIFT сем расейскіх банкаў, а таксама накласьці санкцыі на RT і «Спутник»

Амбасадары Эўразьвязу дамовіліся адключыць ад SWIFT сем расейскіх банкаў, а таксама ўхвалілі санкцыі супраць расейскіх мэдыя-карпарацый RT і «Спутник».

Паводле інфармацыі, якую атрымала Радыё Свабода гаворка ідзе пра банкі ВТБ, ВЭБ.РФ, «Открытие», «Новикомбанк», «Промсвязьбанк», «Совкомбанк» і «Банк Россия».

XS
SM
MD
LG