Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рызе адрэагавалі на забарону ўезду ў Беларусь латвійскаму навукоўцу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў Латвіі сустрэліся з намесьнікам дырэктара Вайсковага музэю краіны Юрысам Цыганаўсам, якога беларускія ўлады 8 красавіка не ўпусьцілі ў Беларусь.

«Спадар Цыганаўс распавёў пра сваю сытуацыю. Ён ляцеў самалётам у Менск. Беларускай візы ў яго не было, бо ён спадзяваўся скарыстацца так званым бязьвізавым уездам праз аэрапорт на тэрмін да 5 дзён у Беларусь.

Аднак яму не дазволілі гэтага, спаслаўшыся на тое, што наш грамадзянін значыцца ў так званым расейскім „чорным сьпісе“. Таму Юрыс Цыганаўс вымушаны быў вярнуцца на радзіму», — паведамілі беларускай Свабодзе ў МЗС Латвіі.

Там дадалі, што латвійскі МЗС «працягвае далей вывучаць сытуацыю, а высновы зь яе будуць зробленыя пазьней».

Увечары 8 красавіка ўлады Беларусі выслалі з краіны намесьніка дырэктара Вайсковага музэю Латвіі Юрыса Цыганаўса, бо ён значыцца ў расейскім «чорным сьпісе».

Сытуацыю з высылкай зь Беларусі Юрыса Цыганаўса Свабодзе таксама пракамэнтаваў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

«Мы працягваем высьвятляць сытуацыю. Пакуль дакладна вядома, што спадар Цыганаўс быў у расейскім „чорным сьпісе“. Ягоны намер наведаць Беларусь ня быў зьвязаны нейкім чынам з нашым ведамствам. Мы ведаем, што ні ў амбасаду Беларусі ў Латвіі, ні ў МЗС Беларусі спадар Цыганаўс не зьвяртаўся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG