Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэзыдэнцыі Лукашэнкі выставілі карціну, дзе ён і ягоны сын Мікалай з аўтаматамі ў руках


У менскай рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі выставілі карціну, на якой ён з сынам Мікалаем і з аўтаматамі ў руках. На карціне таксама намаляваны сілавік з закрытым тварам. Фатаграфіі апублікавалі ў Тэлеграм-канале «Пул Первого», звязаным з уладамі.

Карціну, паводле Лукашэнкі, яму падарыла дачка супрацоўніка ягонай службы бясьпекі, якая вучыцца ў Акадэміі мастацтваў. «Я сказаў: у Палац незалежнасьці пастаўце [карціну], каб бачылі. Гэта важны ў жыцьці маёй момант быў», — сказаў ён.

23 жніўня мінулага году ў Менску пасьля абвяшчэньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, пераможцам якіх Цэнтарвыбаркам Беларусі назваў Лукашэнку, праходзілі шматтысячныя пратэсты. У адзін момант пратэстоўцы пайшлі ў бок Палаца незалежнасьці.

Падыход да рэзыдэнцыі перакрылі сілавікі, а сам Лукашэнка прыляцеў да Палаца незалежнасьці на верталёце разам з 15-гадовым сынам Мікалаем, выйшаў у бронекамізэльцы і з аўтаматам. Сын быў таксама ўзброены.

Рэпрэсіі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года сталі самымі масавымі за ўсю гісторыю незалежнасьці. Паводле зьвестак Генэральнай пракуратуры, у краіне заведзена больш за 4200 крымінальных спраў, зьвязаных з тэрарызмам і экстрэмізмам. На 4 верасьня ў краіне больш за 650 палітычных зьняволеных, якіх афіцыйна прызналі праваабаронцы, і гэтая лічба пастаянна расьце. Тысячы чалавек прайшлі праз затрыманьні. За мінулы год вядома пра больш чым 40 тысячах арыштаў і па меншай меры пра 1800 задакумэнтаваных паведамленьняў аб катаваньнях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG