Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская моладзь: “страчанае” ці “раззлаванае” пакаленьне?


Удзельнічаюць: Алена Баркоўская, Надзея Яфімава.

(эфір 24.11.2000)

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст

“Пераменаў!” – пад гэтым лёзунгам на пачатку лістапада моладзь выйшла на вуліцы беларускіх гарадоў. У канцы 80-х гадоў песьня Віктара Цоя “Мы ждём перемен” стала ці не паролем савецкага грамадзства. Чаканыя перамены на пачатку 90-х гадоў сапраўды адбыліся, хаця варта заўважыць, што якраз моладзь адыгрывала ў іх даволі сьціплую ролю. У розных краінах гэтыя перамены прывялі да розных вынікаў, шмат дзе прынесьлі расчараваньне. Але знамянальна, што зараз толькі ў Беларусі моладзь ізноў уздымае лёзунг 10-гадовай даўніны.

Праблема “бацькоў і дзяцей” існавала заўсёды, але менавіта ў пераходныя, пераломныя моманты яна надзвычайна абвастраецца. Часам здаецца, што розныя пакаленьні – гэта розныя народы, што па нейкай недарэчнасьці жывуць побач. Гаворыць прэзыдэнт Цэнтру сацыяльных і экалягічных дасьледваньняў Алена Баркоўская.

(Баркоўская): “Лічыцца аксыёмаю, што моладзь больш успрымальная да новых ідэяў і магчымасьцяў. Якія ж пэрспэктывы нашага грамадзтва, калі паглядзець на жыцьцёвую накіраванасьць маладога пакаленьня? Якіх зьменаў можна чакаць са зьменаю пакаленьня?

Давайце паглядзім, ці значна адрозьніваюцца погляды моладзі і людзей больш сталага ўзросту на сучаснасьць і будучыню Беларусі.
Сярод моладзі значна больш прыхільнікаў рынкавай эканомікі і прыватнай уласнасьці, чым сярод самых старэйшых – 70% супраць 20%.

Процілеглыя погляды ў моладзі і старых таксама на будучыню Беларусі. Моладзь у большай ступені бачыць лепшую будучыню нашай краіны ў эўрапэйскай супольнасьці, а старыя – у саюзе з Расеяй. Што тычыцца задаволенасьці тым, як прэзыдэнт Лукашэнка кіруе дзяржаваю, то ізноў-ткі сярод моладзі ў 4 разы больш незадаволеных, чым сярод старых. Іншымі словамі, моладзь ў большасьці сваёй незадаволеная існуючым у Беларусі ладам”.

(Дракахруст: ) “Ня варта асуджаць людзей сталага ўзросту за тое, што яны ўпарта трымаюцца за мінулае. Тут палітыка адыгрывае нават другасную ролю, мінулае – гэта іхная маладосьць, іхнае жыцьце, крыніца сэнсу іх цяперашняга існаваньня. Усё б нічога, калі б гэтыя каштоўнасьці і ўяўленьні гвалтам не навязваліся ўсяму грамадзству. Гэта ня толькі пазбаўляе грамадзства пэрспэктывы, але і стварае невыносную псыхалягічную атмасфэру для моладзі. Куміры савецкай мінуўшчыны, што ўзьведзеныя ў Беларусі на дзяржаўныя пастамэнты, для моладзі – проста драўляныя балваны, якія ня маюць ня толькі сьвятасці, але і сэнсу. Што для маладога чалавека, які ўвайшоў у жыцьцё ў незалежнай Беларусі, Савецкі Саюз? Сівая мінуўшчына кшталту Рымскай імпэрыі.

Праўда, рэакцыя на гэты шок, гэтую невыноснасьць розная. У 70-я гады паміж камсамольскімі сакратарамі існавала спаборніцтва – хто ў справаздачным дакладзе часьцей узгадае імя Брэжнева. Хлопцы проста купаліся ў сваім цынізме. Тое ж самае мы назіраем і зараз у лукашэнкаўскім патрыятычным саюзе моладзі. Калі юны БПСМавец натхнёна вяшчае з экрану тэлебачаньня пра беларуска-расейскае братэрства і веліч прэзыдэнцкага генія, ён верыць у гэтае трызьненьне ня больш, чым удзельнікі акцыі “Пераменаў!”. Але калі адны адкрыта выказваюць свой пратэст і нязгоду, іншыя нібыта гавораць: “Мы з задавальненьнем будзем паўтараць ідыёцкія заклінаньні дарослых, каб хутчэй заняць іхныя мейсцы”.

Калі мы гаворым, што Беларусь спрабуюць вярнуць у савецкае мінулае, варта ўдакладніць, у якое менавіта. Дзякаваць Богу, ня ў сталінскае: і народ ужо ўсё ж ня той, дый улады, пры ўсіх іхных хібах, пазбаўленыя крымінальных талентаў маштабу сталінскага, каб нішчыць мільёны людзей. Вяртаюць ў брэжнеўскі “залаты” век, у часы кананьня і распаду.

Але не бывае так, што вярхушка разлагаецца, а грамадзства ў цэлым захоўвае чысьціню і маральнасьць. Прадуктамі свайго распаду сыстэма заражае ўсё грамадзтва, і новае нараджаецца з цьвілі разлажэньня.

Лідэр “Маладога Фронту” Павал Севярынец пэўны час таму вельмі трапна зьвяртаў увагу на працэс фрагмэнтацыі моладзі, распаду яе на дрыгвяністую сукупнасьць субкультураў. Пры гэтым, адзначаў маладзёвы лідэр, найбольш прагрэсіўныя і здаровыя зь іх – “прадпрымальніцкая”, “беларуская”, ”хрысьціянская”, схільныя да самазамыканьня, а найгоршыя – крымінальная, нарка-алькагольная, прымітыўна-папсовая – да агрэсіўнага пашырэньня і дамінаваньня.

Магчыма, адна з прычынаў гэтага палягае ў тым, што, добра ведаючы, чаго яна ня хоча – таго, што ёсьць – моладзь даволі цьмяна ўяўляе сабе, чаго ж яна хоча. Гаворыць дацэнт катэдры сацыяльнай камунікацыі Белдзяржунівэрсытэту Надзея Яфімава”.

(Яфімава): “Паводле дадзеных сацыялягічных апытаньняў насельніцтва рэйтынг даверу да дзяржаўных і грамадзскіх інстытутаў і арганізацыяў традыцыйна ўзначальваюць царква, войска і прэзыдэнт. Моладзь вызначаецца тым, што яна істотна менш давярае практычна ўсім дзяржаўным і грамадзскім інстытутам. У найбольшай ступені моладзь давярае ня войску і не прэзыдэнту, а незалежным дасьледчым цэнтрам, недзяржаўным мэдыям і царкве.

Паводле апытаньняў, толькі каля 15% маладых людзей ва ўзросьце ад 18-ці да 24-х гадоў прагаласавалі б за цяперашняга кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Узьнікае пытаньне: калі рэйтынгі асноўных дзяржаўных інстытутаў і кіраўніка дзяржавы сярод моладзі такія нізкія, то, магчыма, існуюць альтэрнатыўныя арганізацыі і лідэры, якім юнакі і дзяўчаты давяраюць больш? Адказ на гэтае пытаньне, хутчэй за ўсё, будзе адмоўным. Гэта вынікае з таго, што калі ў часе апытаньняў рэспандэнтам прапаноўвалі сьпіс з палутара дзесяткаў імёнаў беларускіх палітыкаў для ацэнкі іх як магчымых кандыдатаў у прэзыдэнты, мала хто зь іх набіраў больш за 3% галасоў маладых выбаршчыкаў”.

(Дракахруст: ) “Адмова ад афіцыйных інстытутаў і каштоўнасьцяў не спараджае аўтаматычна прыхільнасьць да альтэрнатывы, а вельмі часта вядзе да татальнай адмовы, да недаверу ўрэшце да грамадзтва як такога.

Гэтая тэндэнцыя вельмі неспрыяльная для пазытыўных пераменаў: людзі “адмовы” здольныя ці на бунт супраць усіх ці, што больш верагодна, на “сыход”, самаадхіленьне ад грамадзкіх справаў. Парадаксальным чынам тыя, хто адмаўляе ўсё, зьяўляюцца апірышчам існуючай улады, існуючага парадку рэчаў. Калі ўсё ў роўнай ступені нікчэмна, навошта напружвацца, навошта падтрымліваць альтэрнатыву існуючаму ладу?

Справа, магчыма, ня толькі ў адсутнасці прывабнай альтэрнатывы, але і ў нежаданьні яе шукаць, у зьменах жыцьцёвых каштоўнасьцяў моладзі. Ізноў гаворыць сацыёляг Алена Баркоўская”.

(Баркоўская): “У гады перабудовы істотна ўзрасла ацэнка палітычнай дзейнасьці, а таксама каштоўнасьць адукацыі, асабліва вывучэньня замежных моваў і кампутара. Падвысіўся ў рангу і матэрыяльна-пабытовы бок жыцьця, каштоўнасьць працы для самога працаўніка, ягонага самавыяўленьня, а таксама заробку.

Апошнім часам мы ізноў назіраем зьмену шкалы каштоўнасьцяў. Погляды моладзі робяцца больш прыземленымі, матэрыяльнымі і індывідуалістычнымі. Зьнізілася каштоўнасьць адукацыі, праца разглядаецца ў асноўным як крыніца атрыманьня сродкаў для існаваньня. Грамадзка-палітычнай актыўнасьці няма мейсца ў жыцьці большасьці юнакоў і дзяўчат.

Цікава адзначыць, што найбольш глыбокі разрыў у каштоўнасьцях жыцьця мы знаходзім не паміж маладымі 20-25 гадовымі і старымі. Найбольшымі прыхільнікамі дэмакратычнага ладу і рынкавай эканомікі зьяўляюцца людзі ва ўзросьце 30-40 гадоў. Іхнае юнацтва прыпала на гады перабудовы і пераўтварэньня былых савецкіх рэспублікаў у незалежныя дзяржавы – на 1985-1991 гады. Такім чынам, сацыяльныя ўзрушэньні тых гадоў не сышлі на нішто, яны засталіся ў сьвядомасьці і жыцьцёвай накіраванасьці тых, хто быў маладым ў той час”.

(Дракахруст: ) “Парадаксальная рэч: моладзь робіцца больш індывідуалістычнай, зарыентаванай на каштоўнасьці ўласнага жыцьця і свабоды, хаця б на ўзроўні свабоды зарабляць грошы, што ўваходзіць у супярэчнасьць з ідэалягічным падмуркам і палітыкаю цяперашняй беларускай улады. Але разам з тым менавіта накіраванасьць моладзі на асабістае жыцьцё, нецікавасьць да палітыкі ўмацоўвае гэтую самую ўладу.

Зразумела, пэўныя палітычныя прыярытэты моладзь усё ж мае, і самі па сабе яны не абяцаюць Лукашэнку нічога добрага. Ізноў гаворыць Надзея Яфімава”.

(Яфімава): “Альтэрнатывы ў асобе рэальна існуючага палітыка ў моладзі, здаецца, няма. Застаецца нейкая гіпатэтычная асоба – ідэальны прэзыдэнт краіны. Якім ён бачыцца маладым выбаршчыкам? Першае, чаго чакае ад ідэальнага прэзыдэнта моладзь ад 18-ці да 24-х гадоў: ён мусіць забясьпечыць эканамічную свабоду, даць магчымасьць кожнаму чалавеку забясьпечыць сябе і сваю сям’ю. Другое – прэзыдэнт мусіць правесьці рынкавыя эканамічныя рэформы. Трэцяе – забясьпечыць законнасьць і парадак. Чацвертае – абараніць нацыянальны сувэрэнітэт краіны.”.

(Дракахруст: ) “Так што калі моладзь пойдзе на прэзыдэнцкія выбары, то прагаласуе ў большасьці не на карысць цяперашняй улады. Але ж ці пойдзе? На працягу апошніх 10 гадоў беларуская моладзь вызначалася надзвычай нізкай яўкаю на любыя выбары. Размова ня толькі пра апошнія выбары ў так званую палату прадстаўнікоў, калі байкот быў сьвядомаю палітычнаю кампаніяй, а і пра ўсе ранейшыя.

Калі працягваць звыклы зараз пошук адрозьненьняў і падабенстваў паміж Беларусьсю і Югаславіяй, варта адзначыць зьяўленьне ў Сэрбіі ў мінулым годзе апазыцыйнага маладзёвага руху “Отпор”, які аб’яднаў дзесяткі тысячаў маладых людзей.

Зразумела, ня ўся сэрбская моладзь была ў шэрагах гэтага руху: хаця сымбаль “Отпору” – сьціснуты кулак, на працягу апошняга году хутчэй ягоныя актывісты былі ахвярамі ўдараў уладнага кулака. Тым ня менш, “Отпор” стаў стылёвым лідэрам для маладых сэрбаў, што прывяло да зьменаў масавых паводзінаў усёй моладзі. Перамогу Ваіславу Каштуніцу на апошніх выбарах у значнай ступені забясьпечылі галасы маладых выбаршчыкаў, яўка якіх да выбарчых скрыняў была значна вышэй, чым сярод усяго насельніцтва.

Ці адбудзецца такі пералом у паводзінах моладзі беларускай? Калі не, то цяперашняе пакаленьне беларусаў можа сапраўды стаць канчаткова “страчаным”.

Юры Дракахруст, Прага

XS
SM
MD
LG