Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пойдзе апазыцыя на выбары дзьвюма калёнамі?


М. Статкевіч заявіў, што Эўрапейская кааліцыя дэмакратычных сілаў сфармавала сьпіс кандыдатаў на парлямэнцкія выбары.


Паводле Статкевіча, у сьпісе цяпер 61 чалавек, куды ўваходзяць прадстаўнікі Народнай Грамады, Партыі свабоды і прагрэсу, Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, “Маладога Фронту” ды іншых. Ці азначае гэта, што апазыцыя пойдзе на парлямэнцкія выбары двума калёнамі? Ці сапраўды ў апазыцыі ёсьць падзел на прыхільнікаў і не прыхільнікаў эўрапейскай інтэграцыі? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае аглядальнік газэты “Белорусы і рынок” Паўлюк Быкоўскі

Цыганкоў: “Наколькі драматычна выглядае верагоднасьць таго, што дэмакраты пойдуць на парлямэнцкія выбары двума калёнамі? Ці ў дадзеным выпадку ня так важна дэманстраваць еднасьць (як, напрыклад, на прэзыдэнцкіх выбарах), і дэмакраты могуць дазволіць сабе раскошу ісьці рознымі калёнамі?”

Быкоўскі: “Адказ на гэтае пытаньне залежыць ад той задачы, якую дэмакраты ставяць перад сабой. Сёньня, калі меркаваць па агучаных афіцыйных заявах, то бачна, што гэтыя парлямэнцкія выбары ўспрымаюцца толькі як электаральная кампанія. Заяўляецца, што яна будзе выкарыстаная толькі як падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў. Таму гэта толькі нейкая проба сілаў і магчымасьць прыйсьці да насельніцтва. У такім разе, задача ісьці адной ці двума калёнамі ня мае прынцыповага значэньне. Іншая справа, тое, ці могуць аб’яднаныя дэмакратычныя сілы каардынаваць сваю дзейнасьць і дэманстраваць сваё яднаньне – гэта ўжо палітычнае пытаньне. І на сёньня мы можам канстатаваць, што еднасьці апазыцыя дэманстраваць ня можа”.

Цыганкоў: “Ці можна пагадзіцца з той аргумэнтацыяй, якую вылучае Статкевіч, што “большасьць у аб’яднаных дэмакратычных сілах ігнаруе ідэю эўрапейскай інтэграцыі Беларусі і адмаўляецца рабіць яе асновай выбарчай кампаніі”. Таму, маўляў, існуе дзьве калёны – Эўрапейская кааліцыя і астатнія апазыцыянэры...”

Быкоўскі: “Я цалкам ня згодны з такой аргумэнтацыяй. Такі ідэалягічны падзел ня ёсьць сапраўдным. Напрыклад, партыя БНФ выступае за яднаньне з Эўропай. Аналягічная пазыцыя ў АГП, нават Партыя камуністаў беларуская сёньня ёсьць хутчэй прыхільніцай інтэграцыі ў Эўропу, чым, як было паводле ранейшых стэрэатыпаў, прыхільніца інтэграцыі з Расеяй. Калі ўжо казаць пра асноўныя палітычныя сілы ў сёньняшнім дэмакратычным лягеры, то падзел не ідзе па эўрапейскім пытаньні. Падзел ідзе па тым, якія праекты маюць якія рэсурсы і якім чынам яны могуць рэалізавацца..”

Цыганкоў: “У сьпісе кандыдатаў ад эўрапейскай кааліцыі, пра які сказаў Станкевіч, сярод іншага і прадстаўнікі “Маладога Фронту”. Але МФ гучна заявіў пра неабходнасьць байкоту гэтых выбараў. Як гэта разумець?”

Быкоўскі: “МФ хоча стаць самастойнай палітычнай сілай. Лідэры МФ вырашылі не гуляць у гульні з насельніцтвам, пераконваючы ў тым, што можна патрапіць у парлямэнт. Яны разумеюць, што гэта немагчыма. Мікола Статкевіч спасылаецца на некалькі патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ад МФ, а сам “Малады Фронт” заяўляе пра байкот, але дазваляе сваім сябрам удзельнічаць у выбарах... Здаецца, у гэтай гульні маладафронтаўцы хочуць, але яшчэ ня могуць стаць самастойнай сілай – пакуль у іх гэта не атрымліваецца”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG