Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ўручаць прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру


Сёньня, у Сусветны дзень пісьменніка, у Менску ў сядзібе Беларускага ПЭН-цэнтру адбудзецца ўзнагароджаньне ляўрэатаў прэміі імя Алеся Адамовіча і прэміі імя Францішка Багушэвіча. Высокія ўзнагароды атрымаюць Вольга Бабкова і Сяргей Шапран.

Прэмія імя Францішка Багушэвіча прысуджана пісьменьніцы і гісторыку Вользе Бабковай за кнігу эсэ-рэканструкцый “...І цуды, і страхі”, што выйшла летась у выдавецтве “Логвінаў”. Ляўрэатку прадстаўляе старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч:

“Вольга Бабкова – навуковец-архівіст і цікавая пісьменьніца, празаік, чалавек, за чыімі публікацыямі я даўно і радасна сачу. Мне здаецца, што кніжка “...І цуды, і страхі”, кніжка гістарычнай эсэістыкі, кніжка, якая абапіраецца на архіўную працу, ёсьць спробай па нейкіх дэталях стварыць атмасфэру гістарычнага Менску”.

Сёлетнім ляўрэатам прэміі імя Алеся Адамовіча стаў Сяргей Шапран, які склаў двухтомны жыцьцяпіс “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцьця ў дакумэнтах, публікацыях, успамінах, лістах”. Кніга выдадзена ў Менску – Гародні Бібліятэкай Бацькаўшчыны і Гарадзенскай бібліятэкай. Аргумэнты журы на карысьць свайго выбару выкладае Андрэй Хадановіч:

“Спадаром Шапранам была зробленая калясальная праца па падрыхтоўцы капітальнага двухтомнага дасьледаваньня гісторыі жыцьця Васіля Быкава. спадар Шапран як журналіст, як літаратурны журналіст інтэлігентна абапіраецца на дакумэнты, займаецца сваёй працай зь вялікай любоўю да аб’ектаў свайго дасьледаваньня, папулярызуе тое, што патрабуе папулярызацыі. Я думаю, што кніга Шапрана прынясе многім чытачам безьліч адкрыцьцяў і сюрпрызаў”.

Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам у 1996 годзе, праз два гады пасьля сьмерці пісьменьніка і грамадзкага дзеяча на знак пашаны ягонага імя. Прэмія ўручаецца за найлепшую публіцыстычную кнігу года. За 15 год існавання прэміі ёй былі ўганараваныя каля 30 пісьменьнікаў, публіцыстаў, дасьледчыкаў літаратуры. Апошнімі ляўрэатамі прэміі былі Сяргей Навумчык, Леанід Маракоў, Генадзь Бураўкін, Павал Севярынец.

Прэмія імя Францішка Багушэвіча — штогадовая літаратурная прэмія Беларускага ПЭН-цэнтру. Заснавана ў 1994 годзе. Традыцыйна ўручаецца ў сакавіку (да Дня Волі) за выдатную гістарычную прозу аўтарам кнігаў, якія спрыяюць абуджэньню пачуцьцяў гістарычнай самасьвядомасці і
нацыянальнай незалежнасьці чытачоў. З 1996 яе ляўрэатамі сталі Кастусь Акула, Уладзімір Арлоў, Генадзь Сагановіч, Лявон Баршчэўскі, Міхась Чарняўскі, Аляксандар Лукашук, Васіль Сёмуха, Іван Саверчанка, Тацяна Процька, Ала Сакалоўская, Вячка Целеш, Алесь Белы, Захар Шыбека,
Аляксандар Надсан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG