Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзярждэпартамэнце ЗША віталі вызваленьне Саўчанкі


Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Марк Тонар
Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Марк Тонар

Амэрыканскае зьнешнепалітычнае ведамства вітала вызваленьне з расейскага зьняволеньня ўкраінкі Надзеі Саўчанкі, але ўказала таксама на неабходнасьць выкананьня Расеяй іншых абавязацельстваў у межах менскіх пагадненьняў. Пра гэта 25 траўня заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Марк Тонар.

«Мы вітаем сёньняшнія навіны пра Надзею Саўчанку і той факт, што яна вярнулася ва Ўкраіну, і, як вы ведаеце, што ўрад Украіны прыняў гуманітарнае рашэньне аб вызваленьні двух расейскіх вайскоўцаў, якія былі захопленыя на ўкраінскай зямлі. Мы рады, што яна дома», — адзначыў сьпікер і дадаў, што гэты абмен зьяўляецца «важнай магчымасьцю для ўсіх бакоў, асабліва Расеі, выканаць свае абавязацельствы ў рамках менскіх пагадненьняў».

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША адзначыў такія абавязацельствы, як сталае спыненьне агню, доступ да працы назіральнікаў АБСЭ ва ўсёй зоне канфлікту, правядзеньне мясцовых выбараў у адпаведнасьці з заканадаўствам Украіны і стандартамі АБСЭ, вывядзеньне замежных войскаў і вяртаньне Украіне поўнага кантролю над сваімі міжнародна прызнанымі межамі.

Надзея Саўчанка, якую ў Расеі пасадзілі на 22 гады, вярнулася ў Кіеў 25 траўня пасьля таго, як яе ў гэты дзень памілаваў расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін па просьбе сваякоў загінулых журналістаў, у дачыненьні да гібелі якіх абвінавачвалі Саўчанку. У той жа час у Расею з Украіны прыбылі двое расейскіх грамадзян Аляксандар Аляксандраў і Яўген Ерафееў, затрыманыя ў мінулым годзе ў зоне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны і асуджаныя па абвінавачваньні ў вядзеньні агрэсіўных ваенных дзеяньняў, учыненьні тэрарыстычнага акту, які прывёў да сьмерці чалавека. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ аб іх памілаваньні 24 траўня.

У 2014 годзе Расея анэксавала ўкраінскі Крым. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў падтрымцы прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе. Масква гэтыя абвінавачваньні абвяргае, заяўляючы, што на Данбасе няма рускіх вайскоўцаў, але ёсьць «добраахвотнікі».

Таксама Масква заяўляе, што ня мае ніякіх абавязацельстваў па менскіх пагадненьнях, паколькі падпісвала іх не як удзельнік, а як «гарант», і ня мае намеру выконваць дасягнутыя дамоўленасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG