Калі было зроблена гэтае вясельнае фота, Польшча толькі што зьявілася нанава як дзяржава пасьля больш як стагодзьдзя адсутнасьці на мапе.
Тым часам Расея была разбураная грамадзянскай вайною, выкліканай бальшавіцкім пераваротам пад кіраўніцтвам Уладзіміра Леніна. На захадзе не было выразнай мяжы, якая аддзяляла б Расею ад новай незалежнай Польшчы.
Кіраўнік Польшчы Юзаф Пілсудскі ўгледзеў магчымасьць захапіць зямлю на ўсходзе.
Пасьля некалькіх сутычак з бальшавікамі ў памежных рэгіёнах польскія войскі вясной 1920 году разам з украінскімі нацыяналістычнымі аддзеламі захапілі Кіеў. Ня ўсе ўхвалілі гэты крок. Брытанскі прэм'ер-міністар Дэйвід Ллойд Джордж адзначыў: «Палякі маюць схільнасьць да нахабства і павінны асьцерагацца, каб не атрымаць па галаве».
Захоп Кіева Польшчай выклікаў незадавальненьне многіх расейцаў, якія бачылі гэты горад цэнтрам сваёй культуры.
У той жа час захоп Кіева Польшчай быў падарункам для расейскіх камуністычных кіраўнікоў. Упэўненыя ў перамозе ў грамадзянскай вайне ў Расеі, бальшавікі плянавалі ахапіць «рэвалюцыйным пажарам» камунізму Заходнюю Эўропу, асабліва Нямеччыну.
Польскі наступ на Кіеў даў расейскім камуністам якраз такую патрэбную ім зачэпку.
Пасьля Першай сусьветнай вайны Нямеччына апынулася ў эканамічным хаосе, і на вуліцах, якія кіпелі беспрацоўнымі салдатамі і палітычнымі экстрэмістамі, камуністычная рэвалюцыя выглядала ўсё больш магчымай, асабліва калі б бальшавіцкая кавалерыя з усходу прыйшла на дапамогу.
Але паміж Расеяй і Нямеччынай была Польшча.
Трэцяга ліпеня войскам Чырвонай Арміі было сказана: «На Захадзе вырашаецца лёс усясьветнай рэвалюцыі. Праз труп белай Польшчы пралягае шлях да ўсясьветнага пажару. На нашых штыках мы прынясем шчасьце і мір працоўнаму чалавецтву».
Хоць абодва бакі мелі ў сваім распараджэньні і розную сучасную зброю, у тым ліку няўклюдныя і ненадзейныя танкі, але хутказьменная сытуацыя на фронце азначала, што ключавой сілай была кавалерыя. Таму большая частка баявых дзеяньняў нагадвала войны іншай эпохі.
Адзін польскі вершнік так апісаў сутычку паміж польскай кавалерыяй і бальшавіцкай казацкай коньніцай:
«Маляўніча апрануты вершнік выскачыў з натоўпу казакоў на цудоўным чорным кані і, размахваючы шабляй над галавой, крыкнуў: «Ну, панове, я казак Кузьма Кручкоў. Хто паспрабуе са мной?»
Шум праляцеў сярод афіцэраў, якія стаялі перад першым шэрагам уланаў. «Раценцкі! Так, Раценцкі!». Капітан Раценцкі (які найлепш упраўляўся з шабляй у палку) пераклаў шаблю ў левую руку, каб правільна перажагнацца, а потым пачаў рухацца ў напрамку Кручкова. Кручкоў наскочыў на яго галёпам. Рацецкі парыраваў першы ўдар, нацэлены на галаву, сам рэзка цяў наўскос, разрэзаўшы Кручкова ад шыі да пояса. Казакі завылі і кучай далі задні ход, а наш полк пайшоў у атаку».
Але, нягледзячы на польскую кавалерыйскую зухаватасьць, бальшавікі імгненна выгналі палякаў з Кіева. Адзін польскі вайсковец падвёў вынікі гэтага развароту фартуны: «Мы прабеглі ўсю дарогу да Кіева, і мы прабеглі ўвесь шлях назад».
Бальшавікі ўвесь час наступалі, палякі ўвесь час адступалі.
Адзін польскі баец так апісаў свае адчуваньні на гэтым этапе вайны: «Можна было чакаць нападу зь любога [кірунку], таму баі былі вельмі крывавыя. Вы або перамагалі, або гінулі. Нашы жаўнеры былі гэтаксама жорсткія, як і бальшавікі. Жыцьцё чалавека страціла ўсякую каштоўнасьць».
Адзін паляк апісаў пачуцьцё страху перад нястомным наступам атэістычных камуністаў на Варшаву як «нешта накшталт валадарства Антыхрыста, якое наступае на ўвесь хрысьціянскі сьвет».
Шостага жніўня польскія войскі вырашылі даць канчатковы бой у Варшаве, якую ахапіла паніка.
Польскія войскі мелі пэўныя перавагі – яны змаглі расшыфраваць значную частку расейскіх таемных радыёзьвестак, ім таксама дапамагалі амэрыканскія лётчыкі, якія выконвалі выведныя палёты.
Адным з амэрыканскіх пілётаў, які добраахвотна дапамагаў палякам, быў Мэрыян Купэр (на здымку вышэй). Калі бальшавікі зьбілі ягоны самалёт, Купэр некалькі месяцаў правёў у палоне Чырвонай Арміі, пакуль ня ўцёк. Пазьней ён вярнуўся ў Злучаныя Штаты, дзе стаў адным з рэжысэраў і прадусарам фільму «Кінг Конг» 1933 году.
У сярэдзіне жніўня бальшавікі вялі баі за 13 кілямэтраў да Варшавы, але польскай сталіцы не ўзялі. Чуткі пра боскае ўмяшаньне ў неймаверную польскую перамогу прымусілі многіх назваць гэтую бітву Цудам над Віслай.
Відэа з мапамі, якія паказваюць драматычныя зьмены лініі фронту падчас польска-бальшавіцкай вайны.
Будучы прэзыдэнт Францыі Шарль дэ Голь, які ў тую вайну служыў вайсковым дарадцам, 17 жніўня напісаў: «У нашых палякаў вырасьлі крылы. Жаўнеры, якія былі фізычна і маральна зьнясіленыя не далей як тыдзень таму, цяпер імчацца наперад скачкамі па 40 кілямэтраў на дзень. Так, гэта перамога! Поўная, трыюмфальная перамога!»
Пасьля 10 дзён цяжкіх баёў пад Варшавай палякі забілі каля 20 тысяч байцоў ворага і ўзялі ў палон больш за 50 тысяч. Самі ж страцілі менш за 5 тысяч жаўнераў.
У 1921 годзе Польшча і Расея падпісалі мірную дамову, падзяліўшы напалам Беларусь, хоць шмат хто лічыў гэты акт гэта толькі паўзай у працяглай барацьбе дзьвюх краін. Але мара бальшавікоў пра распаўсюд камуністычных рэвалюцый у Заходняй Эўропе так і ня зьдзейсьнілася.