Разгляд скаргі блогера Сяргея Ціханоўскага на меры спагнаньня (зьмяшчэньне ў карцар), накладзеныя на яго ў СІЗА №1 Менску, зрабілі закрытым.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
«Такое рашэньне прыняла судзьдзя Гусакова», — так на ўваходзе ў Маскоўскі раённы суд Менска паведаміла памочніца старшыні суду журналістам і іншым грамадзянам. Усяго на разгляд гэтай справы ў раённы суд прыйшлі больш за 20 чалавек.
У выніку на паседжаньне прапусьцілі толькі жонку Сьвятлану Ціханоўскую, адвакатаў Натальлю Мацкевіч і Віктара Мацкевіча і прадстаўніка СІЗА №1.
«Калі ў справе фігуруюць зьвесткі, абвешчаныя сакрэтнымі, дык такое законам прадугледжана. Мы пакуль ня ведаем, чаму разгляд скаргі зрабілі закрытым. Пра гэта судзьдзя мусіць паведаміць асобна», – сказала перад працэсам адвакатка Натальля Мацкевіч.
Раней Натальля Мацкевіч паведаміла журналістам, што Сяргей Ціханоўскі паскардзіўся на незаконнае, як ён лічыць, зьмяшчэньне яго ў карцар. Усяго ў карцары СІЗА №1 Сяргей Ціханоўскі ўжо адбыў 14 дзён.
Сьвятлана Ціханоўская ад камэнтару ўстрымалася.
У 10:30 паседжаньне для разгляду скаргі Сяргея Ціханоўскага пачалося. Паводле зьвестак з паседжаньня, якія перадалі удзельнікі працэсу, Сяргея Ціханоўскага ў суд не прывезьлі.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.