Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дорага, а будзе яшчэ даражэй


З пачаткам лістапада беларусаў чакаюць маштабныя зьмены цэньнікаў на многія тавары і паслугі — ад праезду ў грамадзкім транспарце і падаражэньня паліва да скачка камунальных тарыфаў ды цэнаў на самыя запатрабаваныя лекі. Як канстатуюць экспэрты, альтэрнатывы гэтай зьяве ва ўмовах высокай інфляцыі і дэвальвацыі нацыянальнай валюты няма.

1 лістапада амаль на 40% — зь цяперашніх 950 рублёў да 1300 — даражэе адна паездка ў грамадзкім транспарце. Да канца году транспартнікі разьлічваюць давесьці кошт квіткоў да 1850 рублёў, а на пачатку наступнага — да 2200. Касуецца тарыфнае рэгуляваньне для маршрутных таксі: цяпер перавозчыкі самі будуць усталёўваць кошт сваіх паслуг. Адразу на 80% падвышаюцца расцэнкі на паездкі ў прыгарадных аўтобусах.

Жыхарка Ракава Надзея Антоненка штодня — калі аўтобусам, калі маршруткай — езьдзіць на працу ў Менск. Жанчына не хавае роспачы: цяпер значная частка яе сьціплага заробку, які ў эквіваленце не нашмат перавышае 100 даляраў, будзе ісьці на дарогу:

«Нават не ўяўляю, што цяпер будзе… А ўвогуле я вельмі абураная: калі мы нарэшце ўжо вылезем з гэтага балота? Як можна ўзводзіць гэтыя лядовыя палацы, калі людзі жывуць як на сьметніку? Колькі яшчэ трываць, што за кошт бальшыні беларусаў абагачаецца жменька людзей? Я спрабавала прабіцца да нашага прапагандыста Яўгена Новікава, хацела расказаць яму пра нашы праблемы. Бо ён толькі ведае, што робіцца ў Амэрыцы, як дрэнна жывецца ў Нямеччыне, у Англіі, але ні слова пра тое, да чаго дайшла Беларусь. Нуль рэакцыі. Дык дзе ж нам справядлівасьць знайсьці? Па якому праву, колькі яшчэ мы будзем жыць на сьметніках і сядзець у дзяржавы ў закладніках?»

Ад 1 лістапада на 15% вырасьце ў цане электраэнэргія і больш як на 3% — цеплавая энэргія для грамадзкіх арганізацый. У іх ліку — дачныя і гаражныя каапэратывы, садовыя таварыствы, культавыя збудаваньні, арганізацыі аховы здароўя — дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў, дзіцячыя дамы і гарадкі, дамы для вэтэранаў і г.д. Тарыфы на камунальныя паслугі для насельніцтва ўжо падвышаліся ў кастрычніку, і, як кажа колішні кіраўнік жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менгарвыканкаму Іван Анташкевіч, няма сумневу, што яны будуць расьці і надалей — дзяржаве нічога не застаецца, як ускласьці на плечы насельніцтва максымум выдаткаў:
Цяпер, пры абваленых заробках, пачынаць такія экспэрымэнты досыць небясьпечна.

«Якімі б недарэчнымі ў сёньняшніх умовах і непапулярнымі ні выглядалі такія захады, але, з майго гледзішча, усе гэтыя крокі на адыход ад перакрыжавальнага субсыдыяваньня робяцца ў слушным кірунку. З гледзішча рынкавай эканомікі, нават з удакладненьнем, як у нашым выпадку, — сацыяльнай ці сацыяльна-рынкавай эканомікі, гэта таксама слушна. Тычыцца гэта жыльлёва-камунальных паслугаў у цэлым, уключна з вадой, з электраэнэргіяй, якія спажывае насельніцтва па куды меншых тарыфах, чым дзяржаўныя прадпрыемствы ці камэрцыйныя арганізацыі. Але іншая справа, што гэта трэба было рабіць нашмат раней, паэтапна, як гэта рабілі ў суседніх краінах. Але цяпер, пры абваленых заробках, пачынаць такія экспэрымэнты досыць небясьпечна».

Непрыемныя сюрпрызы чакаюць курцоў ды аматараў выпіць. Ад заўтра павялічваюцца стаўкі акцызаў на алькагольную прадукцыю, піва і тытунёвыя вырабы. Акцыз на моцны алькаголь і піва ў сярэднім падскочыць на траціну, а на так званае «чарніла» — адразу ўдвая. На цыгарэты стаўка акцызу ў залежнасьці ад гатунку павялічана на 8–12%.

Апэратар мабільнай сувязі «Velcom» пацьвердзіў, што ў лістападзе падвысіць тарыфы на сувязь — мінімум на 15%. Апроч таго, з выхадам на адзіны рублёвы курс чакаецца значны рост цэнаў на лекі замежнай вытворчасьці: калі дагэтуль валюту на закуп мэдыкамэнтаў імпартэры набывалі па курсе Нацбанку, то цяпер біржа працуе ва ўмовах камэрцыйнага попыту і прапановы. І хоць дзяржаўны экспэрт у галіне мэдычных паслугаў Георгій Каралькоў ня схільны лічыць сытуацыю крытычнай, недаступнасьць многіх прэпаратаў падаецца відавочнай:

«Ну, давайце ўжо так моцна панікаваць ня будзем. Цалкам натуральна, што даступнасьць мэдыкамэнтаў — гэта пытаньне важнае і адчувальнае для кожнага з нас. Таксама зразумела, што, сапраўды, выхад на адзіны курс нясе нам некаторыя цэнавыя карэктывы, бо раней мэдыкамэнты закупляліся па афіцыйным курсе. Але трэба разумець, што падаражэюць перадусім імпартаваныя мэдыкамэнты. Лекі беларускай вытворчасьці — напрыклад, усімі любімая ацэтылсаліцылавая кіслата ці аскарбінка — яны падаражэюць ня так значна. Хоць, ня буду спрачацца, вельмі многія прэпараты, вырабленыя ў Беларусі, маюць вялікі імпартны складнік».

У чаканьні кардынальнага росту коштаў — беларускія аўтааматары. Стаўка акцызу на дызэльнае паліва, павялічаная адразу ўтрая, прадказвае, што цэньнікі на аўтазалівачных станцыях неўзабаве зьменяцца. Амаль на 50% падвышаныя адпускныя цэны на бэнзін-сыравіну для далейшай перапрацоўкі (піроліз, бэнзол, талуол і г.д.). Сьледам за аптовымі цэнамі на вуглевадароды заўжды падвышаюцца і цэны на бэнзін ды салярку на АЗС. Іншая справа, ці адважацца ўлады ўзьняць плянку настолькі — асабліва з улікам таго, што пасьля нашумелай акцыі «Стоп-бэнзін» 7 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка забараніў падначаленым маніпуляваць дзясяткамі працэнтаў. Тады, нагадаем, кошты вырасьлі на 30%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG