Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макейн: Настаў час рашучых дзеяньняў ЗША адносна Расеі


Цяпер настаў час для рашучых дзеяньняў — ЗША павінны пашырыць санкцыі на найбуйнейшыя расейскія банкі, энэргетычныя кампаніі і такія сэктары эканомікі як ваенная прамысловасьць, якія служаць інструмэнтамі зьнешняй палітыкі Пуціна.

Такую заяву зрабіў сенатар ЗША Джон Маккейн, — перадае "Голас Амерыкі".

Ён пахваліў амэрыканскага дзяржсакратара Джона Кэры за тое, што той кажа праўду пра «паслужны сьпіс хлусьні, падману, агрэсіі і невыкананьня абавязаньняў, узятых нядаўна Расеяй у Жэнэве з мэтай дээскаляцыі крызысу ва Ўкраіне».

Але Макейн лічыць, што рыторыка і пагрозы сакратара Кэры не падмацаваны дзеяньнямі з боку адміністрацыі, якая здольная зьмяніць паводзіны прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна.

«Гэта няўдалая схема: Украіна ці Сірыя, Азія або іншае месца, адміністрацыя шмат кажа, але мала робіць», — адзначыў сэнатар.

«У выніку гэтага ва Ўкраіне зьявілася ўспрыманьне слабасьці, што прэзыдэнт Пуцін выразна трактуе як дазвол на зьдзяйсьненьне новых актаў агрэсіі. У выніку, сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны зараз бліжэй, чым калі-небудзь раней, да магчымасьці адкрытага канфлікту. Пустыя пагрозы горш, чым маўчаньне», — сказаў Маккейн.

Ён таксама падкрэсьліў неабходнасьць для НАТО рухацца да надзейнай і пастаяннай вайсковай прысутнасьці ў Цэнтральнай Эўропе і краінах Балтыі, у тым ліку пашыраных магчымасьцяй супрацьракетнай абароны.

«Мы павінны рэагаваць на просьбы ўкраінскага ўраду адносна прадстаўленьня яму канкрэтнай вайсковай дапамогі ў рамках доўгатэрміновых намаганьняў па рэфармаваньні і аднаўленьню яго ўзброеных сіл», — адзначыў сэнатар.

Макейн сказаў, што гэтыя і іншыя дзеяньні неабходна правесьці тэрмінова, каб Расея адчула цану за агрэсію і ваенную інтэрвэнцыю ва Ўкраіне, якая працягваецца і пашыраецца.

«Пры адсутнасьці такіх крокаў амбіцыі прэзыдэнта Пуціна будуць толькі расьці, і крызыс ва Ўкраіне, хутчэй за ўсё, пагоршыцца і патэнцыйна можа распаўсюдзіцца на іншыя краіны рэгіёну», — заявіў ён.

Сэнатар таксама падкрэсьліў, што Амэрыка павінна ўзначаліць гэтыя намаганьні для стрымліваньня Пуціна, і заклікаць эўрапейскіх саюзьнікаў далучыцца.

«Але калі нашы саюзьнікі ня хочуць ці ня могуць гэтага зрабіць, Амэрыка павінна дзейнічаць самастойна. Сытуацыя занадта сур’ёзная, каб працягваць палітыку жорсткай рыторыкі і мінімальных мер», — падкрэсьліў амэрыканскі палітык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG