Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

11:34 17.6.2020

Урад Беларусі пастанавіў забясьпечваць хворых на каранавірус бясплатнымі мэдыкамэнтамі

Савет міністраў Беларусі ўнёс вірусную інфэкцыю COVID-19 у пералік захворваньняў, якія даюць грамадзянам права на бясплатнае забесьпячэньне лекавымі сродкамі паводле рэцэптаў лекараў пры амбуляторным лячэньні, а таксама лячэбным харчаваньні.

Агулам у пераліку такіх захворваньняў цяпер каля сотні пазыцыяў. Інфэкцыю, выкліканую каранавірусам, уключылі ў сьпіс пасьля хваробы, выкліканай вірусам імунадэфіцыту чалавека.

22:37 16.6.2020

Навукоўцы знайшлі першы прэпарат, які зьмяншае сьмяротнасьць ад COVID-19

Навукоўцы з Оксфардзкага ўнівэрсытэту заявілі 16 чэрвеня, што яны вызначылі першы прэпарат, які зьмяншае сьмяротнасьць ад заражэньня каранавірусам.

Прэпаратам аказаўся даволі танны стэроід — дэксамэтазон. Гэты лек зьменшыў сьмяротнасьць інфікаваных пацыентаў, якім рабілі штучную вэнтыляцыю лёгкіх, на траціну, а тых, якія атрымлівалі кісларод, — на 20 адсоткаў. Выпрабаваньні дэксамэтазону рабіліся на групе 6 тысяч пацыентаў, зь якіх 2 тысячы праходзілі штучную вэнтыляцыю лёгкіх або атрымлівалі кісларод.

22:34 16.6.2020

У Пэкіне спынілі школьныя заняткі ў сувязі з новай успышкай каранавірусу

Пэкін 16 чэрвеня павысіў узровень рэагаваньня на надзвычайную сытуацыю ў сфэры аховы здароўя з трэцяга да другога. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі гарадзкіх уладаў.

Пачатковыя і сярэднія школы гораду часова спыняюць заняткі, навучэнцам ВНУ забаранілі вяртацца на тэрыторыю кампусаў. Акрамя таго, увялі забарону на наведваньне Пэкіну турыстычнымі групамі зь іншых рэгіёнаў Кітаю. У горадзе прыпынілі правядзеньне культурна-масавых, забаўляльных і спартовых імпрэзаў.

17:18 16.6.2020

Уручэньне «Оскара» адклалі. Такое адбывалася толькі тройчы за ўсю гісторыю прэміі

93-ю цырымонію ўручэньня «Оскара» перанесьлі ў сувязі з тым, што эпідэмія прымусіла прыпыніць працу над некаторымі фільмамі, якія павінны былі быць выпушчаныя да канца году. Замест 28 лютага цырымонія пройдзе 25 красавіка. Арганізатары ссунулі тэрміны прэзэнтацыі фільмаў і падачы заявак на намінацыю.

Намінацыі будуць абвешчаныя 15 сакавіка наступнага году. Рашэньне аб тым, ці будзе цырымонія праходзіць онлайн, яшчэ не прынятае. Цалкам сытайце па спасылцы.

15:00 16.6.2020

Апублікавалі афіцыйную статыстыку COVID-19 у Беларусі на 16 чэрвеня

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 16 чэрвеня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19.

Увесь травень і пачатак чэрвеня штодня давалася практычна аднолькавая статыстыка: плюс восем-дзевяць сотняў новых выпадкаў, 4–6 прызнаных сьмерцяў за суткі. У другой дэкадзе чэрвеня афіцыйная статыстыка стала паказваць спад распаўсюду вірусу.

Паводле міністэрства, на 16 чэрвеня ў Беларусі:

  • агулам 55 369 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 318 памерлі, зь іх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікіяродзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 31 273 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 689 выпадкаў і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, а выпісалі 853 чалавек (раней пяць дзён запар выпісвалі 976–1351 чалавека);
  • такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» зьменшылася на 170 — цяпер хворых у афіцыйнай статыстыцы 23 778;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 760 549 тэстаў — 10 632 за дзень (зь іх 6,48% станоўчыя);
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.

На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».

Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.

13:52 16.6.2020

Нягледзячы на эканамічныя страты, локдаўн выратаваў мільёны жыцьцяў — навукоўцы

У той час, як краіны паступова адкрываюць сваю эканоміку пасьля месячных абмежаваньняў, новыя навуковыя дасьледаваньні сьведчаць, што першапачатковае спыненьне працы ў сьвеце і крантынныя абмежаваньні выратавалі мільёны жыцьцяў. Падрабязна чытайце па спасылцы.

13:51 16.6.2020

Міністэрства здароўя Літвы абвясьціла сьпіс з 45 краін, найбольш закранутых каранавірусам, у іх ліку Беларусь

У сьпісе — краіны, дзе паказьнік захворваньня на COVID-19 за апошнія два тыдні вышэйшы за 25 выпадкаў на 100 000 жыхароў, у тым ліку Беларусь. Міністэрства будзе абнаўляць сьпіс раз на тыдзень, піша delfi.lt.

У сьпісе, сярод іншых, ёсьць Армэнія, Азэрбайджан, Беларусь, Бразылія, ЗША, Расея. Амаль няма краінаў Эўрапейскага Зьвязу і Эўрапейскай эканамічнай прасторы (але ёсьць Вялікая Брытанія, Швэцыя, Партугалія).

Усе, хто прыяжджае з краін, унесеных у сьпіс, мусяць зарэгістравацца цягам 48 гадзін у Нацыянальным цэнтры грамадзкага здароўя Літвы і правесьці 14 дзён у самаізаляцыі. Іншаземцы з гэтых краін могуць прыехаць у Літву толькі ў выключных выпадках.

13:49 16.6.2020

САЗ пра выбары ў Беларусі падчас эпідэміі: «Улады маглі б разгледзець іх перанос»

Сытуацыю з пашырэньнем эпідэміі COVID-19 Свабодзе пракамэнтаваў афіцыйны прадстаўнік эўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ Джэймс Крэсуік.

«На 10 чэрвеня Беларусь па-ранейшаму паведамляе пра заражэньні зь невядомай крыніцы (community transmission), і таму мы рэкамэндуем фізычнае дыстанцыяваньне прынамсі на 1 мэтар, а таксама раім, каб урад заахвочваў людзей насіць маскі там, дзе фізычнае дыстанцыяваньне захоўваць складана».

Паводле рэкамэндацыяў САЗ, гэта накладае пэўныя абмежаваньні на правядзеньне масавых мерапрыемстваў.

У тым ліку, напрыклад, прэзыдэнцкіх выбараў. «На думку САЗ, усе краіны, дзе адбываецца перадача інфэкцыі зь невядомай крыніцы, мусілі б падтрымаць рэкамэндацыі пра сацыяльнае дыстанцыяваньне і сур'ёзна разгледзець магчымасьць адкласьці ці абмежаваць вялікія мерапрыемствы, якія зьбіраюць разам людзей і маюць патэнцыял узмацніць хваробу, — адзначаюць у САЗ. Цалкам чытайце па спасылцы.

13:45 16.6.2020

Лукашэнка пра беларускі досьвед барацьбы з COVID-19: «Гэта ж здабытак усяго сьвету»

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў сьвеце ёсьць цікавасьць да беларускага досьведу барацьбы з каранавірусам.

«Спачатку мы дамаўляліся, каб Сусьветны банк нам аказаў падтрымку дзесьці на 90 млн даляраў. Зараз паглядзелі: цікавы вопыт Беларусі, мы гатовыя вас прафінансаваць аж пад 300 млн. Гэта ж здабытак усяго сьвету. Няхай глядзяць, як мы працуем», — цытуе яго БелТА. Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

13:42 16.6.2020

У ЗША адклікалі дазвол ужываць гідроксіхлёрахін супраць COVID-19. Ім карыстаўся Трамп

Адміністрацыя харчаваньня і лекаў ЗША (FDA) 15 траўня адклікала ліцэнзіі на ўжываньне ў пільнай патрэбе хлёрахіну і гідроксіхлёрахіну як экспэрымэнтальных сродкаў ад COVID-19. Паводле FDA, аналіз вынікаў лекаваньня і зьвестак навукоўцаў паказаў, што сродкі «наўрад ці эфэктыўныя» супраць новага каранавірусу, але даюць моцныя пабочныя эфэкты, у тым ліку на сэрцы, таму патэнцыйныя станоўчыя эфэкты не пераважваюць рызыкі.

Разам з тым хлёрахін і гідроксіхлёрахін па-ранейшаму дазваляюць у ЗША ўжываць ад малярыі, гідроксіхлёрахін — таксама ад аўтаімунных хваробаў, напрыклад рэўматоіднага артрыту або ваўчанкі. Стасоўна гэтых хваробаў прэпараты паказалі эфэктыўнасьць і лічацца дастаткова бясьпечнымі. Цалкам чытайце тут.

13:41 16.6.2020

Жонку прэзыдэнта Ўкраіны шпіталізавалі з пнэўманіяй сярэдняй цяжкасьці, у яе каранавірус

Жонку прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага Алену паклалі ў кіеўскую лякарню з дыягназам «двухбаковая пнэўманія сярэдняй цяжкасьці». На мінулым тыдні ў яе пацьвердзілі COVID-19. «Жонка прэзыдэнта знаходзіцца ў ізаляцыі, пад наглядам дактароў. Яе стан стабільны, датацыя кіслароду не патрэбная», — паведамілі ў прэсавай службе прэзыдэнта Ўкраіны.

Ва Ўладзіміра Зяленскага і іхных дзяцей паўторны тэст ня выявіў каранавірусу.

13:39 16.6.2020

Мастак Марачкін вярнуўся з самага доўгага пленэру ў жыцьці — чатыры месяцы на карантыне ў Чарнагорыі

Мастак Алесь Марачкін прыбыў з Чарнагорыі ў Менск, дзе разам з калегамі аказаўся заблякаваны ў разгар пандэміі COVID-19. Прыляцеў першым самалётам «Белавія», які скіраваўся на Балканы. Вярнуцца на радзіму ўдалося дзякуючы пачатку чартэрнай праграмы з Альбаніяй — 12 чэрвеня 200 беларускіх турыстаў выправіліся ў курортны горад Дурэс. Зваротным авіярэйсам з Тыраны ў Менск паляцелі тыя, хто з розных прычын заставаўся на Балканах.

У інтэрвію Свабодзе ён расказаў, як перажыў пандэмію ў краіне, якая апошняй у Эўропе сустрэла COVID-19 і першай паведаміла пра перамогу над хваробай. Чытайце па спасылцы.

13:37 16.6.2020

САЗ папярэджвае пра «аднаўленьне» максымальнай небясьпекі COVID-19

Старшыня Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) Тэдрас Аданом Гебрэесус папярэдзіў, што краіны сьвету «павінны быць у курсе магчымасьці аднаўленьня» найбольшай небясьпекі заражэньня каранавірусам, піша «Голас Амэрыкі».

Гэта адбываецца, бо Эўропа працягвае адкрываць свае межы, а Кітай зазнаў новы ўсплёск хваробы, які прывёў да сурʼёзнага карантыну ў частцы Пэкіну. Далей чытайце па спасылцы.

20:49 15.6.2020

«Прычынай сьмерці запісалі сэрца»: у Клімавічах памерла 50-гадовая мэдсястра з каранавірусам

10 чэрвеня памерла 50-гадовая мэдсястра Клімавіцкага раённага шпіталя Сьвятлана Зарубская, паведамляе «Наша Ніва».

Як расказала «НН» дачка нябожчыцы Вікторыя, роўна 30 дзён Сьвятлана Зарубская была на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, «некалькі разоў былі паляпшэньні, прыходзіла ў прытомнасьць, варушыла пальцам». Два першыя тэсты на каранавірус у яе былі адмоўныя, а трэці — станоўчы.

«Афіцыйна прычынай сьмерці напісалі „сэрца“, цяпер жа пішуць толькі код хваробы. Пра каранавірус не запісалі нічога. Пахаваньне было ў закрытай труне, ускрыцьця не рабілі, — кажа дачка. — Тата таксама перахварэў, хросны, стрыечны брат, татава мама».

14:32 15.6.2020

«Актыўныя выпадкі» перасталі зьмяншацца. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 15 чэрвеня

Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 15 чэрвеня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19.

Увесь травень і пачатак чэрвеня штодня давалася практычна аднолькавая статыстыка: плюс восем-дзевяць сотняў новых выпадкаў, 4–6 прызнаных сьмерцяў за суткі. У другой дэкадзе чэрвеня афіцыйная статыстыка стала паказваць спад распаўсюду вірусу — колькасьць «актыўных выпадкаў» пяць дзён запар, 10–14 чэрвеня зьмяншалася. Ды 15-га павялічылася — выпісалі толькі 317 чалавек, прызналі 707 новых выпадкаў і 4 сьмерці інфікаваных.

Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.

На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства аховы здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства аховы здароўя пачало заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».

12:44 15.6.2020

У Расеі завялі каля 200 спраў за «фэйкі» аб каранавірусе — праваабаронцы


Расейская праваабарончая група «Агора» зафіксавала 157 выпадкаў перасьледу грамадзян за распаўсюджвавньне «фэйкаў» аб каранавірусе за тры «эпідэмічных» месяца. Пра гэта сьведчаць дадзеныя дакладу «Эпідэмія фэйкаў: барацьба з каранавірусам як пагроза свабодзе слова».

Толькі з 3 красавіка па 9 чэрвеня сёлета сілавыя ведамствы і СМІ паведамілі аб 42 крымінальных справах паводле новага артыкулу 207.1 КК («Публічнае распаўсюджваньне заведама ілжывай інфармацыі пра абставіны, якія прадстаўляюць пагрозу жыцьцю і бясьпецы грамадзян»), якія былі заведзеныя ў 24 рэгіёнах Расеі.

Акрамя крымінальных справаў, на расейцаў складалі пратаколы паводле артыкулу 13.15 КаАП, які зьявіўся ў кодэксе вясной 2019 году. За тры апошнія месяцы было заведзена прынамсі 157 адміністрацыйных справаў аб «фэйкавых навінах».

Выбуховы рост колькасьці справаў аб фэйках і аналіз матэрыялаў даступных справаў сьведчаць пра палітычны характар кампаніі ў цэлым, лічыць аўтар дакладу, адвакат Станіслаў Селязьнёў. Ён адзначае, што, перасьледуючы грамадзянаў за ілжывую інфармацыю, улады абвяшчаюць такою «любую інфармацыю, якая не супадае зь бягучай афіцыйнай пазыцыяй, якая ў сваю чаргу можа імкліва мяняцца».

11:25 15.6.2020

Ці абараняе вітамін D ад каранавірусу? — лекары спрачаюцца

Некаторыя навукоўцы лічаць, што ў людзей зь недахопам вітаміну D формы імунных рэакцый слабыя або анамальныя. Таму такія людзі больш адчувальнымі да цяжкіх форм COVID-19.

Група дасьледчыкаў з Паўночна-Заходняга ўнівэрсытэту ў ЗША выпусьціла дасьледаваньне, якое паказвае, што вітамін D можа дапамагчы спыніць так званыя цытакінавыя штормы — тып імуннай рэакцыі, які часта ўскладняе хваробу COVID-19 і нават забівае пацыентаў.

Інфармацыя пра станоўчы ўплыў вітаміну D на вірусна-рэсьпіраторныя хваробы ня новая. І раней зьяўляліся дасьледаваньні, якія паказвалі, што добры ўзровень вітаміну D зьмяншае рызыку дыхальных ускладненьняў пасьля грыпу і пераахалоджваньня.

Атрыманыя дадзеныя дазваляюць выказаць здагадку, што больш нізкія ўзроўні вітаміну D ня зьвязаныя з COVID-19, сказала доктар Клэр Хасьці, навуковы супрацоўнік Унівэрсытэту Глазга.

Чытаць падрабязьней >>

09:04 15.6.2020

У некалькіх штатах ЗША адбыўся ўсплёск каранавірусу

За апошнія тры дні зарэгістраваная рэкордная колькасьць новых выпадкаў на Алясцы, у Арызоне, Арканзасе, Каліфорніі, Флорыдзе, Паўночнай Караліне, Аклагоме і Паўднёвай Караліне.

Многія чыноўнікі аховы здароўя зьвязваюць усплёск зь сьвяткаваньнямі Дня памяці ў канцы траўня.

У суботу зарэгістравалі больш за 25 000 новых выпадкаў ува ўсёй краіне. Гэта найвышэйшы паказьнік для суботы пачынаючы з 2 траўня, але часткова рост вынікае з пашырэньня тэставаньня за апошнія шэсьць тыдняў.

Аднак асабліва трывожна тое, што ў многіх з гэтых штатаў таксама фіксуецца рэкордная колькасьць шпіталізацыяў, не зьвязаная з шырэйшым тэставаньнем.

У шпіталі ў Арканзасе, Паўночнай Караліне, Тэхасе і Юце ў суботу паклалі рэкордную колькасьць пацыентаў. Губэрнатар Нью-Ёрку Эндру Куома папярэдзіў улады Нью-Ёрку і Лонг-Айленду, што іх «адкрыцьцё» будзе пад пагрозай, калі масавыя зборы людзей ня спыняцца.

09:03 15.6.2020

Каранавірус у Эўропе: Нямеччына адкрыла межы, Парыж у бясьпецы

Кантроль на межах Нямеччыны, абумоўлены распаўсюдам COVID-19, дзейнічаў зь сярэдзіны сакавіка і спыніў дзеяньне ў ноч на панядзелак, 15 чэрвеня. За гэты час паліцыя Нямеччыны не ўпусьціла ў краіну амаль 200 000 чалавек, заявіў напярэдадні міністар унутраных справаў.

Акрамя таго, Міністэрства замежных справаў Нямеччыны ад 15 чэрвеня здымае ўведзеныя ў сувязі з пандэміяй настойлівыя рэкамэндацыі адмовіцца ад паездак за мяжу адносна 26 дзяржаваў Эўразьвязу і яшчэ чатырох краінаў Шэнгенскай зоны (Ісьляндыі, Нарвэгіі, Швайцарыі і Ліхтэнштэйну), а таксама Вялікай Брытаніі. Яшчэ для больш як 160 дзяржаваў падобная рэкамэндацыя актуальная да канца жніўня.

У панядзелак адкрываюцца і межы Францыі з суседнімі дзяржавамі, якія ўваходзяць у Эўразьвяз. Зь іншымі краінамі, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, але здолелі ўзяць эпідэмію пад кантроль, мяжы плянуюць адкрыць ад 1 ліпеня. Аднак вандроўнікі з Гішпаніі і Вялікай Брытаніі павінны будуць самаізалявацца на 14 дзён.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон вітаў «першую перамогу над вірусам» і паабяцаў вывучыць урокі эканамічнага і санітарнага крызісаў. У 20-хвілінным тэлезвароце да нацыі зь Елісейскага палацу Макрон абвясьціў, што ўся тэрыторыя кантынэнтальнай Францыі з гэтага часу знаходзіцца ў «зялёнай зоне». Раней былі адкрытыя ўсе рэгіёны, акрамя сталічнага. Цяпер адкрываецца і Парыж.

17:35 14.6.2020

СМІ: У Опэрным тэатры ў Менску выявілі каранавірус

У Нацыянальным тэатры опэры і балету — успышка каранавірусу. Пра гэта паведамляе сайт TUT.BY, спасылаючыся на ананімную інфармацыю ад некалькіх супрацоўнікаў тэатру.

Паводле гэтай інфармацыі, у пачатку тыдня каранавірус быў дыягнаставаны як мінімум у трох салістаў балету.

Таксама COVID-19 дыягнаставаны ў дзіцяці адной з салістак хору. У аднаго з тых салістаў, якія захварэлі, інфікаваная ўся сям’я.

Усе трое салістаў у ізаляцыі.

Опэрны тэатр знаходзіўся на карантыне амаль паўтара месяца і вярнуўся да звыклага рытму працы 1 чэрвеня. Спектаклі ў тэатры адмененыя, але адбываюцца рэпэтыцыі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG