Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адчынілася выстава, прысьвечаная Караткевічу


Уладзімер Караткевіч - скульптар Аляксандар Каструкоў
Уладзімер Караткевіч - скульптар Аляксандар Каструкоў
Увечары 10 лютага ў Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры адчынілася выстава, прысьвечаная Ўладзімеру Караткевічу. Яе наладзіў Саюз мастакоў Беларусі.

У экспазыцыі – ілюстрацыі да знакамітых твораў Уладзімера Караткевіча, зробленыя Яўгенам Куліком, Алесем Марачкіным, Арленам Кашкурэвічам, Алескм Мікітам, Уладзімерам Басалыгам. А таксама партрэты пісьменьніка, напісаныя ў розныя часы Міхалам Будавеем, Алесем Сушам. І шмат тэматычных твораў, прысьвечаных жыцьцю і творчасьці Ўладзімера Караткевіча. Гэта творы, зьвязаныя ў асноўным зь яго малой радзімай, а таксама зь месцамі, якія ўзгадваюцца ў знакамітых творах Уладзімера Караткевіча і, найперш, рамане "Каласы пад сярпом тваім".

Цэлы шэраг мастакоў прысьвяціў свае творы малюнкам з гэтых мясьцінаў. Алесь Марачкін, напрыклад, намаляваў мясьціны, дзе ствараліся атрады Кастуся Каліноўскага, а Мікола Купава намаляваў мясьціны, зьвязаныя з Рагачоўшчынай, Аршаншчынай і зь іншымі, пра якія пісаў Уладзімер Караткевіч. Дарэчы, Мікола Купава зьяўляецца куратарам гэтай выставы. І яна прысьвечаная 80-годзьдзю Ўладзімера Караткевіча.

Пытаньне да Міколы Купавы: "80-годзьдзе мінулася 26 лістапада 2010 году. Чаму так позна адчынілася выстава, прысьвечаная Караткевічу, у Менску?"

Купава: "У Воршы было 3 выставы. І гэтая, дастаткова аб'ёмная выстава, заняла пэўны час. Мы плянавалі яе перавезьці адразу пасьля Воршы, але ў людзей не атрымлівалася, былі занятыя залі. Ня варта на гэта асабліва зьвяртаць увагу, паколькі Караткевіча мы павінны чуць і бачыць, і чытаць, і назіраць штодня, штохвіліны".

Выстава будзе працаваць да 1 сакавіка.



Арлен Кашкурэвіч, ілюстрацыя да аповесьці "Дзікае паляваньне караля Стаха"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG