Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто з чыноўнікаў наведаў Стоўпцы і як дзяржаўныя СМІ асьвятлялі трагедыю


Каля школы №2 у Стоўпцах пасьля двайнога забойства. Людзі нясуць кветкі ў памяць пра загінулых
Каля школы №2 у Стоўпцах пасьля двайнога забойства. Людзі нясуць кветкі ў памяць пра загінулых

З высокапастаўленых чыноўнікаў у панядзелак Стоўпцы наведалі міністар аховы здароўя Валеры Малашка, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч. На БТ у вечаровых навінах інфармацыя пра трагедыю ў Стоўпцах была пятай па ліку і прагучала на 22-й хвіліне выпуску.

​Свабода заўважыла 11 лютага на месцы здарэньня ў Стоўпцах міністра аховы здароўя Валерыя Малашку і старшыню Сьледчага камітэту Івана Наскевіча.

Міністар аховы здароўя Беларусі Валеры Малашка ў Стоўпцах (на пярэднім пляне)
Міністар аховы здароўя Беларусі Валеры Малашка ў Стоўпцах (на пярэднім пляне)

​Таксама на месцы здарэньня 11 лютага быў старшыня Стаўпецкага райвыканкаму Дзяніс Калясень.

Ён наведаў сем’і загінулых і пацярпелых, а таксама прыняў рашэньне аказаць матэрыяльную дапамогу: дзьвюм семʼям, у якіх ёсьць загінулыя, выдаткаваць па 400 базавых велічынь (па 10 200 рублёў), семʼям пацярпелых вучняў — па 200 базавых велічынь (па 5 100 рублёў). Будуць адкрытыя дабрачынныя рахункі ў «Беларусбанку», куды прадпрыемствы і жыхары раёну змогуць пералічыць сваю дапамогу.

Грамадзкі збор сродкаў каардынуюць сябры філіі Таварыства беларускай мовы ў Стоўпцах Міхаіл Мацкевіч і Павал Савіцкі.

Пра дапамогу з боку дзяржавы пакуль інфармацыі няма.

На БТ інфармацыя пра трагедыю ў Стоўпцах прагучала на 22-й хвіліне «Панарамы»

Гэта быў пяты па ліку сюжэт. Першымі ішлі навіны спорту: «Сьнежны снайпэр», перамога беларускіх тэнісістак у Кубку Фэдэрацыі над немкамі, потым быў агляд рынку працы ў Беларусі.

У вечаровым выпуску «Нашых навінаў» на тэлеканале АНТ паведамленьне пра трагедыю ў Стоўпцах прайшло на 14-й хвіліне. Гэта таксама была пятая па ліку навіна: спачатку расказалі пра галалёд і сьнегапады, пасьля — пра віншаваньне Лукашэнкі з чарговай гадавінай Іранскай рэвалюцыі, супрацоўніцтва Міністэрстваў замежных справаў краін СНД і выставу харчовых тавараў у Маскве.

На галоўных старонках сайтаў БелТА і «СБ» таксама няма інфармацыі пра здарэньне, хоць у ранішніх навінавых стужках паведамленьні пра трагедыю былі. У першым абзацы артыкулу БелТА дагэтуль стаіць галоўная навіна пра суботнюю перамогу каманды Лукашэнкі ў «Менскай лыжні».

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG