Адданыя і часам нават шчырыя сябры Крамля за мяжой гатовыя яго падтрымліваць, абараняць і адстойваць слушнасьць расейскай палітыкі на розных узроўнях. Яны прадстаўленыя і ў Эўрапарлямэнце. Але ці здольныя яны пераканаць у гэтым сваіх суграмадзянаў?
Палітоляг, прафэсар унівэрсытэту гораду Рэн, спэцыяліст па Расеі і СССР Сэсіль Вэсье ў сваёй кнізе «Сеткі Крамля ў Францыі» прыходзіць да высновы, што можна казаць пра мэтанакіраванае і часта аплачанае з Расеі лябіраваньне інтарэсаў Крамля як пра агульнаэўрапейскую зьяву.
— Тое, што я апісваю ў Францыі, адбываецца і ў іншых эўрапейскіх краінах. Днямі ў Нямеччыне выйшла кніга Барыса Райтшустэра. Тое ж самае адбываецца і ў Чэхіі. Онджэй Кундра напісаў пра гэта кнігу, а вашы калегі зьнялі фільм «Чэскія сябры Крамля». То бок, гэта ўжо нейкая эўрапейская палітыка, якая вядзецца з Крамля.
— Хто гэтыя людзі ў Францыі? Гэта ідэйныя прыхільнікі Крамля або тыя, хто гатовы падтрымліваць яго палітыку, атрымліваючы нешта наўзамен?
— Ёсьць і тыя, і іншыя. Ёсьць сапраўдныя прафэсіяналы, якія атрымліваюць грошы за тое, што яны робяць. На маю думку, іх ня так шмат, як здаецца. Проста яны ствараюць сапраўдныя рэклямныя кампаніі і выкарыстоўваюць сродкі для таго, каб арганізаваць нейкія канфэрэнцыі, сустрэчы, каб прыцягваць да сябе людзей, якія гатовыя абсалютна давяраць таму, што кажа Крэмль.
— Гэта палітыкі, людзі, якія бяруць удзел у нейкіх буйных грамадзкіх арганізацыях?
— Ёсьць некалькі групаў. Адна група — гэта эміграцыя з расейскамоўных краінаў або нашчадкі былых эмігрантаў. Напрыклад, можа быць, вы памятаеце (пра гэта казалі ў тым ліку на Радыё Свабода), быў ліст Дзьмітрыя Шахоўскага і ягонай жонкі Тамары аб тым, што нашчадкі «белай эміграцыі» падтрымліваюць тое, што робіць Крэмль. Яны напісалі, што абураныя тым, што ў Францыі нібыта вельмі моцна крытыкуюць Пуціна. Многіх з гэтых людзей прыцягваюць тым, што ёсьць нейкая настальгія па Расеі, па краіне, якая была страчаная. Гэта адна група.
Ёсьць яшчэ палітычныя партыі. Марын Ле Пэн і яе бацька адносна нядаўна атрымалі дзевяць мільёнаў эўра на правядзеньне выбарчай кампаніі, і цяпер яны хацелі б атрымаць яшчэ 27 або 29 мільёнаў эўра. Яны гатовыя на многае дзеля атрыманьня грошай. Нібыта яны павінны вярнуць іх, але з гэтым не да канца ўсё ясна. Яны нават спрабавалі схаваць той факт, што грошы ім далі расейскія банкі. Ёсьць і іншыя партыі. Ультралевыя ў Францыі, якія раней падтрымлівалі камунізм і камуністаў, да гэтага часу вельмі сур’ёзна падтрымліваюць Пуціна. Напрыклад, Жан-Люк Мэляншон, ён якраз з ультралевых, ён сапраўды падтрымлівае Пуціна ва ўсім. Плюс трэба разумець, што ў гэтых людзей ёсьць агульнае непрыманьне ЗША. Яны шчыра выступаюць супраць нібыта амэрыканскага ўплыву ў Эўропе, яны супраць адзінай Эўропы, супраць эўра. І яны аб’ядноўваюцца адзін з адным менавіта на глебе гэтых сваіх поглядаў. А менавіта гэтыя пункты аказваюцца ў цэнтры палітыкі Крамля. Таму яны падтрымліваюць Крэмль нібыта ў імя сапраўднай Эўропы, сапраўднай Францыі.
Я павінна сказаць, што ў гэтых колах ёсьць вельмі шмат каталікоў, вернікаў, якія шчыра былі абураныя тым, што цяпер у некаторых краінах Эўропы шлюб паміж людзьмі аднаго полу дазваляецца законам. Іх рэлігійныя пачуцьці можна зразумець. Але справа ў тым, што Крэмль зладзіў магутную кампанію прапаганды з нагоды таго, што нібыта ў Расеі абараняюцца сямейныя, хрысьціянскія каштоўнасьці, а Эўропа — гэта «гейропа», гэта група краін, якія страцілі ўсялякія каштоўнасьці. Вядома, дастаткова проста паглядзець статыстыку, каб зразумець, што гэта ня так. Але, на жаль, гэта працуе і ўплывае на тых каталікоў, якія ў Расеі ніколі не былі.
Плюс яшчэ трэба дадаць дзьве групы. З аднаго боку, ёсьць бізнэсоўцы, якія хацелі б весьці бізнэс з Расеяй. У сваю чаргу, сярод іх ёсьць людзі, якія проста хочуць займацца бізнэсам, і ёсьць людзі, якія, хутчэй за ўсё, знаходзяцца пад уплывам арганізацыі «Франка-расейскі дыялёг», на чале якой стаіць Уладзімір Якунін, адзін з блізкіх сяброў Пуціна. Ёсьць яшчэ прарасейскія інтэлектуалы, але іх на самай справе вельмі мала.
-У вашай кнізе згадваюцца імёны палітыка Цьеры Марыяні і былога прэзыдэнта Францыі Нікаля Сарказі. Якія іх сувязі з Крамлём?
— Гэта ўсё ж розныя выпадкі. Што цікава, гэта цалкам ня ультраправыя. Гэта значыць, яны правыя, і нават вельмі правыя, але ня ультраправыя, не Марын Ле Пэн. Менавіта таму мы, французы, былі вельмі зьдзіўленыя, калі пачулі, што Марыяні паехаў у Крым з дэлегацыяй іншых дэпутатаў, сэнатараў, якія таксама члены нерадыкальных партый. Усім было зразумела, што яны абсалютна незаконна едуць у Крым праз Маскву. І францускі МЗС сказаў: «Мы ня можам, вядома, вам забараніць, але нам бы не хацелася, каб вы туды езьдзілі». І кіраўнікі Нацыянальнай асамблеі і Сэнату сказалі тое ж самае. Але яны ўсё ж такі паехалі. Марыяні падтрымлівае Крэмль ва ўсім. Ён паехаў у Крым, сказаў, што там усё выдатна, што людзям вельмі падабаецца, што ўсё было зроблена па закону. Марыяні пастаянна езьдзіць у Маскву, ён вельмі любіць Расею, у яго ёсьць выдатная расейская жонка. Плюс, мабыць, у яго ёсьць інтарэсы ў адным інвэстыцыйным фондзе, які напалову расейскі. Ён гэта адмаўляе, але гэта было апублікавана ў расійскіх газэтах, і ў «Ведамасьцях», і нават у «Спутніку», што крыху дзіўна, паколькі «Спутнік» — такі прапагандысцкі орган, які ўваходзіць у інфармацыйнае агенцтва «Расея сёньня». Але ёсьць яшчэ адна праблема. Марыяні рэпрэзэнтуе французаў, ён дэпутат, адзін з тых, што жыве за мяжой — у Расеі, ва Украіне... На самай справе ён цяпер ня мае права ўяжджаць на тэрыторыю Ўкраіны на працягу трох гадоў, паколькі парушыў закон Украіны — гэта факт. І тут узьнікае пытаньне: як ён можа працаваць, што гэта за дэпутат, які не выконвае закон краіны, зь якой ён павінен працаваць?
З нагоды Сарказі іншая і не зусім зразумелая гісторыя. Да таго, як Сарказі стаў прэзыдэнтам Францыі, ён вельмі скэптычна ставіўся да Пуціна, сур’ёзна крытыкаваў ягоную палітыку ў дачыненьні да Чачэніі і нават неяк досыць груба сказаў, што ён не разумее людзей, якія гатовыя вітаць Пуціна. І раптам аказваецца, што ён стаў самым лепшым сябрам Пуціна і падтрымлівае яго ва ўсім, кажа, што Крым заўсёды належаў Расеі .. Што адбылося, ніхто на самай справе ня ведае. Сын дысыдэнта Андрэя Сіняўскага — Ягор Гран напісаў выдатны артыкул, дзе ён кажа, што, хоць ён сам француз і францускі пісьменьнік, яму ніколі не было так сорамна за Францыю, як пасьля таго, як Сарказі выказваўся наконт Крыму, і было такое ўражаньне, што прамова ягоная напісаная ў Крамлі. Хоць, вядома, гэта ня так.
Што ж адбылося? Тут тонкае псыхалягічнае пытаньне, як мне здаецца. Назіральнікі кажуць, што нібыта Сарказі адчувае, што ён такі круты мужык, і што Пуцін таксама такі круты мужык, і толькі ён, Сарказі, можа зразумець Пуціна. Гэта ўжо з вобласьці псыхалёгіі, але тое, што Сарказі падтрымлівае яго ва ўсім, гэта факт.
Той факт, што Крэмль фінансуе партыю Марын Лё Пэн, азначае, што ён хоча мець уплыў на францускую палітыку.
— Наколькі моцны ўплыў гэтых людзей на францускае грамадзтва? Ці здольныя яны зьмяніць настроі французаў у дачыненьні да Крамля?
— Я займалася гэтай тэмай дастаткова доўга, і было ўражаньне, што ўсе падтрымліваюць Пуціна! Тролі ў інтэрнэце, пракрамлёўскія і крамлёўскія СМІ працуюць на імідж Крамля за мяжой... А потым паглядзела статыстыку і была зьдзіўленая. Аказваецца, што па статыстыцы 85 адсоткаў французаў ставяцца да Пуціна дрэнна ці вельмі дрэнна. Гэта значыць, у прынцыпе, уся гэтая прапаганда на самай справе не ўплывае на людзей, яны адчуваюць, што нешта ня так. Хутчэй за ўсё, большасьць людзей у Францыі ведаюць пра тое, што адбываецца ў Расеі, што там эканамічны крызыс, што правы чалавека не выконваюцца і гэтак далей. Але палітыкі, якія зьяўляюцца прыхільнікамі Пуціна, яны ўсё ж уплываюць на настроі ў Эўрапарлямэнце.
Марын Лё Пэн – гэта Маршэ сёньня
Той ужо вядомы факт, што Крэмль фінансуе ў літаральным сэнсе слова партыю Марын Ле Пэн, значыць, што ён хоча мець нейкі ўплыў на францускую палітыку. Нам гэта не падабаецца, нам абсалютна ня трэба, каб нейкія партыі ў Францыі фінансаваліся з Расеі. Хай яны выкарыстоўваюць гэтыя грошы ў сябе, там у іх больш маюць патрэбу людзі. Таму, адказваючы на ваша пытаньне, пакуль я ня думаю, што гэта ўплывае на грамадзтва, але ў палітыцы, на жаль, адыгрывае сваю ролю.
— Вы згадалі, што Крэмль фактычна фінансуе ультраправых. А што тычыцца ультралевых?
— Ультралевыя — не, мы не знайшлі ніякіх доказаў. Ультралевыя вельмі-вельмі любяць Пуціна і Расею. Але няма ніякіх доказаў, што ім даюць нейкія грошы. Францускія ультралевыя былі выхаваны на ўсіх гэтых савецкіх мітах пра тое, што Ленін самы лепшы, што чырвоны сьцяг — гэта выдатна, і гэтак далей. І кожны раз, калі яны глядзяць на нейкія карціны, дзе ёсьць вось гэтая савецкая сымболіка, ім прыемна. І многіх левых, ня ўсіх, напэўна, шакуе той факт, што руйнуюць помнікі Леніну ва Ўкраіне.
— У свой час кіраўнік францускай кампартыі Жорж Маршэ прыяжджаў на ўсе зьезды КПСС, і францускія камуністы досыць нядрэнна фінансаваліся з Савецкага Саюза. Хто сёньня зьяўляецца іх пасьлядоўнікам?
— Гэта вельмі цікавае пытаньне. Француская кампартыя атрымлівала велізарныя грошы ад СССР на працягу амаль усяго існаваньня Савецкага Саюзу. Яшчэ падчас Грамадзянскай вайны, калі не было ніякіх грошай, Ленін пачаў фінансаваць кампартыі ў розных краінах сьвету. Потым, у 1991-92 гадах, калі адкрыліся архівы, былі апублікаваныя доказы, што Савецкі Саюз плаціў мільёны гэтым партыям, а яны падтрымлівалі ва ўсім Крэмль. Тое, што было ў 1968 годзе ў Празе, большасьць кампартый падтрымлівала, і тое, што адбывалася ў 1956-м у Будапэшце, яны падтрымлівалі. Хутчэй за ўсё, цяпер выкарыстоўваюцца тыя ж самыя прыёмы, што і раней. Гэта значыць ты фінансуеш «сваю» партыю ў чужых, і гэтая партыя будзе цябе падтрымліваць. Але толькі цяпер Крэмль не фінансуе Кампартыю, а фінансуе ультраправых. Гэта адзіная, як мне здаецца, пакуль розьніца. Але прынцып той жа самы.
— То бок, можна сказаць, што ўльтраправыя ў Францыі ў пэўным сэнсе зьяўляюцца спадкаемцамі Камуністычнай партыі?
— Так. Марын Ле Пэн — гэта Маршэ сёньня.