«Агульнанацыянальны страйк толькі распачаўся і будзе ўзмацняцца», — Ціханоўская пра першыя вынікі
Лідэрка Сьвятлана Ціханоўская падсумоўвае першыя вынікі страйкаў, якія распачаліся ў Беларусі пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка праігнараваў ультыматум, выстаўлены яму Ціханоўскай ад імя апазыцыйных сілаў.
Акцыя пратэсту ў Менску працягнулася на плошчы Якуба Коласа, адбыліся новыя затрыманьні
У цэнтры Менску ўвечары працягвалася акцыя ў падтрымку агульнанацыянальнай забастоўкі. Яе ўдзельнікі дайшлі да плошчы Якуба Коласа, дзе сталі ў ланцуг. Каля 20.00, калі на плошчы сабралася каля 100 пратэстуючых, у асноўным каля філярмоніі, туды прыехалі сілавікі.
Людзі пабеглі ад іх за філярмонію ўверх па бульвары Мулявіна. За імі па сустрэчнай паласе паехалі тры мікрааўтобусы ў суправаджэньні аўтамабіля ДАІ са уключаным пробліскавым маячком. З боку вуліцы Якуба Коласа прыехаў аўтазак, зь якога выгрузіліся сілавікі ў абмундзіраваньні.
Amnesty International заклікае ўлады Беларусі пакласьці канец міліцэйскаму гвалту
«Мы з шокам і трывогай бачым, як гэты рэжым, які на працягу некалькіх тыдняў практыкаваў гвалт у дачыненьні да дэманстрантаў на вуліцах і ў месцах утрыманьня пад вартай, сёньня накіраваў АМАП у масках для зьбіцьця і арышту працоўных, якія страйкуюць, наўпрост на іх працоўных месцах, — сказана ў заяве Amnesty International. — Улады праяўляюць адкрытую пагарду да самых асноўных правоў чалавека, і права на страйк стала яшчэ адным, якое было бязьлітасна патаптанае пры дапамозе міліцэйскіх ботаў і дубінак».