Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ад лясных пажараў загінулі тры пэнсіянэры. Чаго цяпер нельга рабіць у лесе?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Больш за 600 пажараў у прыродных экасыстэмах Беларусі, найперш у лясах і тарфяніках, ужо адбылося з пачатку 2019 году. Гэта істотна болей, чым у папярэднія гады.

Супрацоўнік Міністэрства надзвычайных сытуацый Андрэй Юржыц, які паведаміў гэтыя факты, адзначыў: пажары пераважна ўзьнікаюць таму, што людзі неасьцярожна выпальваюць сухую расьліннасьць. Менавіта з гэтай прычыны загінулі тры пэнсіянэры — у Горадзенскай, Гомельскай і Менскай абласьцях.

Аляксандар Угрын, супрацоўнік Міністэрства лясной гаспадаркі, спаслаўся на нехарактэрныя ўмовы надвор’я ўвесну 2019 году:

«Сонечнае надвор’е адначасова з моцнымі вятрамі прывяло да таго, што ўжо ў другой дэкадзе сакавіка лесагаспадарчыя арганізацыі пачалі тушыць лясныя пажары. Так, першае ўзгараньне было зарэгістраванае 18 сакавіка».

Што цяпер забаронена рабіць у лесе

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

​Паводле правілаў пажарнай бясьпекі ў лясах Беларусі падчас супрацьпажарнага сэзону забараняецца разводзіць вогнішчы.

Разводзіць вогнішчы дазваляецца (у тым ліку з выкарыстаньнем мангалаў, барбэкю, грыляў, газавых плітаў) з абавязковым выкананьнем некалькіх умоваў:

  • стварэньне паласы, якая ачышчаецца да мінэральнага слою глебы, шырынёю ня менш як 25 сантымэтраў;
  • выключэньне пашкоджаньня агнём крон, ствалоў і каранёвых лап дрэваў;
  • абавязковы кантроль за працэсам гарэньня;
  • наяўнасьць сродкаў тушэньня (вогнетушыцелі, ёмістасьці зь пяском, рыдлёўкі і г.д.);
  • па заканчэньні вогнішча трэба патушыць, каб зусім перастала тлець.

За парушэньні патрабаваньняў пажарнай бясьпекі ў лясах накладаецца штраф у памеры да 25 базавых велічынь (з 1 студзеня 2019 году памер базавай велічыні — 25,5 рубля). За тыя ж дзеяньні, якія выклікалі зьнішчэньне альбо пашкоджаньне лесу, прадугледжаны штраф у памеры да 50 базавых велічынь.

На дзяржаўнай мяжы з пажарамі спакойна

Са станоўчага Аляксандар Угрын назваў спакойную пажарную трансьмежавую сытуацыю, асабліва на дзяржаўнай мяжы Беларусі з Украінай. Дзякуючы прафіляктычным захадам, у прыватнасьці ўсталяваньню аўтаматычных сыстэмаў назіраньня і пракладаньню супрацьпажарных канаваў, сёлета становішча тут нармальнае. Цяпер у раёнах паблізу мяжы дзейнічаюць дамовы паміж беларускім і ўкраінскім бакамі аб супольнай прафіляктыцы і барацьбе зь ляснымі пажарамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG