Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данбас. «Зялёныя чалавечкі» і новая хваля сэпаратызму


Узброеныя людзі захопліваюць новыя адміністрацыйныя будынкі ў Данбасе. Міліцыя і СБУ ня здольныя спыніць новую хвалю сэпаратызму.

Славянск


У 140-тысячным горадзе Славянск Данецкай вобласьці ўзброенымі сэпаратыстамі з вайсковай выпраўкай захопленыя будынкі міліцыі і СБУ. Дарогі з горада перакрылі блёк-пасты з узброеных да зубоў «зялёных чалавечкаў. Мэр горада Нэля Штэпа падтрымала сэпаратыстаў і заявіла пра падрыхтоўку рэфэрэндуму.

«Мы будзем праводзіць рэфэрэндум. Тое, што адбываецца ў нас, кажа пра тое, што ўладам Украіны неабходна задумацца... У горадзе 92 % прадпрыемстваў працуе з Расеяй і для нас важныя партнэрскія адносіны з гэтай краінай. Славянск лічыць Расею сваім старэйшым братам, мы — Данбас і расейцы — родныя па крыві і мы ня будзем ваяваць з Расеяй», — адзначыла Штэпа ў інтэрвію расейскаму тэлеканалу LifeNews.

Захоп міліцыі ў Славянску


Ўзброеныя людзі, якія захапілі ў суботу раніцай будынак райадзьдзела міліцыі ў Славянску зрабілі гэта дзеля зброі. Як паведамляе прэсавая служба МУС Украіны, цяпер у будынку знаходзяцца каля 20 узброеных мужчын, якія назваліся ініцыятыўнай групай так званай Данецкай рэспублікі.

«Мэта захопу — зброя. У дзяжурнай частцы было 20 аўтаматаў, больш за 400 пісталетаў Макарава, а таксама боепрыпасы да іх. Ніякіх канкрэтных умоў зламысьнікі не вылучаюць. Зброю раздаюць ўдзельнікам мітынгу, які праходзіць у Славянску», — гаворыцца ў паведамленьні.

Пазьней прыйшло паведамленьне аб захопе ў Славянку і ўправы СБУ.




Данецк

Кіраўнік міліцыі Данеччыны сышоў у адстаўку, яго намесьнік хоча супрацоўніцтва з прарасейскімі актывістамі.

Кіраўнік ГУ МУС Украіны ў Данецкай вобласьці Канстанцін Пажыдаеў падаў у адстаўку. Пра гэта ён заявіў пасьля перамоваў з сэпаратыстамі, якія днём прыбылі ў будынак абласнога ўпраўленьня міліцыі. Разам з тым ягоны намесьнік падпалкоўнік Андрэй Аносаў паведаміў, каб прымае абавязкі кіраўніка абласной міліцыі.

Аносаў адзначыў, што не супраць, каб мітынгоўцы ўдзельнічалі ў ахове будынка ўпраўленьня МУС і навакольнага тэрыторыі, але папрасіў, каб тыя не перашкаджалі міліцыянтам ажыцьцяўляць свае прафэсійныя абавязкі.

«З дазволу людзей, якія вялі перамовы, я завяду ўнутр спэцпадраздзяленьне, якое не выконвае злачынных загадаў. Яны возьмуць пад ахову пакой зброі. Управа МУС будзе працаваць у поўным аб’ёме на падтрымку людзей», — сказаў Аносаў.

Пад управай супрацоўнікі міліцыі стаяць з георгіеўскімі стужкамі.

“Беркут” перайшоў на бок сэпаратыстаў


Прэсавая служба міліцыі абвяргае, што будынак захоплены сэпаратыстамі.

Як перадае карэспандэнт Радыё Свабода, пратэстоўцы зараз знаходзяцца як унутры будынка, так і вакол, але міліцыянтаў адтуль ніхто не выцясьняў.

В.а. прэзыдэнта Ўкраіны вызваліў ад пасады кіраўніка ўправы СБУ ў Данецкай вобласьці.






Краматорск



Як паведаміў тэлеканал 1+1, управа міліцыі захопленая ў іншым буйным горадзе Данецкай вобласьці Краматорску. У Чырвоным Лімане жыхарам горада ўдалося не дапусьціць да будынку міліцыі групу ўзброеных дывэрсантаў.

Рука Масквы, — экспэрт


Экстрэмісцкія акцыі ў паўднёва-ўсходніх рэгіёнах Украіны ініцыююцца і кіруюцца сеткай каардынатараў Галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня Генштаба Ўзброеных сіл Расеі. Пра гэта заявіў кіраўнік Цэнтра ваенна-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітрый Тымчук напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.
Дзьмітры Тымчук
Дзьмітры Тымчук
«Ідэнтыфікаваныя супрацоўнікі расійскага ГРУ, якія ажыцьцяўлялі сцэнар захопу органаў улады і блякаваньні ўкраінскіх ваенных частак у Крыме ў сакавіку 2014 года. Раней, як мы паведамлялі, групы гэтых супрацоўнікаў ГРУ былі вывезены з Крыма ў Растоў-на-Доне. Мэтай цяперашніх акцый зьяўляецца захоп як мага большай колькасьці будынкаў мясцовых органаў улады і сілавых структур да 17 красавіка, гэта значыць, да сустрэчы ў Жэнэве прадстаўнікоў Украіны, Эўрапейскага Саюза, ЗША і Расіі па ўрэгуляваньні крызысу ў нашай краіне », — напісаў Тымчук.

Паводле яго слоў, у пляне расейскага боку — заявіць аб адсутнасьці кантролю за сытуацыяй ва Ўкраіне з боку ўкраінскай улады, а таксама аб яе нелегітымнасьці ў вачах значнай часткі насельніцтва".

Зь мінулай нядзелі ахопленымі застаюцца будынкі абласной дзяржаўнай адміністрацыі Данецкай вобласьці і СБУ Луганскай вобласьці.

На 21 гадзіну прызначаная тэрміновае пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны для прыняцьця рашэньня аб сытуацыі на Данеччыне.

Рэакцыя Правага сэктару

Лідэр «Правага сэктару» Дзьмітры Яраш заявіў прa поўную мабілізацыю арганізацыі, каб спыніць сэпаратызм.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG