Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па ўсёй Беларусі новыя затрыманьні актывістаў і блогераў 31 траўня

абноўлена

Машына міліцыі ў Горадні, 30 траўня
Машына міліцыі ў Горадні, 30 траўня

Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманьні актывістаў апазыцыі, блогераў і прыхільнікаў Сяргея і Сьвятланы Ціханоўскіх у розных гарадах Беларусі. На сёньня ў розных гарадах Беларусі на 12:00 анансавалі пікеты па збору подпісаў у падтрымку альтэрнатыўных удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі.

  • Як паведамляе тэлеграм-канал «Страна для жизни», раніцай 31 траўня затрымалі траіх сябраў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Сярод затрыманых — Уладзімер Мароз з Кобрыні, Валер Рамановіч з Пінску, Аляксандар Мілюк з Мастоў. Першых даставілі ў мясцовы РАУС. Мілюку ўручылі позву і адвезьлі ў сьледчы камітэт у Горадні. Паведамляюць, што міліцыянты затрымалі іх у якасьці сьведак, але невядома ў якой справе. Як мяркуюць, гэта зьвязана са здарэньнем падчас пікету Сьвятланы Ціханоўскай 29 траўня ў Горадні, калі быў затрыманы яе муж блогер Сяргей Ціханоўскі.
  • Праваабаронцы «Вясны» з раніцы 31 траўня паведамляюць пра затрыманні актывістаў з усяе Беларусі.
  • «Вясьне» паведамілі, што ў Менску затрыманыя актывісты «Народнай грамады» Валянцін Троцкі, Вераніка Мішчанка.
  • Праваабаронцам паведамілі, што ў Горадні таксама затрымалі Валера Епіфанава. Пад хатай адной з каардынатарак ініцыятыўнай групы ў Шчучыне Ганны Раманцэвіч таксама дзяжурыць міліцэйская машына. Такая ж сытуацыя ў каардынатара выбарчага штабу Ціханоўскай для Гомля і Гомельскай вобласьці.
  • Раніцай 31 траўня на выезьдзе з Баранавічаў затрымалі актывістку Тамару Патоцкую. Прычына — «няпройдзены тэхнічны агляд». Яе павезьлі ў РАУС у суправаджэньні пяці міліцэйскіх машын з мігалкамі.
  • У Вялейскім РАУС з раніцы знаходзіўся актывіст Аляксей Сюдак. У Маладэчне затрыманы Алесь Абрамовіч. У Віцебску затрыманы падчас усталяваньня намёту для збору подпісаў Алег Баразна.
  • У Гомлі затрымалі блогера Івана Рамязоўскага. Ён — сірата, вядзе Yotube-канал «RealBelarus», нядаўна адбыў 15 содняў арышту за акцыю салідарнасьці зь Сяргеем Ціханоўскім 7 траўня ў Гомлі. «Яго схапілі міліцыянты, як толькі ён выйшаў з дому, павезьлі ў Навабеліцкае РАУС», — паведаміў Свабодзе блогер Арцём Шапараў, аўтар тэлеграм-каналу «Рэальная Беларусь». Учора Іван вёў стрым са збору подпісаў за Валера Цапкалу, сёньня зьбіраўся здымаць збор подпісаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай.
  • У Гомлі каля 12.00 затрымалі Сьвятлану Нарыскіну, даставілі ў Цэнтральны РАУС. Паводле «Вясны», затрыманьне можа быць зьвязанае з акцыяй у падтрымку Ціханоўскага 7 траўня.
  • У Кобрыні затрымалі праціўніка будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці Ўладзімера Мароза, паведамляе БелаПАН​. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Мароза каля 9-й раніцы каля дому, дзе ён жыве. Мароза даставілі ў Кобрыньскі РАУС. Праваабаронца Раман Кісьляк лічыць, што Мароза затрымалі, каб ён ня змог трапіць сёньня на плошчу Леніна ў Берасьці, дзе традыцыйна штонядзелі зьбіраюцца праціўнікі акумулятарнага заводу. Праваабаронца лічыць гэта працягам рэпрэсіяў.
  • 31 траўня раніцай на вуліцы Маякоўскага ў Менску людзі ў цывільным на мікрааўтобусе заблякавалі машыну жонкі Статкевіча Марыны Адамовіч. Міколу Статкевіча забралі «людзі ў цывільным». Ягонай жонцы пазьней паведамілі, што ён у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсьціна.
  • ​У Менску затрымалі лідэра «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча, няма сувязі з актывісткай Ірынай Цап.
  • У Менску супрацоўнікі ДАІ спрабавалі затрымаць мужчыну, які нібыта абразіў праваахоўніка. Жанчыны ўгаварылі адпусьціць яго. Пазьней мужчыну ўсё ж затрымалі «людзі ў цывільным» у двары. Паводле «Вясны», яго завуць Яўген Гормаш.
  • У Берасьці каля 16.40 затрыманы Анатоль Данількевіч — як піша «Вясна», за бел-чырвона-белы сьцяг.
  • Паводле «Эўрапейскай Беларусі», каля Камароўскага рынку ў Менску затрыманыя актывісты Андрэй Войніч, Максім Вінярскі і Віталь Трыгубаў. Апошні вёў жывую трансьляцыю перад затрыманьнем.
  • Увечары 30 траўня стала вядома, што затрыманага напярэдадні ў Горадні Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 7 чалавек перавезьлі ў Менск. Яны знаходзяцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсьціна. Яшчэ трох затрыманых адпусьцілі.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG