Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» абвяшчае аб сваім закрыцьці. Апошнім праектам, рэалізаваным камандай галерэі, стане выстава «Кранальная дыстанцыя», якая працуе з 29 кастрычніка.
Галерэя пачала працу ў 2009 годзе ў памяшканьні на Незалежнасьці, 37а, а ў 2018 годзе перамясьцілася на Кастрычніцкую, 19.
На сваёй старонцы ў Фэйсбуку галерэя «Ў» паведамляе: закрыцьцё зьвязана з тым, што некаторыя партнэры і сузаснавальнікі праекту выйшлі зь ліку акцыянэраў.
Паведамляецца таксама, што новы склад партнэраў будзе разьвіваць прастору на Кастрычніцкай, 19 пад брэндам «Вершы». Пад гэтым імем будуць працаваць і бар, і культурная прастора. Выстава «Кранальная дыстанцыя», якая распачалася ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў», працягнецца ўжо ў прасторы «Вершы».