Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры Брэйвіка распавялі сьледчым пра беларуску «Наташу»


Сытуацыя вакол нарвэскага тэрарыста ў цэнтры ўвагі нарвэскіх і заходнеэўрапейскіх СМІ. Сёньня суд Осла прызначыў новую праверку псыхічнага здароўя тэрарыста і масавага забойцы Андэрса Бэрынга Брэйвіка.


Такое рашэньне прынятае ў сувязі з вострай крытыкай папярэдняй высновы псыхіятраў. Яны прызналі Брэйвіка вар’ятам, які ў адпаведнасьці з дыягназам «паранаідальная шызафрэнія» мусіць утрымлівацца ў вар’ятні, а не ў турме.

Новая псыхіятрычная экспэртыза Брэйвіка будзе разгледжаная судом паралельна са старой на працэсе, які пачнецца ў красавіку. Тым часам адмыслоўцы ў галіне псыхіятрыі і сэксалёгіі спрабуюць высьветліць псыхічны стан тэрарыста праз яго сэксуальныя паводзіны, у тым ліку яго стасункі зь беларускай, пра якую ўжо раней паведамлялі нарвэскія СМІ.

Сьмерці лягчэй глядзець у вочы, калі ты біялягічна, духоўна і душэўна спустошаны
.

Сам Брэйвік усяляк адмаўляе папярэдне выстаўлены яму дыягназ «паранаідальная шызафрэнія», а таксама крымінальны характар сваіх учынкаў. Ён працягвае настойваць на тым, што зьяўляецца камандзірам руху супраціву, які накіраваны на зьвяржэньне ўрадаў эўрапейскіх краін і замены іх на «патрыятычныя» рэжымы, якія, у тым ліку, будуць дэпартаваць імігрантаў-мусульманаў.

Нарвэскія сьледчыя ўжо правялі шматлікія размовы зь сябрамі Брэйвіка адносна ягоных сэксуальных паводзінаў. Некаторыя сьведчаньні публікуе выданьне «Dagbladet».

Паводле сяброў, 32-гадовы Брэйвік ніколі не належаў да жаночых угоднікаў. Пра яго сябровак яны амаль нічога ня ведалі. Некаторыя ўвогуле лічылі яго гомасэксуалістам, аднак сябры-хлопцы ім таксама былі невядомыя.

Як ня дзіўна, найбольшая колькасьць знаёмых узгадвала менавіта беларуску «Наташу». Менавіта такім імем яе называюць ў сваіх артыкулах нарвэскія журналісты, прычым пішуць гэта імя ў двукосьсі.

Брэйвік быў абсалютна ўпэўнены ў тым, што нарвэскія жанчыны ня могуць быць добрымі хатнімі гаспадынямі

Напэўна, у Брэйвіка быў няўдалы досьвед з жанчынамі-нарвэжкамі. Ён заўсёды лічыў, што галоўная задача эўрапейскай жанчыны — нараджаць дзяцей. У асяродку сяброў ён гаварыў, што палітыка ягонай краіны ў жаночых пытаньнях прынцыпова хібная. Брэйвік быў перакананы і пісаў нават у сваім маніфэсьце, што Нарвэгія павінна перастаць заахвочваць жанчын да вышэйшай адукацыі і кар’ернага росту.


Таксама Брэйвік быў абсалютна ўпэўнены ў тым, што нарвэскія жанчыны ня могуць быць добрымі хатнімі гаспадынямі, тым часам як усходнія эўрапейкі ў гэтай справе маюць добрую рэпутацыю.


На той час — гэта быў канец 2004 — Брэйвік працаваў у офісе і меў магчымасьць пастаянна знаходзіцца ў Інтэрнэце. Так ён выйшаў на сайт платных знаёмстваў з усходнеэўрапейкамі. У сьнежні 2004 году ён даслаў прапановы дзесяці жанчынам. У лютым 2005-га — яшчэ дзесяці. За пасярэдніцкія кантакты і інфармацыю ён агулам заплаціў 100 эўра. Аднак, як высьветліла паліцыя, спрацаваў толькі адзін кантакт з «Наташай». Увесну 2005 году быў у Менску і сустракаўся толькі з гэтай дзяўчынай. Пазьней яна прыяжджала да яго ў Осла.

Брэйвік прыкладна за тыдзень да ліпеньскай трагедыі 2011 году напіша, што заплаціў 2000 эўра за шыкоўны эскорт дзьвюх жанчын у Празе

Сам Брэйвік потым назаве «Наташу» «золаташукальніцай». Паводле сяброў, гэта трапнае азначэньне. Менская дзяўчына бачыла ў Брэйвіку выключна спонсара для паходаў па модных крамах ды рэстарацыях. Яна ня ела абы-чаго, не піла соку, калі той быў з кардоннага пакунку. Таксама яна не зьбіралася працаваць, у лепшым выпадку — вучыцца.


У Осла «Наташа» наведвала сем’і сяброў Брэйвіка. Усе яго блізкія ды ён сам хутка прыйшлі да высновы: гэта зусім ня той жаночы ідэал, пра які марыць Брэйвік. Падставаў для працягу зносінаў няма. Дадому ў Беларусь Брэйвік адаслаў дзяўчыну на некалькі дзён раней, чым меркавалася. Ніякай трагедыяй для яго гэтае расставаньне ня стала. Як, дарэчы, і для «Наташы».

Адмыслоўцы псыхіятры ды сэксолягі надаюць увагу і тым пасажам у маніфэсьце будучага тэрарыста, якія тычацца платнага сэксу. Паводле сяброў, ім невядома, каб Брэйвік зьвяртаўся да падобных паслугаў у Нарвэгіі.

Сам жа Брэйвік прыкладна за тыдзень да ліпеньскай трагедыі 2011 году напіша, што заплаціў 2000 эўра за шыкоўны эскорт дзьвюх жанчын у Празе. Праўда, пакуль гэтыя словы не знайшлі пацьверджаньня з боку сьледчых.


Яшчэ адно цікавае сьцьвярджэньне Брэйвіка, зробленае незадоўга да ліпеньскай трагедыі:


«Сьмерці лягчэй глядзець у вочы, калі ты біялягічна, духоўна і душэўна спустошаны».


Што мае на ўвазе будучы тэрарыст — сваю ўласную спустошанасьць ці агульны стан заходнеэўрапейскага грамадзтва? Пытаньне, якое сярод іншых вывучаюць псыхааналітыкі да вынясеньня Брэйвіку канчатковага прысуду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG