Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо пяць беларусаў галадаюць перад офісам Эўракамісіі ў Варшаве


Дзьмітры Кудзялевіч разам зь іншымі галадоўнікамі каля будынку Эўракамісіі ў Варшаве
Дзьмітры Кудзялевіч разам зь іншымі галадоўнікамі каля будынку Эўракамісіі ў Варшаве

Дзьмітры Кудзялевіч далучыўся да галадоўкі ў Варшаве і расказаў, якія санкцыі сапраўды патрэбны, каб улада ў Беларусі зьмянілася на дэмакратычную. Агулам у галадаваньні ўжо 5 чалавек.

Беларускі Стася Гліньнік і Бажэна Шамовіч 26 траўня заявілі пра бестэрміновую галадоўку ля офісу Эўракамісіі ў Варшаве. 27 траўня да іх далучыўся сябар страйкаму «Беларуськалію» Дзьмітры Кудзялевіч, які часова пераехаў у Варшаву з Салігорску.

Пра сваё далучэньне Кудзялевіч аб’явіў у фэйсбуку, апублікаваўшы там шэраг здымкаў зь месца падзей. Як адзначыў шахтар, патрабаваньні галадоўкі — пераход ад дэкляратыўных да рэальных і эфэктыўных эканамічных санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.

Ад сусьветнай супольнасьці Кудзялевіч чакае сур’ёзных санкцый супраць так званых «кашалькоў рэжыму» — прадпрыемстваў БМЗ, «Гродна Азот» і «Беларуськалію». Ён спадзяецца, што Лукашэнку, ГУБАЗіК, АМАП унясуць у сьпіс тэрарыстаў і тэрарыстычных арганізацый.

Кудзялевіч таксама выступае за безумоўнае вызваленьне Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі, захопленых у Менску 23 траўня пасьля прымусовай пасадкі самалёту Атэны — Вільня.

Агулам удзельнікаў галадоўкі ў Варшаве ўжо пяцёра. Як паведаміла Стася Гліньнік, да іх, акрамя Кудзялевіча, далучылася студэнтка Дзіяна, якая ўдзельнічала ў студэнцкім пратэсьце ў Беларусі, а таксама музыка Дар'я. Напярэдадні галадоўнікі давалі інтэрвію шэрагу журналістаў, таксама да іх выходзіў з падтрымкаў прадстаўнік Эўракамісіі.

Удзельнікі акцыі сьпяць у намётах, да іх паказаць сваю падтрымку прыходзяць пераважна палякі і ўкраінцы, а таксама завіталі грэкі. Працягваецца збор подпісаў за ўзмацненьне санкцый.

Раней Дзьмітры Кудзялевіч і шэраг іншых сяброў страйкаму ў Салігорску патрабавалі ад нарвэскай кампаніі Yara не падпісваць новы кантракт зь «Беларуськаліем», аднак дамагліся толькі таго, што кампанія з Осла паабяцала прыслаць у Салігорск свайго прадстаўніка для назіраньня за падзеямі. Пры гэтым сяброў страйкаму не дапусьцілі да перамоў паміж нарвэскай кампаніяй і кіраўніцтвам прадпрыемства.

Шэраг удзельнікаў страйку неаднаразова затрымлівалі, асуджалі да адміністратыўных арыштаў, а сам страйк Менскі абласны суд прызнаў незаконным. Акрамя таго, у кватэрах страйкамаўцаў праводзілі ператрусы, а іх саміх неаднаразова зьбівалі і пагражалі ім яшчэ больш жорсткімі наступствамі.

27 траўня ў Варшаве адбудзецца акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю, яна пачнецца ў 21:30 паводле беларускага часу. На ёй выступяць і ўдзельнікі галадоўкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG